ДУМАТЬ БЕЛАРУСЬ

Інтэлектуальная сітуацыя як сітуацыя мыслення

| 15.06.2014

Новы нумар часопіса «Палітычная сфера» ўтрымлівае артыкул каардытарара Лятучага ўніверсітэта, старшага аналітыка Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Таццяны Вадалажскай, са зместам якога прапануем вам азнаёміцца таксама ў нас на сайце.

Чарговы нумар часопіса «Палітычная сфера» (№ 21(2), 2013) стаўся вынікам пазалеташняй канферэныі Лятучага ўніверсітэта «Інтэлектуальная сітуацыя Беларусі: абставіны і самавызначэнне мыслення» (Мінск, 14-15 снежня 2012 года). Больш падрабязна пра канферэнцыю глядзіце на сайце Лятучага ўніверсітэта.

* * *

Для вызначэння інтэлектуальнай сітуацыі Беларусі я бачу некалькі аспектаў, якія патрабуюць аналізу і абмеркавання.

1. Межы інтэлектуальнай сітуацыі і спосаб яе выдзялення. Інтэлектуальная сітуацыя — чыя сітуацыя? Менавіта не «якая», а «чыя», бо выдзяляць яе, гэтаксама як эканамічную, палітычную і г.д., было б неапраўданай анталагізацыяй і натуралізацыяй. Інтэлектуальная сітуацыя — гэта сітуацыя інтэлектуала ці мысляра. Інтэлектуал, у сваю чаргу, выдзяляецца не як нейкая сацыяльная група, а як той, хто аказваецца ў мысленні, шукае ці арганізуе яго. Таму, вызначаючы інтэлектуальную сітуацыю, я б абмяжоўвала (альбо пашырала) рамкамі сітуацый мыслення ў Беларусі: умоў, магчымасцей і вынікаў мыслення.

2. Умовы мыслення. Вызначаючы інтэлектуальную сітуацыю як сітуацыю здзяйснення мыслення, трэба звярнуць увагу на шэраг абавязковых і неабходных умоў і наяўнасць іх у сучаснай Беларусі.

А) Аганальнаць і зместавая напружанасць. Без крытыкі, сумневу, прапановы супрацьлеглых тэзаў мысленне немагчыма. Паралельнае разгортванне розных падыходаў, прызнанне поліпадыходнасці сучасных ведаў і мыслення не дазваляе прымаць «канкурэнцыю» за адзіную ісціну. Суіснаванне самых розных інтэрпрэтацый і зместаў робіць сённяшнюю сітуацыю броўнаўскім рухам ніякім чынам не звязаных і не суаднесеных адно з адным інтэлектуалаў, суполак і г.д. Нават агульныя пляцоўкі сёння нагадваюць больш экспазіцыі (кожны прадстаўляе свае здабыткі), а не месца мыслення і «высвятлення адносін» паміж рознымі тэзамі і падыходамі. Адсутнасць інтэлектуальнага напружання, звязанага з аганальнасцю, стварае неабходнасць пошуку агульных рамак, у якіх могуць усталёўвацца суадносіны розных школ, парадыгм і падыходаў. Такімі рамкамі можа быць адзіны «аб’ект» мыслення — Беларусь. Але што робіць Беларусь агульным аб’ектам мыслення?

Б) Звязанасць з практыкай (у самым шырокім сэнсе: гуманітарнай, палітычнай, сацыяльнай, культурнай), якая дае падставы для пастаноўкі праблем, што патрабуюць рашэння. Сёння праца большасці беларускіх інтэлектуалаў, даследчыкаў, аналітыкаў аддзелена ад практыкі і выбудоўваецца па ўнутраным рэгламенце фармулявання праблем, а вынікі не праходзяць праз межы кола інтэлектуалаў. Гэта сітуацыя вымагае адказу на пытанне пра месца мыслення (у розных яго формах: філасофіі, метадалогіі, даследавання, экспертызы) у сістэме агульнай практыкі. Пакуль жа Беларусь застаецца ў «спыненым часе», бо не мае адэкватных разумення яе стану, фармулёўкі праблем і новых ідэй для зрухаў, не мае мыслення ў агульнай практыцы.

В) Забеспячэнне працягласці існавання праблем (інфраструктура мыслення). Нявырашаная праблема — стан жыцця мыслення. Але яна павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне — для разгортвання тэзаў, пошуку аргументаў і г.д. Гэта задача патрабуе існавання школ. У Беларусі дастаткова асобных інтэлектуалаў і мысляроў, арганізацый і суполак, але амаль адсутнічаюць працяглыя школы. Яны адсутнічаюць не толькі як сацыяльная з’ява, але і як норма ладу жыцця і форма калектыўнай самаідэнтыфікацыі. У выніку, існаванне ідэй, праблем і іх супрацьстаянне прывязанае да памеру чалавечага жыцця ці жыцця кола сяброў і калег.

Крыніца