06.01.2007
Беларуская апазыцыя рыхтуецца да Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Рашэньне аб правядзеньні наступнага кангрэсу было прынятае ў Кіеве на канфэрэнцыі рэгіянальных кааліцыяў аб’яднаных дэмакратычных сілаў.
На сёньняшні момант няма адзінага погляду на стратэгію.
Намесьнік старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксей Кароль.
Кароль: Ёсьць дзьве мадэлі. Дэцэнтралізаваная мадэль дэмакратычных сілаў для выпрацоўкі сцэнара дзеяньняў. І пэрсаніфікаваная, замкнёная на адным лідэры — гэта прапанова сп. Мілінкевіча. Я лічу, што гэта схема згубная. Па гэтым пытаньні вядзецца дыскусія. Трэба выпрацоўваць сцэнар дзеяньняў. Прапануецца схема старшынства на ўзор Эўразьвязу. Найбольш буйныя палітычныя сілы й фракцыі павінны мець пачарговае старшынства. Мілінкевіч застаецца са сваім патэнцыялам. Мілінкевіч можа старшыняваць ад фракцыі, неабавязкова партыйнай, якая будзе ўтвораная. Гэта ІІІ сэктар. Яны ж мелі на тым кангрэсе пэўны пакет галасоў. І аказалася, што большы пакет. Знайсьці пагадненьне можна, калі не імкнуцца ствараць яшчэ адну вэртыкаль — дэмакратычную вэртыкаль.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч без аптымізму глядзіць на кангрэс як на мерапрыемства, што ператварылася ўжо ў традыцыйнае.
Мацкевіч: Калос на гліняных нагах. На сёньняшні дзень уражаньне ад апазыцыі складаецца зь вярхушкі. На кангрэс зьбяруцца ўсе лідэры. А як будуць зьбірацца і каго прадстаўляць астатнія, гэтае пытаньне нявырашанае. Бо ні на адным кангрэсе не вырашаліся прынцыповыя пытаньні. Вось кангрэсы й ператварылія ў традыцыйныя. Кангрэсы, якія сталі адбывацца штогод, дэкляруюцца як лёсавызначальныя. Аналёгіі ўзьнікаюць зь дзеяньнямі ўлады. Але цяпер ні ва ўладзе, ні ў апазыцыі няма пэрспэктыўных стратэгічных ідэяў. Вымучаныя абмеркаваньні, сустрэчы, на якіх людзі пераконваюць адзін аднаго, што ўсё добра. Але ўсе бачаць, што ўсё кепска. Беларусь застаецца аб’ектам палітыкі, а не суб’ектам. Гэты погляд на Беларусь пануе і ў Расеі, і ў Нямеччыне. І толькі краіны Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы, што змагаліся за незалежнасьць, разумеюць нас. Але вымушаныя існаваць паміж магутнымі палюсамі як Нямеччына й Расея.
Ганна Гарачка
10.01.2007
Расея прызналася, словамі кіраўніка расейскага Мінпрамэнэрга, што рашэньне пра захоўваньне ільготных тарыфаў на энэрганосьбіты для Беларусі было чыста палітычным. «Гэта сьвядомае палітычнае рашэньне падтрымліваць эканоміку Беларусі й інтэграцыйныя працэсы, а таксама перадвыбарныя баталіі» — заявіў Віктар Хрысьценка.
Цяпер жа, пад націскам прыватных уладальнікаў энэргетычных кампаніяў, а таксама мяркуючы, што Беларусь здольная плаціць за энарганосьбіты па рынкавых цэнах, расейскія ўлады вырашылі адмовіцца ад ільготных ставак на сыравіну — кажа палітоляг УладзімерМацкевіч.
У.Мацкевіч: Расея ўпэўнілася, што субсыдыі ўжо непатрэбныя. Рэжым А.Лукашэнкі будзе існаваць і без такіх субсыдыяў, паколькі ён ужо крэдытаздольны й можа расплачвацца па поўнай цане за газ і нафту, на якіх ён нажываецца. Няма сумненьняў, што беларускі рэжым патрэбны Расеі, але зь іншага боку, па-першае, на расейскія ўлады націскаюць прыватныя ўладальнікі кампаніяў, напрыклад, Газпраму, сярод якіх ня толькі расейцы, але таксамі прадстаўнікі Заходняй Эўропы. Яны хацелі б пераходу на рынкавыя ўмовы разліку.
А па-другое, на Расею націскаюць краіны Эўразьвязу. Яны хацелі б атрымаць ад яе нейкую гарантыю, што яна ня будзе выкарыстоўваць шантажу энэрганосьбітамі адносна меншых дзяржаў Эўразьвязу, якія яшчэ недаўна былі яе сатэлітамі – так было зь Летувою ў 1991 годзе, а нядаўна з Грузіяй ды Ўкраінай. Зьвяз баіцца, што Расея пачне карыстацца падобнымі мэтадамі супраць, напрыклад, Польшчы.
Сапраўды, краіны Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку й Польшча, сур’ёзна занепакоеныя стрыманьнем паставак нафты на Захад празь Беларусь, што адбылося некалькі дзён таму.
Надоечы Эўрапейская камісія заклікала неадкладна ўзнавіць пастаўкі нафты па нафтаправодзе „Дружба” з Расеі ў Заходнюю Эўропу. Брусэль пацьвердзіў, што сыравіна перастала паступаць у Нямеччыну ды Польшчу. Перабоі ў пастаўках назіраюцца таксама ў іншых краінах Эўразьвязу — Славаччыне, Чэхіі ды Вугоршчыне.
Прычынай спыненьня пампоўкі стаў канфлікт паміж Беларусяй ды Расеяй. Беларусь увяла аплату за транзыт нафты па сваёй тэрыторыі. Расея адказала адэкватнымі крокамі. На думку Гжэгажа Грамадзкага з польскай Фундацыі С.Баторыя, цяжка сёньня адназначна сказаць, ці ўмяшальніцтва Эўрапейскай камісіі нейкім чынам паўплывае на вырашэньне канфлікту паміж Расеяй ды Беларусяй. Але Расея павінна лічыцца з Эўразьвязам – заўважае Г.Грамадзкі.
Г.Грамадзкі: Гэта важны сыгнал, што Расея павінна лічыцца з Эўразьвязам — сваім найважнейшым эканамічным партнэрам. Менск таксама павінен зразумець, што нельга дзейнічаць супраць інтарэсаў Зьвязу. Хаця на гэты раз пастаўкі спыніў ня Менск, а расейская кампанія Транснефть. Такі інцыдэнт — спыненьне паставак сыравіны ў Польшчу й далей у Эўропу — ужо ня першы. Але трэба заўважыць, што ў выпадку Польшчы назіраецца вялікая розьніца паміж пастаўкамі нафты ды газу. У краіне практычна няма іншых крыніцаў паставак газу, чым з Расеі. Польскі ўрад павінен вельмі сур’ёзна задумацца пра пошук іншых магчымасьцяў імпарту газу. А нафту мы можам купляць у іншых краінах, паколькі ёсьць партовы тэрмінал у Гданьску, які можа прымаць нафту з танкераў. Але цана на такую нафту будзе вышэйшая, чым на расейскую. А два нашы нафтаперапрацоўчыя заводы лепш прыстасаваныя да перапрацоўкі расейскай нафты, чым сыравіны зь іншых рэгіёнаў сьвету.
Як можа закончыцца канфлікт, зьвязаны з пастаўкамі сыравіны з Расеі? На думку эканаміста Станіслава Гусака, беларускі й расейскі бакі неўзабаве знойдуць кампраміс.
С.Гусак: Ёсьць адна магчымасьць – паліва павінна ісьці ў Эўропу, там ніхто не дазволіць проста спыніць пастаўкі. Але зь іншага боку – упёртая Расея й ўпёртая Беларусь. На маю думку, будзе знойдзены кампраміс, які задавальняе абодва бакі. Магчыма, Беларусь адменіць альбо панізіць плату за транзыт нафты, а Расея павысіць квоты пастаўкі нафты ў Беларусь – згодна з раней падпісанай дамовай.
Як стала вядома ўжо пасьля размовы з нашымі экспэртамі, расейскі й беларускі бакі дамовіліся аб „нулявым варыянце” – Расея ўзнаўляе пастаўкі нафты ў Эўропу, а Беларусь адмянае плату за транзыт сыравіны.
Натальля Грышкевіч
Сяргей Скрабец хоча стварыць новы моладзевы рух
23.02.2007
У Беларусі паўстане новы моладзевы рух. Ён будзе насіць імя паўстанца Кастуся Каліноўскага. Пра намер аб стварэньні новага аб’яднаньня заявіў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі, а пазьней палітычны вязень Сяргей Скрабец.
Пасьля выхаду з турмы Сяргей Скрабец заявіў, што ён ня мае намеру сыходзіць з палітыкі й будзе далей займацца ранейшай дзейнасьцю. Моладзевы рух імя Кастуся Каліноўскага ставіць на мэце даволі амбітную задачу – аб’яднаць усе дэмакратычна накіраваныя моладзевыя суполкі ў краіне. Як і навошта гэта будзе адбывацца — аўтар ідэі падзяліўся са слухачамі Польскага радыё.
С. Скрабец: На дадзены момант мы заявілі пра намер аб стварэньні такой арганізацыі, таму зараз няма як разважаць, наколькі яна будзе дзеючай. Гэта пакажа час. Нашую моладзь зараз ніхто ня слухае. Дзейнічае ў нас «Малады Фронт», які мае нацыяналістычны накірунак. На мой погляд, зараз моладзь занепакоеная тым, што ў краіне шмат палітвязьняў, што з усімі суседзямі ў нас дрэнныя адносіны. Мы прапануем агульнасусьветныя каштоўнасьці: законнасьць, правы чалавека й дэмакратыя.
Старшыня Моладзі БНФ Алесь Каліта лічыць, што ў Беларусі неаднаразова агучваліся намеры аб’яднаць моладзевыя арганізацыі, аднак гэтыя заявы так і не рэалізаваліся.
А. Каліта: Фармат арганізацыі, пра якую абвесьціў Сяргей Скрабец, зьяўляўся й раней. Былі такія арганізацыі, якія казалі, што мы ўсіх аб’яднаем і возьмем усіх пад сваё крыло, але на маёй памяці не было, каб штосьці такое адбылося. Калі ласка, стварайце. Галоўнае, каб кіраўнікі гэтых арганізацыяў бралі на сябе адказнасьць за лёс тых актывістаў, якіх яны бяруць да сябе ў партнэры. Калі Сяргей Скрабец можа аб’яднаць вакол сябе моладзь, то калі ласка.
Зьміцер Хведарук з «Маладога Фронту» досыць скептычна ставіцца да ідэі Скрабца й ня бачыць магчымасьці аб’яднаньня «МФ» зь яго арганізацыяй.
З. Хведарук: Стварэньне спадаром Скрабцом, як ён кажа, новай арганізацыі — гэта жаданьне падзяліць моладзевы сэктар, разьбіць яго ўшчэнт. Шэраг нашых сябраў ніякім чынам ня могуць падтрымаць спадара Скрабца. Нашае стаўленьне да яго паважлівае, але ўсім нам вядомыя ягоныя прарасейскія настроі, заявы пра тое, што «Расея наш брат і таварышч». Гэтыя заявы вельмі блізкія да поглядаў Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам ягоныя заявы пра тое, што МФ далучыцца да яго арганізацыі, зьяўляюцца хлусьнёй і нейкай пэўнай правакацыяй.
Беларускія арганізацыі перажываюць зараз глыбокі крызыс і стварэньне новых арганізацыяў ня мае сэнсу – лічыць палітоляг УладзімерМацкевіч.
У. Мацкевіч: Ніякай неабходнасьці на сёньняшні дзень у стварэньні новай моладзевай арганізацыі ў Беларусі няма. Ёсьць крызыс арганізацыяў увогуле. Калі б у Сяргея Скрабца была ідэя, як зь яго выйсьці, то я б мог толькі вітаць стварэньне такой арганізацыі. Але мне падаецца, што ніякай такой ідэі не агучана. Гэта марная зацея.
А ці меў ён права надаваць арганізацыі імя Кастуся Каліноўскага?
У. Мацкевіч: Капірайту на гэтае імя няма. Фармальна кожны можа выкарыстаць такую назву, але трэба быць трохі сьціплым. Калі размова йдзе пра імёны нацыянальных герояў, права называцца такім імем трэба заслужыць. Пакуль што сказаць пра гэта нельга.
На 16 сакавіка Сяргей Скрабец плянуе правядзеньне ў Менску дэманстрацыі, прамеркаванай да Дня салідарнасьці. Галоўным патрабаваньнем мае быць вызваленьне з турмы Аляксандра Казуліна. Пасьля гэтага плянуецца правесьці ўстаноўчы сход арганізацыі. Сяргей Скрабец пакуль адмаўляецца казаць, хто ўвойдзе ў ягонае аб’яднаньне, але кажа, што ўсе моладзевыя суполкі Беларусі атрымалі ад яго запрашэньне далучыцца.
Дзьмітры Гурневіч
Скрабец і Фралоў хочуць адзначыць Дзень яднаньня Беларусі й Расеі
12.03.2007
Менгарвыканкам адмовіў былому дэпутату Нацыянальнага сходу Сяргею Скрабцу ў правядзеньні 16 сакавіка на плошчы Бангалёр у Менску мітынгу салідарнасьці зь незаконна асуджанымі ў краіне. Аднак ужо сёньня Сяргей Скрабец разам са сваім былым паплечнікам па дэпутацкай групе “Рэспубліка” падалі заяву на правядзеньне чарговай дэманстрацыі.
Абодва былыя дэпутаты ніжняй палаты беларускага парлямэнту падалі сёньня ў Менгарвыканкам заяву на правядзеньне 2 красавіка ў Менску дэманстрацыі й канцэрту з нагоды Дня яднаньня народаў Беларусі й Расеі. Экс-дэпутаты зьвярнуліся з просьбаю дазволіць ім арганізаваць шэсьце ад Палацу Рэспублікі да парку імя М. Горкага. Такім чынам экс-дэпутаты хочуць засьведчыць свой пратэст супраць “халоднай вайны”, якую Аляксандар Лукашэнка, на іх думку, абвесьціў Расеі.
Сяргей Скрабец патлумачыў мэтазгоднасьць правядзеньня такой акцыі наступным чынам.
С. Скрабец: Мы лічым, што вайна нікому непатрэбная, якая б яна не была. Незалежна ад таго, як будуць складвацца адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным, народы ўсё роўна будуць сябраваць, пра гэта сьведчыць нашая гісторыя.
Вы думаеце, што беларусы яшчэ падтрымліваюць гэтую ідэю пасьля працяглага энэргетычнага канфлікту?
С. Скрабец: На мой погляд, праблемы аб’яднаньня ўвогуле не існуе. Нас ніхто нікуды ня кліча, ані ў Расею, ані ў Эўропу. Дзень яднаньня як быў, так і застаўся. Думаю, што Менгарвыканкам дазволіць нам правесьці гэты мітынг, бо гэта ня нашая ідэя, так разважае наш народ. Гэта саюз не на паперы, а саюз у думках і душах.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч кажа, што В. Фралоў і С. Скрабец ніколі ня мелі канкрэтнай ідэалягічнай плятформы, на якой бы апіралася іх палітычная дзейнасьць.
У. Мацкевіч: Гэтыя хлопцы наіўныя ў палітыцы, і проста загуляліся, думаючы, што такім чынам яны дзесьці выйдуць. Фралоў і Скрабец ніколі не былі сур’ёзнымі палітыкамі. Пад такую справу яны ніколі не зьбяруць 30 тыс. чалавек. Тыя людзі, якія яшчэ падтрымліваюць яднаньне, яны хутчэй пойдуць за Сяргеем Касьцяном, чым за апазыцыяй. У большай сваёй масе беларусы ня хочуць яднаньня й цягам апошніх месяцаў гэта стала зразумела ўсім, нават расейскім аналітыкам, якія дзесягодьдзямі жывуць мітамі, а не аналізуюць сапраўдную інфармацыю. Ніхто з сур’ёзных людзей зараз ня думае, што беларусы хочуць яднаньня Расеяй.
З гумарам аднёсься да ініцыятывы былых дэпутатаў паэт Андрэй Хадановіч. У адказ на пытаньне, ці пайшоў бы ён на такое мерапрыемства, ён адказаў:
А. Хадановіч: Я б лепей на Дзень дурня пайшоў. У мяне калісьці была альтэрнатыўная ідэя Мірону, які вывешвае нацыянальны сьцяг на высокавольтных дратах. Я лічу, што больш эфэктыўна было б вывесіць дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг на будынку дзяржаўнага цырку. Гэта будзе яскрава й іранічна. Я б хутчэй далучыўся да флэш-мобу, ведаючы наперад сцэнар, чым абсурдней ён быў бы, тым з большаю ахвотай я б далучыўся.
А гэта не абсурдны, на тваю думку, сцэнар, калі пэўная частка апзыцыі заклікае сьвяткаваць Дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі?
А. Хадановіч: А я тое, што пачуў ад вас, успрыняў у іранічным двухкосьсі. Гэта сур’ёзна? Тады б, нарадзіўшыся БРСМаўцамі ў чорных касьцюмах, чорных акулярах і з мабільнымі тэлефонамі, зладзілі б нейкую акцыю супраціву гэтай акцыі ад імя кіраўніцтва дзяржавы.
Дзень яднаньня народаў Беларусі й Расеі быў устаноўлены ў 1996 годзе, пасьля падпісаньня ў Маскве Аляксандрам Лукашэнкам і Барысам Ельцыным Дамовы аб супрацоўніцтве Беларусі й Расеі. Гэты дакумэнт стаў падставаю для далейшых аб’яднальнях працэсаў паміж краінамі.
Дзьмітры Гурневіч
03.04.2007
Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка сваім дэкрэтам ад 2 красавіка распусьціў Вярхоўную Раду й прызначыў паўторныя парлямэнцкія выбары на 27 траўня. Парлямэнцкая большасьць, у склад якой уваходзяць сацыялісты, камуністы й Партыя рэгіёнаў, адмовілася падпарадкавацца прэзыдэнту й зьвярнулася ў Канстытуцыйны суд па ацэнку дзеяньняў прэзыдэнта. Палітыкі й адмыслоўцы з розных краінаў кажуць, што Ўкраіна знаходзіцца на мяжы дзяржаўнага перавароту.
Парлямэнцкі крызыс ва Ўкраіне працягваецца ці ня з моманту, калі ў Вярхоўнай Радзе паўстала парлямэнцкая большасьць. Варта зазначыць, што кааліцыя сталася магчымай пасьля здрады Партыі сацыялістаў, якая заключыла пагадненьне з Партыяй рэгіёнаў, нягледзячы на тое, што падчас “аранжавай рэвалюцыі” падтрымала В. Юшчанку. Лідэр партыі Аляксандар Мароз стаўся дзякуючы гэтай дамове сьпікерам Рады.
Тлумачачы сваё рашэньне, Віктар Юшчанка зазначыў, што кіруючая кааліцыя парушае закон, заключаныя ёю раней пагадненьні, а таксама абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзыдэнта.
В. Юшчанка: Парлямэнцкая большасьць ужо нават не хавае сваёй галоўнай мэты – узурпацыі ўлады й захаваньня сваіх уплываў. Галоўныя прычына такога рашэньня — гэта сыстэматычнае невыкананьне парлямэнтам сваіх абавязкаў, палітыка падману, інтрыгаў, а таксама прыкрыцьцё за лёзунгамі пра нацыянальнае адзінства. Грамадзтва ўжо больш ня можа глядзець на вечнае змаганьне за паўнамоцтвы й ігнараваньне патрабаваньняў людзей. Па-сутнасьці, ва Ўкраіне фармуецца канстытуцыйны дысбалянс. Страчваецца супрацьвага розных галінаў улады.
У сваю чаргу парлямэнцкая большасьць падчас надзвычайнага паседжаньня прыняла рашэньне пра беспадстаўнасьць дзеяньняў прэзыдэнта. За прыняцьце такога звароту галасавалі выключна дэпутаты кіруючай кааліцыі.
Сьпікер парлямэнту Аляксандар Мароз зазначыў, што Рада будзе працягваць сваю дзейнасьць.
А. Мароз: Дэпутатам хопіць мужнасьці й вытрымкі, каб не паддацца на шантаж, пагрозы й беспадстаўны ультыматум. Вярхоўная Рада не выканае аніводнага рашэньня пра далейшы лёс парлямэнту, калі яно будзе неадпаведнае з Канстытуцыяй.
Падчас выступу ў Вярхоўнай Радзе прэм’ер Віктар Януковіч заявіў, што калі Юшчанка не адмовіцца ад рашэньня пра роспуск парлямэнту, то ня выключана, што адначасова з парлямэнцкімі выбарамі ў краіне змогуць адбыцца й прэзыдэнцкія. Ён заклікаў прэзыдэнта скасаваць сваё рашэньне.
В. Януковіч: Яшчэ ёсьць шанец пазьбегнуць найгоршага. Трэба сесьці за стол перамоваў і дамовіцца дзеля будучыні Ўкраіны.
Дарэчы, Віктар Юшчанка зьвярнуўся да генэральнага пракурора за ацэнкай дзеяньняў дэпутатаў пасьля афіцыйнага роспуску парлямэнту.
У гэтыя гадзіны ў Кіеў накіроўваюцца прыхільнікі Віктара Януковіча, яны жадаюць схіліць Юшчанку, каб той адмовіўся ад роспуску Рады.
Чым можа скончыцца парлямэнцкі канфлікт для Ўкраіны? З такім пытаньнем Польскае радыё зьвярнулася да палітоляга ЎладзімераМацкевіча.
У. Мацкевіч: На жаль, украінская “аранжавая рэвалюцыя” ў глыбіні сваёй ня вырашыла тых праблемаў, якія накапіліся ў краіне. Яна закранула павярхоўны ўзровень, а не эканамічнае становішча й палітычны лад. Пакідаючы ўладу, прэзыдэнцкая адміністрацыя Кучмы заклала бомбу павольнага дзеяньня наступніку – гэта скасаваньне пэўных паўнамоцтваў прэзыдэнта й павелічэньне паўнамоцтваў Рады. На жаль, Вярхоўная Рада Ўкраіны й вышэйшыя ворганы ўлады фармуюцца па алігархічным прынцыпе, таму ўлада прэзыдэнта там вельмі слабая. У такой сытуацыі цалкам магчымыя і алігархічныя перавароты, і розныя гвалтоўныя дзеяньні паміж галінамі ўлады. А народ ці партыйныя структуры будуць выкарыстоўвацца як сродкі й інтрумэнты. Таму ўсе варыянты зараз верагодныя.
А тым часам украінскія букмахеры прымаюць стаўкі адносна роспуску Вярхоўнай Рады. На даддзены момант большасьць ігракоў перакананыя, што на гэтым тыдні роспуск не адбудзецца.
У рэзыдэнцыі прэзыдэнта зараз адбываюцца кансультацыі, вынікі якіх павінны вырашыць далейшы лёс Рады. У сустрэчы бяруць удзел прадстаўнікі парлямэнцкіх клюбаў.
Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў некалькі гадзін таму, што калі Ўкраіна зьвернецца па дапамогу, то Расея абавязкова ёй дапаможа. Што за дапамога можа быць аказаная Ўкраіне? — міністар не ўдакладніў. Вядома аднак, што частка дэпутатаў Дзярждумы Расеі ўжо падтрымала дэпутатаў кіруючай кааліцыі й прэм’ер-міністра Віктара Януковіча.
Дзьмітры Гурневіч
17.04.2007
У Страсбурзе, дзе адбываецца сэсія Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, на паседжаньні спэцыяльнага падкамітэту па Беларусі ізноў разглядаецца беларускае пытаньне. У дыскусіі з удзелам апазыцыйных беларускіх палітыкаў мяркуе выказаць сваю думку кіраўнік ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн, а таксама будзе прысутнічаць новы дакладчык Палітычнага камітэту ПАРЭ ў справах Беларусі Андрэа Рыгоні.
У Страсбурзе знаходзяцца Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Ляўковіч, Валеры Ўхналёў, Станіслаў Шушкевіч ды Анатоль Лябедзька, зь якім мы зьвязаліся па тэлефоне.
Лябедзька: Адна з галоўных сустрэч, якая адбылася ў Страсбурзе, гэта сустрэча з Андрэа Рыгоні — новым дакладчыкам Палітычнага камітэту ПАРЭ, які зьяўляецца асноўнай фігурай у выпрацоўцы стратэгіі й тактыкі дзеяньняў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы па беларускім пытаньні.
Канешне, патрэбны некаторы час, каб італьянскі парлямэнтар увайшоў у курс беларускіх падзеяў. Мы сёньня толькі пачалі дыялёг, пачалі размову. Падчас свайго выступу я зрабіў акцэнт на тым, што ня трэба пісаць з чыстага ліста ўзаемаадносіны зь Беларусьсю. Гісторыя гэтых узаемаадносінаў цягнецца яшчэ зь мінулага стагодзьдзя й ёсьць шэраг рэзалюцыяў, якія былі прынятыя Парлямэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы. Іх абавязкова трэба ўлічваць у далейшай дзейнасьці. Неабходна дамагацца выкананьня гэтых рэзалюцый, у якіх ужо былі зробленены правільныя палітычныя й правававыя акцэнты.
Таксама мною была агучаная прапанова правядзеньня спэцыяльнай канфэрэнцыі па Беларусі з удзелам міжнародных арганізацый, у тым ліку й ПАРЭ. Спадар Рыгоні зь цікавасьцю паставіўся да ініцыятывы правядзеньня канфэрэнцыі. Ён сказаў, што інінцыятыва вельмі слушная. Думаю, мы атрымаем падтрымку ў гэтым пытаньні.
Ці будзе прадстаўленая “Малая Канстытуцыя”?
Лябедзька: Безумоўна. У нас будзе сустрэча з Рэнэ ван дэр Ліндэнам. Ёсьць ліст за подпісам лідэраў кааліцыі. Мы будзем зьвяртацца, каб Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы й Рада Эўропы ўзялі на сябе функцыю прававой экспэртызы тых дакумэнтаў, што выпрацоўваюцца Нацыянальным камітэтам аб’яднаных дэмакратычных сілаў, а магчыма й іншымі структурамі. Тэкст “Малой Канстытуцыі” на ангельскай мове ў мяне з сабою. Перададзім яго прэзыдэнту Асамблеі й будзем прасіць, каб Вэнэцыянская камісія зрабіла прававую экспэртызу.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што цяперашняя стратэгія дзеяньняў палітычнай апазыцыі неакрэсьленая. Сытуацыя ў Беларусі ні ў чым не зьмянілася, дык дзіўна выглядае спроба выпрацоўкі чарговых рашэньняў. Такіх рашэньняў было прынята ўжо нямала.
Мацкевіч: Сытуацыя ў Беларусі патрабуе неадкладных дзеяньняў з боку Эўропы. Гэта апошняя эўрапейская краіна, што апынулася ў становішчы, калі ніякіх зрухаў, пераменаў. І, хай сабе ня жорсткі, але аўтарытарны рэжым. Справы ў Эўропе йдуць добра, а становішча ў нашай краіне – недапушчальнае, патрабуе рашэньняў, дзеяньняў. Але згодна з эўрапейскім падыходам — усе перамены павінныя рабіцца суб’ектамі самой краіны. На жаль, эўрапейцы не знаходзяць разумных суб’ектаў у нашай краіне, здольных усур’ёз прэтэндаваць на пераемнасьць улады. Яны шукаюць іншых людзей.
Але, мяркуючы па складзе дэлегацыі, ізноў паехалі тыя самыя людзі…
Мацкевіч: Так. І гэта самае недарэчнае. Ёсьць некалькі чалавек, якія блякуюць усе іншыя кантакты. Зь іншымі арганізацыямі, сіламі. І ня хочуць саступаць месца. Таму працэс ня рухаецца. Людзі, што некалькі разоў даказалі сваю няздольнасьць на выніковыя дзеяньні, ня вартыя таго, каб зь імі працягваць супрацоўніцтва. Але ніхто ня можа пасунуць гэтых людзей.
Сёньня са “старымі беларускімі апазыцыянэрамі” сустракаецца новы дакладчык па Беларусі. Спадара Рыгоні Аляксандар Мілінкевіч назваў новым чалавекам у беларускіх справах. Таксама ён сказаў, што ад сустрэч з новым дакладчыкам засталіся добрыя ўражаньні. Але было заўважна, што ён яшчэ ня вельмі добра ведае сытуацыю ў Беларусі.
Ганна Гарачка
Прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі
24.04.2007
Магчыма, неўзабаве ў Менску адчыніцца офіс прадстаўніцтва Эўракамісіі.
Паводле неафіцыйных зьвестак, якія прыходзяць з Брусэля, Эўракамісія атрымала зь беларускага Міністэрства замежных справаў пазытыўны адказ на сваю просьбу адносна адкрыцьця прадстаўніцтва ўБеларусі.
Ці гэта можа сьведчыць пра пачатак пераменаў у беларуска- эўрапейскіх адносінах?
На гэтае пытаньне мы папрасілі адказаць беларускіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў.
Сябра Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Юры Чавусаў лічыць, што гэта вельмі пазытыўная навіна.
Ю.Чавусаў: Пакуль што дазвол МЗС нідзе не абвешчаны, гэтая навіна дайшла вакольным шляхам, ды й статус гэтага прадстаўніцтва пакуль што ня вырашаны. Мне падказалі, што хутчэй за ўсё рэальная праца прадстаўніцтва пачнецца толькі ў будучым годзе. Тым ня менш, я лічу, што адкрыцьцё прадстаўніцтва будзе пазытыўным крокам беларускіх уладаў. Чым больш будзе стасункаў, чым больш будзе адкрытасьці ў адносінах паміж Беларусьсю й Эўропай, тым больш гэта будзе на карысьць беларускага грамадзтва. Ня трэба спадзявацца, што адкрыцьцё прадстаўніцтва вызначыць нейкую новую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі — гэтага чакаць ня варта. Але для беларускага грамадзтва, не для палітыкаў, а для грамадзтва, гэта, я лічу, будзе пазытыўным.
Аляксандар Мілінкевіч зазначае, што адкрыцьцё прадстаўніцтва можа быць першым крокам на шляху да дэмакратыі ў Беларусі.
А. Мілінкевіч: Я падтрымліваю такі крок і неаднаразова намагаўся таго, каб гэта адбылося. Таму што, калі мы кажам пра перамоўны працэс, дыялёг без такога прадстаўніцтва цяжка сабе ўявіць. Пакуль што ніякіх зрухаў з боку Беларусі не было. Можа дазвол зьяўляецца першым, маленечкім крокам. Гэта крок да размовы, а ня цеснага супрацоўніцтва. Але добра, калі й гэта робіцца.
У савю чаргу палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што ў сваім імкненьні адчыніць прадстаўніцтва ў Менску, Эўракамісія пайшла на кампраміс зь беларускімі ўладамі.
У. Мацкевіч: Прадстаўніцтва Эўракамісіі – гэта хутчэй за ўсё ўсталяваньне пэўных гандлёва-эканамічных адносінаў. Беларускі бок вельмі зацікаўлены ў добрых эканамічных адносінах з Эўразьвязам. Бо пашырэньне экспарту зараз можа йсьці толькі праз Эўразьвяз ці з дазволу Эўразьвязу. І гэта цалкам адпавядае беларускім нацыянальным інтарэсам, ну й, зразумела, інтарэсам рэжыму. Але падаецца, што палітычныя пытаньні пры такім раскладзе вырашацца ня будуць.
Такім чынам, падсумоўваючы гэтыя выказваньні, можна зрабіць выснову: першая ластаўка вясны ня робіць, але паявіліся зрухі ў беларуска-эўрапейскіх адносінах. А гэта вельмі суцяшае.
Караліна Русіновіч
05.05.2007
Амаль тыдзень чальцы пракрамлёўскіх моладзевых арганізацыяў трымалі блякаду Пасольства Эстоніі ў Маскве. Уначы, 3 траўня, закідаўшы будынак пасольства камянямі, актывісты арганізацыяў “Молодая гвардия “Единой России”, “Наши” і “Местные” заявілі пра спыненьне акцыі. Сваё рашэньне яны матывавалі выездам у Талін пасла Эстоніі ў Расеі Марыны Кальюранд. Верагодна, што падставай для зьняцьця блякады была й іншая прычына – Эўразьвяз можа спыніць мноства сумесных з Расеяй ініцыятываў.
Актывісты арганізацыі “Наши” не зьбіраюцца аднаўляць пікетаваньне эстонскага пасольства ў Маскве, паколькі, паводле іх словаў, яны дасягнулі перамогі. Гаворыць прэс-сакратар арганізацыі.
Прэс-сакратар: Пасол Эстоніі з двух прадстаўленых выраянтаў абрала найбольш баязьлівы – яна пакінула Расею. Зараз у пасольстве нікога няма, таму ніякага дыпляматычнага значэньня гэтая ўстанова ня мае. Там няма каго й пікетаваць. Аднак гэта не канчатковая перамога – мы будзем дабівацца вызваленьня тых людзей, якія зараз за кратамі. Адначасова мы будзем рабіць усе намаганьні, каб пасольства Эстоніі было перанесенае ў найбольш адпаведнае для яго месца.
Актывісты пракрамлёўскіх арганізацыяў маюць намер сабраць мільён подпісаў за перанос эстонскага пасольтсва ў Маскве ў адзін са спальных раёнаў.
Эстафету Масквы ў пікетаваньні дыпляматычнай пляцоўкі Эстоніі перанялі менскія актывісты БРСМ і Нацыянал-бальшавіцкай партыі. Учора каля эстонскага генконсульства ў Менску яны зладзілі ўжо другую акцыю пратэсту супраць пераносу помніка Воіну-вызваліцелю й эксгумацыі астанкаў савецкіх жаўнераў з цэнтру Таліна на ўскраіны эстонскай сталіцы. Дарэчы, усе пікеты каля генконсульства Эстоніі афіцыйна дазволеныя Менгарвыканкамам. Удзельнікі пікетаў абяцаюць, што такія акцыі стануцца штодзённымі.
Сёньня лёнданская «Daily Telegraph» паведаміла, што на маючым адбыцца 18 траўня ў Самары саміце “ЭЗ- Расея” эўрапейскія палітыкі маюць выказаць сваё незадавальненьне палітыкай Расеі супраць краінаў-чальцоў Эўразьвязу. Гаворка мае йсьці ня толькі адносна Эстоніі, але й пра пастаўкі нафты ў Летуву, а таксама вэта на продаж польскага мяса ў Расею. Найбольш жорсткай рэакцыяй можа стацца блякаваньне ўступленьня Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што такі ход падзеяў цалкам рэальны й лягічны, аднак пры адной умове – Эўразьвяз павінен мець доказ таго, што беспарадкі ў Таліне былі справакаваныя расейскімі ўладамі.
У. Мацкевіч: Гэта можа здарыцца пры той умове, што факты інсьпірацыі Масквы будуць пацьверджаныя. Я лічу, што пэўныя палітычныя сілы ў Расеі маюць дачыненьне да падзеяў у Таліне, а менавіта – яны справакавалі беспарадкі. Расейскія энклявы ў балтыйскіх краінах маюць вельмі шчыльныя дачыненьні з экстрэмісцкімі арганізацыямі ў Расеі.
Дарэчы, актывісты арганізацыі “Наши” пераконваюць, што самі вырашылі спыніць пікетаваньне й на гэта не ўплывалі іншыя фактары.
Варта таксама дадаць, што, нягледзячы на сутычкі ў Таліне, Генконсульства Беларусі ў Эстоніі працуе ў звычайным рэжыме. Гаворыць генэральны консул РБ у Эстоніі Аляксандар Астроўскі.
А. Астроўскі: Мы працуем у звычайным рэжыме. Увесь час, як адбываліся гэтыя падзеі, нічога не ўплывала на графік нашай працы. Як грамадзяне Эстоніі, так і сталыя жыхары працягваюць зьвяртацца па візы. Праводзім рабочыя сустрэчы, так што ўсё ў парадку.
Па ацэнку дзяньняў эстонскага ўраду, а таксама расейскай меншасьці, мы зьвярнуліся да былога дыплямата Пётры Садоўскага.
П. Садоўскі: Гэта ўнутраная справа эстонцаў. Калі ж глядзець з хрысьціянскага боку, то яшчэ й лепш, калі пахаваюць гэтых жаўнераў на вайсковых могілках – будуць ляжаць спакойна, далей ад жарсьцяў. Магчыма, знойдуцца іх блізкія. Паводле мяне, няма абсалютна ніякай праблемы. Эстонія — самастойная краіна, тым больш гэта ж не па-варварску было зроблена.
МЗС Беларусі выказала сваю пазыцыю адносна канфлікту ў Эстоніі.
“Беларусь зьяўляецца краінай, дзе кожны трэці жыхар загінуў падчас вайны, таму любое зьнеслаўленьне памяці ахвяраў гэтай вайны выклікае ў нас пачуцьцё абурэньня й шкадаваньня. На жаль, эстонскім уладам не хапіла мудрасьці, каб не ваяваць з памерлымі” – гаворыцца ў заяве прэс-скратара МЗС Андрэя Папова. МЗС таксама глыбока зьдзіўленае сілавымі дзеяньнямі эстонскай паліцыі ў адносінах да дэманстрантаў.
У заяве МЗС выказваецца спадзяваньне, што Эўразьвяз, чальцом якога зьўяляецца Эстонія, спрычыніцца да цывілізаванага вырашэньня сытуацыі згодна з эўрапейскімі стандартамі дэмактаратыі.
Нагадаем, што ў часе акцыяў пратэсту прадстаўнікі расейскай меншасьці ў Эстоніі, а таксама адмыслова прыехаўшыя ў Талін грамадзяне Расеі, арганізавалі масавыя беспарадкі ў эстонскай сталіцы – падпальвалі аўтамабілі, выбівалі шыбы будынкаў ды рабавалі эстонскія крамы.
Дзьмітры Гурневіч
30.05.2007
Новая Палітрада дэмсілаў зьбіраецца ініцыяваць агульнанацыянальны рэфэрэндум. На ўсенароднае галасаваньне могуць быць вынесеныя тры пытаньні: аб адносінах насельніцтва да скасаваньня ільготаў, кантрактнай сыстэмы найму, а таксама пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
У склад новай Палітрады цяпер уваходзяць 45 чалавек, першае паседжаньне адбылося адразу пасьля завяршэньня Кангрэсу дэмсілаў. А пытаньне правядзеньня агульнанацыянальнай кампаніі абмяркоўвалася на другім паседжаньні Палітычнай рады.
Адзін з чатырох сустаршыняў новага складу Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька.
Лябедзька: Цэлы шэраг прапановаў у фармаце інфармацыйнай кампаніі ды вулічных акцый. Пачынаючы ад звароту, або ў фармаце патрабаваньня, каб улада ініцыявала рэфэрэндум па гэтых пытаньнях. Або сам Лукашэнка, або суб’екты, надзеленыя такім правам. Бо гэтыя пытаньні датычаць ня купкі людзей, а ўсяго насельніцтва ці значанай яго часткі. Добра было б правесьці дыскусію. Відаць, будзе зроблены зварот да кіраўніцтва трох тэлевізійных каналаў, каб правесьці шырокую дыскусію. І каб экспэрты аб’яднаных дэмсілаў маглі прыняць у ёй удзел. І вулічныя акцыі. У шэрагу рэгіёнаў ужо пададзеныя заяўкі на правядзеньне пікетаў.
Дык апазыцыя мае толькі дамагацца таго, каб беларуская ўлада ініцыявала рэфэрэндум?
Лябедзька: Прынятае рашэньне, што прэзыдыюм па выніках дыскусыі ўжо прапіша канкрэтны плян. І там будуць канчатковыя фармулёўкі й закончаныя фразы. У тым ліку й фармат. Ці гэта будзе патрабаваньне да суб’ектаў, якія валодаюць правам ініцыяваць рэфэрэндум? Ці гэта будзе зварот да некага? Гэтае пытаньне засталося адкрытае.
Ня мае значэньня, рэфэрэндум, ці нейкая іншая ідэя абмяркоўваецца на Палітрадзе, лічыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
Мацкевіч: Матывацыя новай Палітрады са старымі тварамі ў тым, каб засяродзіць увагу на сабе. Рэфэрэндум, збор подпісаў… рэпэртуар той самы. У ’92 годзе БНФ ініцыяваў рэфэрэрдум, які быў тады актуальны й вельмі патрэбны. Ідэя была пра роспуск Вярхоўнага Савету, новыя выбары й новы парлямэнт ужо незалежнай Беларусі. Не атрымалася. З таго часу рэфэрэндумы былі інструмэнтамі ўлады дзеля маніпуляцыяў грамадзкаю думкаю й насельніцтвам. Няма рэсурсаў, каб ініцыяваць агульнанацыянальную кампанію такога маштабу, ва ўсёй Палітрадзе, ва ўсіх партыях. Нават, калі яны будуць працаваць узгоднена, чаго не было ўжо даўно. А хто будзе лічыць галасы? Цэнтарвыбаркам на чале зь Ярмошынай?! Хто будзе арганізоўваць піяр-кампанію? Нават калі б улады падтрымалі ініцыятыву, дык нельга параўнаць агітацыйных магчымасьцяў улады й апазыцыйных палітыкаў. Ідэя ня вартая таго, каб занадта ўсур’ёз да яе ставіцца.
Ганна Гарачка
14.07.2007
Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абясшкодзіў пяцёх агентаў польскай выведкі, якія дзейнічалі на тэрыторыі Рэспублікі. Інфармацыйнае агенцтва “Interfax” са спасылкаю на ананімнага супрацоўніка КДБ паведаміла, што супраць затрыманых шпіёнаў распачатая крымінальная справа паводле артыкулу 356 КК РБ – здрада дзяржаве.
Месцазнаходжаньне затрыманых невядомае. Як заявіў агенцтву “Interfax” супрацоўнік КДБ Беларусі, адзін з затрыманых зьяўляецца грамадзянінам Расеі. Артыкул 356 КК сьведчыць аб тым, што падазраваныя зьяўляюцца грамадзянамі Беларусі. Гаворка ў артыкуле йдзе пра “перадачу дзяржаўнай тямніцы іншай краіне, шпіянаж, дапамогу іншай краіне ў варожай дзейнасьці, скіраванай супраць Беларусі шляхам злачынства” й г.д.
Згодна з КК РБ, за пералічаную вышэй дзейнасьць пагражае 15 гадоў турэмнага зьняволеньня. У выпадку, калі “здрада дзяржаве” зьвязана з забойствам, падазраваным пагражае сьмяротнае пакараньне й канфіскацыя маёмасьці.
Прэс-сакратар Амбасады Рэспублікі Польшча ў Менску Моніка Садкоўска паведаміла, што амбасада ня мае інфармацыі пра затрыманьне на тэрыторыі Беларусі польскіх грамадзянаў. Пацьвярджае гэтую інфармацыю й прэс-служба Міністэрства замежных справаў Польшчы.
Дзяржаўныя СМІ пакуль не паведамілі пра затрыманьне польскіх шпіёнаў. У Менску вакол згаданай справы поўны інфармацыйны вакуум – кажа палітычны аглядальнік Уладзімер Падгол.
У. Падгол: Ніхто нічога ня ведае. Сёньня ў “Советской Белоруссии” на першай старонцы ёсьць толькі кароткае паведамленьне, што КДБ Беларусі паведаміў пра затрыманьне 5 польскіх шпіёнаў. Адзін зь іх –грамадзянін Расеі, і што справа перададзеная ў суд. Магчыма, нешта будзе вядома заўтра.
Між тым прэс-служба КДБ Беларусі адмаўляецца ад камэнтароў па дадзенай справе. Вядома, што ў нядзелю ў эфіры дзяржаўнага каналу ОНТ будзе паказаная перадача пра затрыманых польскіх шпіёнаў.
Паводле палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, затрыманьне польскіх шпіёнаў — гэта працяг дыпляматычнай вайны паміж Польшчай і Беларусьсю. Палітоляг дадаў, што спэцслужбы наўмысна далі ўцечку інфармацыі, каб ёю скарысталіся незалежныя СМІ.
У. Мацкевіч: З уцечкі інфармацыі могуць скарыстацца толькі незалежныя СМІ, нават калі ўцечка была невыпадковай, а арганізаванай. Дзяржаўная прэса дае такую інфармацыю толькі па загадзе. А ў дадзеным выпадку ўцечка была адмыслова зробленая для незалежных СМІ. Такія рэчы не здараюцца выпадкова, яны плянуюцца загадзя. Калі спэцслужбы зьліваюць інфармацыю, то я ніколі не паверу, што гэта адбываецца бязь нейкай гульні.
Нагадаем, што затрыманьне пяцёх польскіх шпіёнаў — гэта ўжо ня першы скандал такога характару паміж Менскам і Варшаваю. У 2004 годзе ў Менску быў затрыманы польскі вайсковы аташэ, на наступны дзень ён быў высланы зь Беларусі. У 2006 годзе ў супрацоўніцтве з польскай выведкай былі абвінавачаныя шэраг недзяржаўных установаў у рэспубліцы. У сваю чаргу польскі бок у 2006 годзе затрымаў беларускага грамадзяніна Сяргея Моніча, які, паводле польскіх уладаў, займаўся шпіянажам супраць Польшчы.
“Не зьяўляецца сацыялізм марай беларусаў!”
18.07.2007
У Менску адбыўся ўстаноўчы зьезд Саюза левых партыяў. Гэта ўжо другі аб’яднаўчы зьезд. Папярэдняя ўстаноўчая канфэрэнцыя праходзіла за межамі Беларусі. Прадстаўнікі партыяў левага накірунку зьбіраліся ў сьнежні 2006 году на Ўкраіне ў Чарнігаве. У сувязі з гэтым Міністэрства юстыцыі адмовіла Саюзу ў рэгістрацыі, спаслаўшыся на тое, што нельга праводзіць устаноўчы зьезд па-за межамі краіны.
У склад Саюзу левых партыяў уваходзяць: Партыя камуністаў Беларуская, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя жанчын “Надзея” ды актывісты зьліквідаванай Беларускай партыі працы. Цяпер мы правялі зьезд у Менску, на ім прысутнічала менш за 100 чалавек.
Намесьнік старшыні Партыі камуністаў Беларускай Валер Ухналёў:
Ухналёў: Тое, што мы са снежня не былі зарэгістраваныя, стварала перашкоды, бо мы ня мелі магчымасьці выказваць свае думкі, прымаць агульныя дакумэнты ад саюзу левых партый. Але мы разам працавалі.
У чым сэнс аб’яднаньня?
Ухналёў: Каб тыя партыі, якія лічаць сябе і ў статутах якіх закладзены “левыя ідэі” дэмакратычнага сацыялізму, маглі працаваць разам і праводзіць мерапрыемствы.
Аб’яднаньне павялічыць моц Партыі камуністаў Беларускай у Кааліцыі аб’яднаных дэмсілаў?
Ухналёў: Я б так не казаў, што Партыя камуністаў Беларуская набывае большую моц.
У чым сэнс аб’яднаньня левых партыяў, якія маюць у статуце мэту сваёй дзейнасьці — пабудову сацыялістычнага грамадзтва? Камэнтар палітоляга Ўладзімера Мацкевіча.
Мацкевіч: Сярод беларускіх інтэлігентаў і палітычных лідэраў існуе ілюзія, што беларускай мэнтальнасьці ўласьцівая сацыялістычная ідэалёгія. І зьяўляецца самай пэрспэктыўнай. Я чую ад Шушкевіча, ад Статкевіча, Таразэвіча, а цяпер і ад Казуліна тое самае. Чаму практыка, якая абвяргае гэтыя ілюзіі, ніяк не ўплывае на рашэньне нашых палітыкаў? Левыя партыі ніколі не былі ў незалежнай Беларусі самымі масавымі. І БНФ, і АГП, і жаночая партыя зьбіралі больш людзей, чым левыя, якія ставяць за мэту вяртаньне да сацыялізму. Не зьяўляецца сацыялізм марай беларусаў! А ілюзія існуе, і гэтыя малыя партыі пастаянна аб’ядноўваюцца. Яны зьбіраюцца ўмацаваць пазыцыі Калякіна, бо рэсурсаў у апазыцыйнага руху вельмі мала. Кааліцыя аб’яднанага дэмруху – штучнае ўтварэньне. І Вячорка, і Лябедзька, і Калякін мараць пра адзінае лідэрства. Сёньня яны крыху пасунулі Мілінкевіча. Гэта паспрыяла таму, што знайшлі пагадненьне паміж сабою на пэўны час, але потым ізноў пачнуць канкурэнцыю. Лічу, што чарговая ініцыятыва левых – гэта тое, што павінна паспрыяць таму, каб лідэрам стаў Калякін.
Ганна Гарачка
20.07.2007
Беларусь ня выйдзе з Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе.
Пра гэта заявіў у сераду ў Берасьці падчас памежнай сустрэчы начальнікаў генэральных штабоў Узброеных сілаў Беларусі й Украіны начальнік генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі генэрал-лейтэнант Сяргей Гурулёў.
Беларускія вайскоўцы ня лічаць мэтазгодным распрацоўваць «практычныя меры» ў сувязі з абвяшчэньнем Расеяй мараторыя на выкананьне палажэньняў Дамовы. «Мы зьяўляемся ўдзельнікамі Дамовы, мы яе ратыфікавалі й добра разумеем, што Дамова патрэбная, хоць у цяперашнім стане яна цалкам не адпавядае Дамове 1990 году», – дадаў Сяргей Гурулёў.
Такая пазыцыя беларускага боку падаецца дзіўнай, маючы на ўвазе цеснае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў вайсковай галіне.
Пракамэнтаваць згаданую заяву мы папрасілі палітоляга ЎладзімераМацкевіча.
У суботу прэзыдэнт Пуцін заявіў пра тое, што Расея спыняе выкананьне гэтай Дамовы. Маючы на ўвазе моцнае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю й Расеяй, як Вам падаецца, чаму прагучала такая заява?
У. Мацкевіч: Ведаеце, для беларусаў гэта даволі балючае пытаньне. Я думаю, што большасьць пагадненьняў аб саюзнай дзяржаве йі розных адносінах з Расеяй у большай ступені зьвязана з ваенным супрацоўніцтвам. І ўсё, што з гэтым зьвязана, амаль цалкам схавана ад беларускай грамадзкасьці й беларускай грамадзянскай супольнасьці. А сродкі масавай інфармацыі даюць пра гэта ці толькі афіцыйныя зьвесткі, ці нейкія аналітычныя высновы, якія не заўсёды абгрунтаваныя нейкімі рэальнымі фактамі. Таму цяжка меркаваць пра тое, чаму ёсьць такі разнабой у стаўленьні. Тут могуць быць дзьве прычыны. Першая, гэта тое, што зараз абвастрыліся адносіны паміж Беларусьсю й Расеяй, асабліва зьвязаныя з пытаньнямі спэцслужбаў. Гэта проста была сытуацыя дыпляматычнай памылкі ў двухбаковых адносінах Беларусі з Расея, калі не была ўзгодненая пазыцыя. Таму што калі паяўляюцца такія спрэчкі паміж дзяржавамі на досыць высокім узроўні, то пэўныя вайсковыя ведамствы, ці нехта іншы, яны ўжо проста не пасьпяваюць «усунуцца » ў гэты працэс. І калі на гэты раз сытуацыя выглядае такім чынам, то ў хуткім часе можна будзе пачуць абвяржэньне гэтай заявы.
А другое меркаваньне тычыцца таго, што сёньня беларускі ўрад імкнецца нейкім чынам дасягнуць пэўнае паразуменьне з эўрапейскімі структурамі. Для яго гэта вельмі цяжка. Вельмі цяжка, таму што беларускае кіраўніцтва ды ідэолягі не валодаюць эўрапейскім дыскурсам. Беларускі ўрад ня можа размаўляць з эўрапейцамі на адной мове, але ён імкнецца зрабіць пэўныя захады, каб спадабацца Эўропе. І вось гэта можа быць такою нязграбнаю спробаю пайсьці нібыта насустрач Захаду.
Але тут узьнікае парадокс. Бо не сакрэт, што на тэрыторыі Беларусі ёсьць даволі шмат расейскіх вайсковых аб`ектаў.
У. Мацкевіч: Насамрэч, ёсьць няшмат вайсковых базаў, якія маюць менавіта элемэнты звычайнага ўзбраеньня. Хутчэй, гэта тэхнічныя базы, запасныя лётнішчы й гэтак далей. Непасрэдна расейскіх вайскоўцаў, якія маглі б весьці там нейкія дзеяньні, на беларускай тэрыторыі ня так шмат. Хутчэй, гэтая тэрыторыя падкантрольная расейскаму генштабу, чым расейцы фізычна прысутнічаюць на беларускай тэрыторыі. Адпаведна, ня так шмат і элемэнтаў звычайнага ўзбраеньня.
Адразу ўзгадваецца прымаўка: за двума зайцамі пабяжыш – ніводнага не дагоніш. Бо, з аднаго боку, Расея, а з другога – Польшча, якая саюзьнічае з ЗША.
У. Мацкевіч: І у гэтым сэнсе недарэчнасьці беларускай палітыкі вельмі відавочныя. І амаль кожны год здараюцца нейкія падзеі, як апошняя, сьмешная гісторыя з «польскімі шпіёнамі». І вось такая недарэчнасьць на дыпляматычным узроўні, відавочна, няўзгодненая. Але будзем спадзявацца, што згаданая заява можа быць праявай нейкай добрай волі ў бок Захаду й Польшчы. Вы маеце рацыю, што прысутнасьць расейскіх войскаў, прычым высокатэхналягічных войскаў, накіраваных на супрацьстаяньне Захаду й NATO на беларускай тэрыторыі – гэта праблема, зь якою нам прыйдзецца лічыцца яшчэ шмат часу. І нават, калі б сёньня рэжым «сканаў», то я думаю, што разгрысьці гэтыя патаемныя дамовы з Масквою будзе вельмі й вельмі няпроста.
Ці не паўторыцца сцэнар з Грузіяй, дзе па сёньняшні дзень існуюць расейскія вайсковыя базы, якіх яна ня можа пазбавіцца?
У. Мацкевіч: Несумненна. І ня толькі Грузія, але і ўсе Закаўкаскія краіны. Нават сёньняшнія краіны – сяброўкі Эўразьвязу: Эстонія, Латвія й Летува, то яны, пры вельмі высокай палітычнай волі ўступленьня ў Эўразьвяз і NATO, некалькі гадоў вырашалі ўсе гэтыя пытаньні. А ў Беларусі, я думаю, яны заблытаныя так моцна, што і ўявіць сабе нават цяжка. Тым больш, што Беларусь, у стратэгічным пляне, заўсёды была вельмі важнай тэрырыторыяй для ўсіх распрацовак маскоўскага генштабу.
Гутарыла Караліна Русіновіч.
“Коммерсантъ” выпраўляе Сідорскага ў адстаўку
24.07.2007
21 ліпеня “Коммерсантъ” выказаў на сваіх старонках меркаваньне, што беларускі прэзыдэнт вырашыў адправіць у адстаўку прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Калі не Сідорскі, дык хто? Называюцца прозьвішчы Уладзімера Навумава або Пятра Пракаповіча.
Маскоўскае выданьне паведаміла, што інфармацыя пра адствўку Сідорскага можа быць абнародаваны ў бліжэйшыя дні, а заява, паводле іх інфармацыі, ужо нават падпісаная прэзыдэнтам. У першых жа радках артыкулу “Коммерсантъ” выказвае меркаваньне, што новы беларускі прэм’ер павінны будзе пачаць прыватызацыю, якая можа адкрыць расейскаму бізнэсу дарогу ў нафтахімічны сктар.
Сяргей Сідорскі займае пост прэм’ер міністра Беларусі з 2003 году. Ягоным папярэднікам былі ў свой час Уладзімір Ярмошын, а таксама Міхаіл Чыгір, якога зьнялі ў 1999 годзе па абвінавачваньні ў халатнасьці й перавышэньні службовых паўнамоцтваў, тады ён і сыйшоў у апазыцыю.
Вартасьці цяперашняга прэм’ера Сідорскага даволі высока ацэньвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
Мацкевіч: І папярэднікі былі ня з горшых. Час ад часу трэба мяняць прэм’ераў ва ўмовах нашага аўтарытарнага й цэнтралізаванага рэжыму. Калі мяняюць палітычны накірунак, мяняюцца й людзі, прызначаныя яго рэалізоўваць. Мітусьня й пошук новых накірункаў і новых палітычных працэсаў назіраецца. Адным і тым людзям цяжка рабіць супрацьлеглыя дзеяньні. Якая будзе новая палітыка, невядома. Беларусі патрэбная палітыка пэўнай лібералізацыі. На дэмакратызацыю разьлічваць не даводзіцца. Але рэўная лібералізацыя можа быць, хоць і абмежаваная. Будуць шукаць здольных людзей, якія зробяць гэта так, каб заставацца паслухмянымі й падначаленымі прэзыдэнту.
“Коммерсантъ”, разважаючы наконт магчымых прычынаў будучага звальнення спадара Сідорскага, прыводзіць розныя вэрсіі, якія выказваюцц ў Мінску, а, як відаць, і ў Маскве. “Адна зь іх — планавая ратацыя. Аляксандар Лукашэнка вядомы тым, што з перыядычнасцю раз у два-тры гады замяняе старшыню Савету міністраў краіны. Гэта дапамагае яму не дапусьціць празьмернага ўзмацненьня фігуры прэм’ер-міністра. На гэтым тыдні спадар Лукашэнка вельмі шчыра заявіў: “Я прэзідэнт краіны і іншых цэнтраў сілы не пацярплю”. Сяргей Сідорскі працуе на пасадзе прэм’ера з 2003 года і па беларускіх мерках лічыцца доўгажыхаром”.
Эканаміст Яраслаў Раманчук выказвае меркаваньне, што ў выпадку адстаўкі Сяргея Сідорскага ягонае месца можа заняць старшыня Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч.
Раманчук: У залежнасьці ад таго, як ацэньвае сытуацыю Лукашэнка. Калі ён бачыць, што сацыялістычная сыстэма дае збоі, дык трэба ўносіць рынкавы элемэнт, элемэнт лібералізму ў эканоміку. Для гэтага трэба чалавек, які ня мае палітычных амбіцыяў, якому Лукашэнка давярае. Для гэтага падыходзіць Пракаповіч. Але не факт, што менавіта так Лукашэнка ацэньвае сытуацыю. Калі ён захоча навязаць нейкі жорсткі сцэнар для Беларусі, кіраваць дырэктыўна, яшчэ “выціснуць сокі”, дык для гэтага Пракаповіч не будзе прыдатны. Тады на гэту пасаду можна будзе прызначыць гэнэрала нейкага.
Ці ўдала кіруе Нацбанкам Пракаповіч?
Раманчук: Ён не разагнаў каманду прафэсыяналаў з Нацбанку, слухаў парадаў. Можа не з дапамогаю ведаў, а нейкіх эмоцыяў, але пераканаў Лукашэнку, што інфляцыя – гэта кепска, што патрэбная стабілізацыя фінансавай сыстэмы, нельга ствараць множнасьці курсаў, што патрэбныя рынкавыя прынцыпы ў банкаўскай сфэры. Зрабіў вельмі карысныя рэчы. Прапановы Нацбанку, якія ідуць на абмеркаваньне ва ўрад або ў Адміністрацыю прэзыдэнта, найболш рынкавыя ў адрозьненьні ад таго, што прапануе Міністэрства эканомікі або Міністэрства фінансаў.
Варта прыгадаць, што прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў днямі на паседжаньні ўраду аб правале ў замежным гандлі. Паводле прэм’ер-міністра Беларусі, рост імпарту ў першыя пяць месяцаў гэтага году перавысіў паказчык росту экспарту ў два разы. Апроч гэтага, безпасьпяховыя для Беларусі перамовы наконт аплаты за расейскі газ.
Ганна Гарачка
25.08.2007
Некалькі дзён таму на сайце Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму праводзілася апытаньне: каму вы давяраеце ў найбольшай ступені? Вынікі галасаваньня былі наступныя: міліцыі давярае 9%, КДБ — 8%, пракуратуры — 3%, суду — 2%, а 78% апытаных нікому ня верыць. Вынікі анкеты былі хутка зьнятыя з сайту, аднак засталіся пытаньні пра тое, які сёньня ўзровень сацыяльнага даверу ў Беларусі ды наколькі гэты чыньнік важны для існаваньня грамадзтва?
Чалавек не жыве ў сусьвеце, дзе няма нікога, ён ня ёсьць сам, і ніколі ня будзе. У рэалізацыі сваіх жыцьцёвых патрэбаў, у сваіх пачуцьцях, чалавек залежыць ад іншых, паводзіны якіх могуць быць як пазытыўныя, так і нэгатыўныя ў дачыненьні да яго. Заўсёды, у кожным выпадку зносінаў зь іншай асобай ёсьць элемэнт няўпэўненасьці, рызыкі. Выйсьцем з гэтай сытуацыі можа быць альбо самаізаляцыя, закрыцьцё ў сабе, альбо давер. Самаізаляцыя раней ці пазьней скончыцца візытам да лекара. Людзі, якія ня маюць праблемаў з даверам да іншых людзей, апрача таго, што ня маюць праблемаў у кантактаваньні зь іншымі, адчуваюць сябе больш бясьпечна, больш упэўненыя ў сабе, больш інавацыйныя, здольныя хутчэй і лепш працаваць, сьмялей інвэставаць. У сувязі з гэтым паўстае пытаньне: якое дачыненьне мае ўзровень даверу ў грамадзтве да разьвіцьця краіны? Непасрэднае й вельмі вялікае.
Аляксандар Лагвінец: З дасьледаваньняў сацыёлягаў вынікае, што давер зьяўляецца асновай грамадзтва, на ім будуецца наступны вельмі важны панятак, такі як “грамадзкі капітал”. Гэты панятак азначае здольнасьць, гатовасьць жыць у супольнасьці, згодна з сацыяльнымі нормамі. У больш шырокім значэньні гэты тэрмін азначае камбінацыю інстытуцыяў, адносінаў, паводзінаў і каштоўнасьцяў, якія кіруюць узаемадачыненьнямі паміж людзьмі й спрыяюць грамадзкаму й эканамічнаму разьвіцьцю. Ужо ў 19-м стагодзьдзі філёзафы, напрыклад Алексіс дэ Таквіль, адзначалі ўзаемазалежнасьць паміж плюралістычнымі грамадзтвамі з высокім узроўнем сацыяльнай самаарганізацыі ды ўзроўнем эканамічнага разьвіцьця краіны й дэмакратычнасьцю ўлады.
У нашы часы гэты панятак папулярызаваў у сваіх дасьледаваньнях Робэрт Патнэм. Паводле ягонае тэзы, падобным чынам, як рэсурсы (фізычны капітал) ці адукацыя (чалавечы капітал), так і грамадзкія сувязі могуць служыць капіталам – спрыяць паляпшэньню самапачуцьця, прадукцыйнасьці на індывідуальным і калектыўным узроўні. Людзі з вышэйшым грамадзкім капіталам адчуваюць сябе больш шчасьлівымі, жывуць даўжэй, менш хварэюць. Для эканомікі большая інтэнсыўнасьць грамадзкіх сувязяў, грамадзкіх сетак мае таксама пазытыўны эфэкт. Гэта грае вялікую ролю ў павелічэньні інавацыйнасьці, узаемнага навучаньня, росту прадукцыйнасьці, асабліва ў хутка зьменлівых абставінах. Яскравым прыкладам тут зьяўляецца Крэмніевая даліна ў Каліфорніі.
Паводле дасьледчыкаў, на грамадзкім даверы й грамадзкіх сувязях збудаваны дабрабыт Амэрыкі ды Заходняй Эўропы. У адваротным выпадку, зьніжэньне грамадзкага капіталу можа стаць прычынай грамадзкіх цяжкасьцяў і эканамічнага запавольваньня, як гэта стала зь сёньняшняй Амэрыкай.
На сёньня адна з асноўных прычынаў зьніжэньня грамадзкага капіталу на Захадзе – гэта разрастаньне гарадоў ды новыя СМІ, якія замяняюць людзям кантакты й сувязі з грамадой. У Цэнтральнай Эўропе вялікі ўплыў на грамадзкі капітал мае палітыка. Напрыклад, на пачатку правядзеньня рэформаў назіраўся рост грамадзкага капіталу: людзі бачылі, што пачало дзейнічаць права, былі сфармаваныя дзяржаўныя структуры, разьвівалася прадпрымальніцтва й паўставалі разнастайныя грамадзкія асацыяцыі. У сытуацыі палітычных крызысаў узровень капіталу, перадусім даверу, зьніжаецца.
Пра тое, наколькі давер зьяўляецца асновай грамадзтва, размова з Уладзімерам Мацкевічам, мэтадыёлягам, які нядаўна праводзіў міжнародную канфэрэнцыю “Дэсаветызацыя й экран масавай сьвядомасьці”.
Уладзімір Мацкевіч: Увогуле, супольнае жыцьцё людзей магчыма толькі таму, што паміж імі існуе давер і вера. Мы верым, што тралейбус ня будзе біцца токам, што ўрач, які працуе ў шпіталі, мае добрую адукацыю й зьяўляецца сумленным працаўніком: ён нас ня згубіць, а наадварот — выратуе. Таксама мы верым у тое, што настаўнік мае адпаведную кваліфікацыю. У гэта ўсё мы верым, і таму давяраем нашых дзяцей, нас саміх розным грамадзкім інстытуцыям. Тое самае тычыцца й ворганаў улады. Калі ўлада губляе давер, гэта адразу не кідаецца ў вочы, здаецца, што нічога небясьпечнага няма, але празь некалькі гадоў такая ўлада губляе магчымасьць існаваць. Альбо грошы. Калі насельніцтва губляе давер да валюты сваёй краіны, людзі пачынаюць пазбаўляцца грошай. Грошы трацяць каштоўнасьць. Так і дзяржаўныя ворганы, сілавікі, КДБ, пракуратута ды міліцыя. Давер — вельмі істотная рэч. У свой час Савецкі Саюз зьнік таму, што людзі перасталі яму давераць, і нават больш – яны перасталі яго любіць.
Калі ўзгадаць краіны Цэнтральнай Эўропы, то пасьля зьнікненьня камуністычных рэжымаў там назіраўся рост даверу да дзяржаўных ворганаў. Таксама назіраўся рост гарызантальнага даверу — да блізкіх, знаёмых. Як гэта выглядала ў Беларусі?
Уладзімір Мацкевіч: Я не магу пагадзіцца, што заўсёды назіраўся рост, былі пэўныя перапады, час ад часу ўзьнікала апатыя й нават недавер грамадзянаў да сваіх дзяржаваў у шматлікіх краінах Усходняй Эўропы. Гэта былі моманты крызысаў. У чым праяўляецца недавер да дзяржавы? Напрыклад, беларусы згубілі давер да дзяржавы адразу па распадзе Савецкага Саюзу. Кіраўніцтва Кебіча ня мела ніякага даверу з боку насельніцтва. Мне, які толькі прыехаў тады ў краіну жыць, гэта было відавочна. Таму я ведаў, што ўрад Кебіча ня зможа перамагчы й Кебіч ня стане прэзыдэнтам. Калі ўрад губляе давер, то глядзіце, што адбываецца. Людзі пачынаюць шукаць: а каму можна давяраць? Грамадзяне ўсходнеэўрапейскіх краінаў знайшлі тых, каму можна давяраць у Эўропе, а ў Беларусі адбыўся іншы працэс. Калі дзяржава страціла давер, то людзі пачалі шукаць чалавека. І глядзіце: да Лукашэнкі, да прэзыдэнта, вельмі вялікі давер, але не як да інстытута ўлады, а як да асобы. Тады як дзяржаўныя ворганы гэтага даверу ня маюць. Проста людзі кажуць, што Лукашэнка добры й справядлівы, але ён ня можа, бо яму не даюць! А хто не дае? Тая самая дзяржава, якую стварыў Лукашэнка. Людзе гэтага не разьдзяляюць.
Такая парадаксальная сытуацыя склалася ў Беларусі: людзі не давяраюць дзяржаўным і грамадзкім інстытуцыям, затое давяраюць чалавеку, які ўтрымлівае пад моцным асабістым кантролем гэтыя інстытуцыі. У больш далёкай пэрспэктыве гэтая адсутнасьць даверу да асноўных публічных інстытуцыяў можа спарадзіць нэгатыўныя настпуствы для грамадзтва. Па-першае, частка людзей самаізалюецца, частка выедзе ў пошуках самарэалізацыі за мяжу. Па-другое, недавер правакуе пасыўнасьць, уцёкі ў прыватнае жыцьцё ды адсутнасьць інтарэсу да грамадзкага жыцьця.
У грамадзтвах зь нізкім грамадзкім капіталам фармуецца культура цынізму замест культуры даверу. Паводле польскага сацыёляга Пятра Штомпкі, гэта мае месца, калі ў грамадзтве пануе павялічаная сфэра няўпэўненасьці, рызыкі, структуры й арганізацыі непразрыстыя, зьніжаецца пачуцьцё бясьпекі й грамадзкага парадку. У выніку паўстае крызыс даверу, адначасова гарызантальнага – да іншых, і вэртыкальнага – да публічных інстытуцыяў. Праявы падобных настрояў бачныя і ў Беларусі.
Юры Ліхтаровіч, Аляксандар Лагвінец
Сяргей Мартынаў выляцеў у Іран на сустрэчу, прысьвечаную правом чалавека
03.09.2007
3 верасьня ў Тэгеране (Іран) распачынаецца сустрэча міністраў замежных спраў дзяржаваў-удзельніц Руху недалучэньня. Спатканьне прысьвечанае пытаньням правоў чалавека й культурнай разнастайнасьці. У сустрэчы бярэ ўдзел і старшыня зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Сяргей Мартынаў.
Як паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі, галоўнай мэтай канфэрэнцыі ў Тэгеране будзе разьвіцьцё дамоўленасьцяў у гуманітанай галіне, якія былі дасягнутыя на саміце Руху недалучэньня ў Гаване ў 2006 годзе. Беларуская дэлегацыя мае намер зьвярнуць асаблівую ўвагу ўдзельнікаў сустрэчы на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі аб прызнаньні разнастайнасьці шляхоў прагрэсіўнага разьвіцьця краін.
У. Мацкевіч (палітоляг): Гэта палітычная сымуляцыя. Пытаньне правоў чалавека амаль не паўстае ў мусульманскім сьвеце. Для сёньняшняга беларускага рэжыму яно цалкам чужароднае. Існуе сусьветная тэндэнцыя ў цывілізаваных краінах з павагай ставівцца да правоў чалавека. Так званыя краіны-ізгоі імкнуцца сымуляваць гэтае пытаньне. Яны яго ўздымаюць для таго, каб давесьці да абсурду сытуацыю й абвінаваціць цывілізаваныя краіны ў парушэньні правоў чалавека.
Нагадаем, што згаданую ініцыятыву беларускі лідэр прапанаваў падчас саміту ААН у Нью-Ёрку ў 2005 годзе.
Прэс-тур па беларускай прасторы
08.10.2007
Акцыянернае адкрытае таварыства «Белшына», піваварная кампанія «Сябар» ці шклозавод «Ялізава» — гэта толькі частка аб`ектаў, якія наведаюць падчас прэс-туру прадстаўнікі расейскіх СМІ.
Беларускія ўлады тэрмінова арганізавалі чарговы прэс-тур для прадстаўнікоў расейскіх СМІ, які адбудзецца ад 9 па 12 кастрычніка. Як паведамляе Амбасада Рэспублікі Беларусь у Маскве, у мерапрыемстве возьмуць удзел журналісты 72 рэгіянальных і 6 фэдэральных расейскіх СМІ, у тым ліку 11 тэлерадыёкампаній. Арганізатары мерапрыемства заплянавалі ў праграме візыту сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага ўраду. Акрамя таго, удзельнікі прэс-туру пабываюць у 15-ай Зэнітнай ракетнай брыгадзе ды наведаюць горналыжны цэнтар»Сілічы».
Як вядома, падобнага тыпу „экскурсіі” ладзяцца напярэдадні выбараў ці перад абвяшчэньнем канкурсных вынікаў на правядзеньне прэстыжнага спартыўнага ці культурніцкага мерапрыемства. Паўстае пытаньне, што ўлада рыхтуе на гэты раз?
Гэтае мерапрыемства зьяўляецца неад’емнай часткай піяр-кампаніі, лічыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
У. Мацкевіч: Падаецца, што ў рэжыму, ці ў самога Лукашэнкі ёсьць плян піяру Беларусі на Ўсходзе. Можа, ёсьць і на Захадзе, але там ён ня дзейнічае пасьпяхова. А вось на Ўсходзе ён даволі пасьпяховы й час ад часу такія «вандроўкі» расейскіх журналістаў па Беларусі ладзяцца дзеля таго, каб падрыхтаваць нейкую заяву ці акцыю на расейскай палітычнай прасторы. І таму я думаю, што гэта проста рэалізуецца піяраўскі плян. А цяпер ён вельмі патрэбны беларускаму рэжыму ў Расеі. Таму што, калі Лукашэнка перастаў марыць аб тым, каб заняць Крэмль, ён не перастаў марыць пра значны ўплыў на Расею. Таму цяпер ён хоча давесьці, што Беларусь зьяўляецца лідэрам на постсавецкай прасторы.
Варта зазначыць, што апошні саміт АДКБ у Душанбэ паставіў усе кропкі над «і». А менавіта, Расея ізноў агучыла свае імпэрскія амбіцыі й пачынае пашыраць зону сваіх уплываў на краіны СНД.
У. Мацкевіч: Я думаю, што калі раней гэты ўплыў Лукашэнка сустракаў вельмі радасна й ветліва, то сёньня ён ужо ня можа падабацца Лукашэнку. Таму трэба зрабіць нейкія хады, каб папярэдзіць Расею, што, уласна кажучы, расейская палітыка ў Беларусі будзе адлюстроўвацца зусім ня так, як чакае таго Крэмль.
Паводле меркаваньняў паліттэхноляга Ірыны Бугавай, першы xод улада зрабіла напярэдадні правядзеньня Эўрапейскага маршу, каб паказаць Расеі, што ў кожнай хвіліне можа памяняць напрамак сваёй палітыкі з Усходу на Захад. Тым больш, што атрымала прапановы з боку Эўразьвязу.
І.Бугава: На прапанову правядзеньня Эўрапейскага маршу прыйшоў водгук са шматлікіх замежных амбасадаў, якія знаходзяцца ў Беларусі. Прадстаўнікі амбасадаў зазначылі, што калі марш пройдзе спакойна — гэта будзе першым сыгналам да гатоўнасьці беларускага ўраду пачаць супрацоўніцтва з Эўразьвязам. Таму мне падаецца, што Лукашэнка будзе карыстацца ўсімі магчымасьцямі давесьці сваю гатоўнасьць. Нават пры дапамозе расейскіх СМІ. Нават калі ў Менск прыедуць у большасьці прадстаўнікі рэгіянальных СМІ, то й так сыгнал дойдзе ў Маскву ці Санкт-Пецярбург. Гэты візыт, несумненна, зьвязаны з магчымасьцю выкарыстаньня эўрапейскага палітычнага напрамку. А таксама спроба паглядзець, як на гэта зарэагуе частка важнай эўрапейскай эліты.
Як паведамляе агенцтва АФН, арганізатарам дадзенага туру выступае ўлада, і аплачвацца гэтая экскурсія прадстаўнікоў расейскіх СМІ будзе за бюджэтныя грошы. Між іншым, у бюджэце 2007 году няма рубрыкі пад назовам «Фінансаваньне замежных СМІ й прэс-тураў замежных журналістаў». Так і хочацца працытаваць усім вядомага клясыка: ”За чые грошы банкет?..”
Караліна Русіновіч
Ці прэзыдэнт Лукашэнка паедзе ў Оксфард?
13.10.2007
Дыскусійнае таварыства Оксфардзкага ўнівэрсытэту мае намер запрасіць Аляксандра Лукашэнку выступіць на форуме аб свабодзе слова, — паведаміла газэта „Наша Ніва”.
Правядзеньне форуму плянуецца на канец лістапада. Пра гэта заявіў у інтэрвію брытанскай газэце „The Guardian” кіраўнік Оксфадзкага дыскусійнага таварыства Люк Трыл.
Праўда, кампанія Лукашэнку падбіраецца ня вельмі цікавая: ён мае выступіць перад студэнтамі ўнівэрсытэту пасьля Дэвіда Ірвінга, гісторыка, які аспрэчвае існаваньне Галакосту, і лідэра ультранацыяналістчнай, не рэпрэзэнтаванай у парлямэнце Нацыянальнай партыі Брытаніі Ніка Грыфіна.
«Дыскусійнае таварыства Оксфардзкага ўнівэрсытэту вядомае сваёй прыхільнасьцю да свабоды слова, і хоць я думаю, што гэтыя людзі выказваюць жудасныя й агідныя погляды, я ўпэўнены, што оксфардзкія студэнты досыць разумныя, каб кінуць ім выклік і падняць на сьмех», — адказаў газэце „The Guardian” Люк Трыл.
Згаданая навіна выклікала розныя меркаваньні сярод беларускіх камэнтатараў. Палітычны аглядальнік Аляксандар Класкоўскі лічыць, што гэтая ініцыятыва зьяўляецца хутчэй за ўсё палемічным выпадам.
А. Класкоўскі: Я думаю, што ініцыятары рэальна ўяўляюць, што шанцы ўвасобіць згаданую ініцыятыву блізкія да нуля, з цэлага шэрагу прычынаў. Таму я думаю, што гэта проста выглядае, як форма публічнай палемікі. Вось, давайце, скажыце перад намі адкрытым тэкстам, як у вас са свабодай слова. Мы ведаем, што ў вас з гэтым вялікія праблемы. І што вы нам скажаце па гэтаму поваду? Я б разглядаў гэтую прапанову ў нейкай публіцыстычнай плашчыні.
Паводле журналіста Міколы Маркевіча, які змагаецца за свабоду слова ў Беларусі, асобы, якія намерваюцца запрасіць Аляксандра Лукашэнку ў Оксфард, ня маюць уяўленьня пра ягоную асобу.
М. Маркевіч: Ён ня можа гаварыць пра свабоду слова. У лепшым выпадку ён можа гаварыць па несвабоду слова. Трэба ведаць Аляксандра Лукашэнку. Ён ніколі ня пойдзе на дыскусію, на якой будуць абмяркоўвацца нейкія вартыя паняцьці. Ён сам арганізоўвае гэтыя дыскусіі. Ён не адкажа згодай на такое запрашэньне. За ўвесь час свайго знаходжаньня пры ўладзе, ён ніколі не адказаў на запрашэньне прыняць удзел у якой-небудзь дыскусіі.
У сваю чаргу палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што гэта даволі слушная ініцыятыва.
У . Мацкевіч: Было б вельмі добра, калі б Лукашэнка выступіў не перад ляяльнымі расейскімі журналістамі, не перад кіраўнікамі краінаў-удзельніцаў ААН, якія таксама парушаюць свабоду слова, і таму самі з задавальненьнем слухаюць, як квітнее свабода слова ў Беларусі. А каб ён сапраўды выступіў перад цьвярозымі, крытычнымі інтэлектуаламі з Оксфарду й іншых эўрапейскіх унівэрсытэтаў. Паглядзім, як у гэтай кампаніі ён будзе сябе паводзіць, і што ён будзе гаварыць. Таму што ён любіць прыстасоўвацца да патрабаваньняў і чаканьняў аўдыторыі. Будзе вельмі цікава паглядзець, як ён гэта зробіць у Оксфардзе. Прапанова вельмі слушная, і я здымаю капялюш перад тым, хто гэта прыдумаў.
Оксфардзкае дыскусійнае таварыства мае векавыя традыцыі. Яго публічныя дыскусіі зьбіраюць сотні студэнтаў. Паўдзельнічаць у гэтых дэбатах, якія маюць свае строгія правілы, прыяжджаюць палітыкі, бізнэсоўцы ды інтэлектуалы з усяго сьвету. Выпрацаваны адмысловы кодэкс дэбатаў. Дзякуючы ім студэнты выпрацоўваюць талент публічнай дыскусіі. Па выніках дыскусіі публіка галасуе за адзін ці другі бок, выходзячы празь левыя ці правыя дзьверы.
Вось толькі ці Алясандар Лукашэнка прыме прапанову Оксфарду, і ці яму хопіць аргумэнтаў, каб на роўні зь іншымі дыскутантамі адстойваць свой пункт гледжаньня?
У. Мацкевіч: Гэта слушнае пытаньне. І я думаю, што сёньня ў сытуацыі значнай эўрапейскай ізаляцыі Лукашэнка шукае магчымасьці стаць «сваім» у Эўропе, «сваім», заxаваўшы магчымасьці рэжыму, які ён будуе. Няма праблемы, каб Беларусь стала «сваёй» у Эўропе. Трэба выканаць пэўныя патрабаваньні. Гэта проста. Але Лукашэнка хоча стаць сваім, не выконваючы нічога гэтага. Таму я думаю, што яму было б карысна паехаць у Эўропу па такому запрашэньні, каб прарваць блякаду й «прарубіць акно» ў Эўропу. Іншая справа, ці ён здолее на гэта пайсьці, ці ён не спужаецца.
А вось Аляксандар Класкоўсі перакананы ў тым, што беларускі бок не скарыстаецца прапановай Оксфардзкага ўнівэрсытэту.
А. Класкоўскі: Можна ўзгадаць, што нядаўна прэзыдэнт Ірану Маxмуд Аxмадынэжад выступаў у адным з амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Ён скарыстаўся сытуацыяй прыезду на сэсію Генэральнай Асамблеі ААН. Але, наколькі я памятаю, камэнтары былі не самыя прыязныя. Я думаю, што зараз беларускае кіраўніцтва не зацікаўлена ў абвастрэньні стасункаў з Захадам. Таму ня будзе зацікаўлена ў нейкіх гучных дыспутах.
Калі ўсё ж такі прэзыдэнт Лукашэнка прыме прапанову, то ўзьнікнуць чарговыя перашкоды. Оксфард яшчэ не даслаў афіцыйнага запрашэньня, а Форын Офіс – зьнешнепалітычнае ведамства Вялікабтытаніі — ужо папярэдзіла пра сваё нежаданьне ўпускаць у краіну кіраўніка, які ў шматлікіх краінах лічыцца пэрсонай нон грата.
Караліна Русіновіч
У «шпіёнскай гісторыі» пастаўленая кропка
29.10.2007
Акружны вайсковы суд у Маскве прысудзіў да 7 гадоў турэмнага зьняволеньня маёра расейскай арміі Сяргея Юрэню за шпіянаж на карысьць Польшчы. Юрэня быў прызнаны вінаватым у здрадзе айчыне. Нагадаю, што ў ліпені КДБ Беларусі паведаміў пра абясшкоджаньне сеткі польскай выведкі, якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Беларусі. Расейскі вайсковец зьяўляўся адным зь пяцёх удзельнікаў групы.
Паводле расейскай прэсы, Сяргей Юрэня прадаваў агентам польскай выведкі дадзеныя пра стратэгічныя аб’екты аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Беларусі й Расеі.
Працэс, які распачаўся 17 верасьня, адбываўся ўвесь гэты час без прысутнасьці СМІ й грамадзкасьці. Сьледзтва супраць Юрэні было распачатае 6 сакавіка 2007 году, першапачаткова яму пагражала ад 12 да 20 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Прэс-сакратар суду Аляксандар Мінчаноўскі паведаміў, што падсудны прызнаўся ва ўчыненых злачынствах.
А. Мінчаноўскі: Падчас судовага працэсу падсудны прызнаўся ва ўсіх абвінавачаньнях і выказаў шкадаваньне. Гэтыя аспэкты былі ўзятыя пад увагу пры вынясеньні прысуду.
Пракурор Раміль Шакураў, які патрабаваў для Юрэні 15 гадоў зьняволеньня, заявіў, што ён задаволены рашэньнем суду.
Шакураў таксама паведаміў, што Юрэня быў завэрбаваны ў лістападзе 2005 году. Затрыманы афіцэр прадпрымаў спробу трапіць у кадравы склад фэдэральных ворганаў бясьпекі, то бок спрабаваў быць падвойным агентам.
Як паведамляюць расейскія газэты, у пэрыяд ад 2005 да 2006 гадоў Юрэня зьбіраў інфармацыю наконт дысьлякацыі, падпарадкаваньня і ўзбраеньня вайсковых частак Маскоўскай вайсковай акругі.
Экспэрты прыйшлі да высновы, што інфармацыя, якую Юрэня перадаваў польскім агентам, была дзяржаўнай таямніцай.
Нагадаю, 14 верасьня Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў чатырох беларускіх афіцэраў да турэмнага зьняволеньня тэрмінам ад 7 да 12 гадоў.
Афіцэр расейскіх узброенных сілаў самастойна зьвярнуўся ў ФСБ у сувязі са справай і падчас працэсу ў Менску быў сьведкам.
У. Мацкевіч: Я ня веру, што людзі ў здаровым розуме будуць самі сябе такім чынам падстаўляць. Думаю, што гэты чалавек мог быць пад ціскам, як і ўсё, што зьвязана з апэрацыямі спэцслужбаў. Там ніколі немагчыма выключаць ціску на асобу. Можа яму пагражалі большым тэрмінам. Такія дэманстрацыйныя справы звычайна робяцца па дамове. Маўляў, дамо 8 гадоў, адседзіш 2 гады, а потым атрымаеш тое й тое.
Пра абясшкоджаньне польскай агентуры СМІ паведамілі 15 ліпеня.
Паводле беларускага КДБ, агентаў больш за ўсё цікавіла ракетная сыстэма супрацьпаветранай абароны С-300.
Падазраваны ў арганізацыі сеткі беларус, як паведаміла КДБ, быў затрыманы падчас перадачы інфармацыі на Захад.
Дзьмітры Гурневіч
Пэрспэктывы хрысьціянскай дэмакратыі ў Беларусі
07.11.2007
У гонар 80-годзьдзя заснаваньня партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя ў Менску адбылася канфэрэнцыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя: гісторыя і пэрспэктыва». Канфэрэнцыю зладзіў аргкамітэт БХД на чале з Паўлам Севярынцам.
На думку Паўла Севярынца, беларуская хрысьціянская дэмакратыя паўстала ў цяжкія для Беларусі часы: напярэдадні вайны. Сёньня пагрозай для Беларусі зьяўляецца цяперашні рэжым, які абапіраецца на ўціску й xлусьні. Альтэрнатывай яму павінна стаць сумленнасьць палітыкаў, да чаго заклікае аргкамітэт БХД. Паводле Паўла Севярынца, трэба ўвесьці хрысьціянскія прынцыпы ўва ўсю беларускую палітыку й грамадзкую дзейнасьць.
П. Севярынец: 80 гадоў таму была створана Беларуская xрысьціянская дэмакратыя, у страшны для Беларусі час, калі Беларусі пагражалі фашызм, камунізм, іншыя небясьпекі. Цяпер асноўная пагроза для Беларусі – гэта рэжым, які трымаецца на страху, гвалце й хлусьні. Яму трэба супрацьпаставіць маральную альтэрнатыву. На наш погляд, маральнай альтэрнатывай рэжыму можа быць партыя людзей, якія вераць у Бога й любяць Беларусь. Галоўнае – гэта сумленнасьць і свая краіна. Менавіта таму мы разважалі пра пэрспэктывы аднаўленьня й пашырэньня ў Беларусі хрысьціянскай дэмакратыі.
Ці ёсьць пэрспэктывы?
П. Севярынец: Безумоўна, так. Нездарма нам Гасподзь Бог даў незалежнасьць, каб мы зараз маршыравалі ў розныя бакі, сабраўшыся ў адным месцы, як гэта на апошніх вулічных акцыях атрымліваецца. Альтэрнатыва павінна быць маральнай і патрыятычнай. Таму ў палітыку павінны прыйсьці вернікі: тысячы людзей, якія ня будуць красьці, ня будуць xлусіць, ня будуць палохаць людзей і баяцца самі. На гэтым грунце можна будзе падрыхтаваць базу для пераменаў і рэформаў.
На думку палітоляга Андрэя Ляховіча, Павал Севярынец зьяўляецца вельмі цікавым палітыкам сёньняшняй Беларусі, а ідэя ствараць хрысьціянскую партыю – слушная, хоць сёньня малапэрспэктыўная. Большасьць насельніцтва, у тым ліку вернікі, лічаць палітыку – бруднай справай.
А. Ляховіч: Я пад вялікім уражаньнем ад Паўла Севярынца, як палітыка. Пасьля турмы ён выйшаў іншым чалавекам: стаў больш прагматычным, ранейшыя абвінавачваньні ў клерыкалізьме ня маюць пад сабою падставы, ён стаў сапраўдным лідэрам. Павал Севярынец, Рамашэўскі – намесьнік БXД, яны маюць рацыю, калі кажуць, што трэба рабіць акцэнт на працу з тымі групамі, якія маюць аснову для сумесных дзеяньняў, сумесныя погляды. Аб’яднаньне вернікаў – гэта магло б быць пэрспэктыўным, але мне здаецца, што ў іншых у параўнаньні зь Беларусьсю ўмовах. Нават падчас канфэрэнцыі неаднаразова гучала думка, што большая частка вернікаў, за выключэньнем адзінкавых выпадкаў, не жадаюць удзельнічаць у палітыцы. Яны мяркуюць, што палітыка – гэта брудная справа й гэтым лепей не займацца. Таму, мне здаецца, што ідэя добрая, ва ўмовах Беларусі яна з пэўным часам можа быць пэрспэктыўнай, але не цяпер.
Шмат людзей, сярод вернікаў таксама, успрымаюць палітыку як брудную справу. Як беларускія хадэкі зьбіраюцца пераконваць людзей падтрымаць іх і стаць палітычна актыўнымі? Паводле Паўла Севярынца, трэба, каб у палітыку прыходзілі сумленныя людзі, бо палітыка брудная толькі тады, калі яе робяць бруднымі рукамі.
П. Севярынец: Палітыка брудная для тых, хто робіць яе бруднымі рукамі. Калі xрысьціяне цураюцца палітыкі, то прыйдуць людзі (у палітыцы сьвята месца пустым не бывае), для якіх важней нешта асабістае, альбо ўвогуле злачынная ці разбуральная ідэалёгія. Менавіта таму хрысьціяне павінны займаць актыўную пазыцыю асабліва цяпер.
З пытаньнем: наколькі ідэі хрысьціянскай дэмакратыі запатрабаваны ў Беларусі, мы зьвярнуліся да Ўладзімера Мацкевіча, мэтадоляга, які ўдзельнічаў у працах аргкамітэту хрысьціянскай дэмакратыі 3 гады таму й сам спрабаваў ісьці ў гэтым накірунку.
У. Мацкевіч: Хрысьціяне ў Беларусі маюць патрэбу ў палітычным прадстаўніцтве й абароне. Сёньня з боку дзяржавы на хрысьціянаў існуе вялікі ціск. Усё грамадзтва ў цэлым патрабуе, каб у палітычным спэктры быў прадстаўлены кансэрватыўны, правы бок. Сёньня ён заняты амаль выпадковымі людзьмі й структурамі, якія ня вельмі адпаведныя сучаснаму ладу жыцьця. Xрысьціянская партыя магла б запоўніць гэтую частку палітычнага спэктру ў Беларусі.
На які ўзровень выбарчай падтрымкі магла б разьлічваць такая партыя ў Беларусі?
У. Мацкевіч: Думаю, зараз невялікі адсотак электарату мог бы падтрымаць такую партыю, але калі б такая партыя магла існаваць, то можна было лічыць на 10-15%. Я думаю, на сёньняшні дзень яна ня мае пэрспектывы легалізацыі. Тым больш, што найбольш актыўную частку палітычна заангажаваных xрысьціянаў складаюць пратэстанты. Гэта пярэчыць сёньняшняй дзяржаўнай палітыцы й ідэалёгіі.
Нягледячы на цяжкасьці ў рэгістрацыі й адсутнасьць магчымасьці легальна працаваць, ідэя хрысьціянскай дэмакратыі застаецца жывой у Беларусі. Таму што ёсьць людзі, якія вераць у тое, што хрысьціянскія прынцыпы павінны быць у палітыцы ў Беларусі.
Юры Ліхтаровіч
Аляксандар Мілінкевіч – ляўрэат прэміі Свабоды
16.11.2007
Аляксандар Мілінкевіч стаў ляўрэатам прэміі Свабоды. Гэтая ўзнагарода ўручаецца штогод Лібэральным Інтэрнацыяналам—міжнароднай фэдэрацыяй лібэральных партыяў, у якую ўваходзяць больш за 60 палітычных груповак з 56 краінаў сьвету.
Узнагарода прысуджаецца асобам, якія ўнесьлі выбітны ўклад у справу абароны правоў чалавека й палітычных свабодаў. Уручэньне ўзнагароды адбылося сёньня ў Гамбурзе.
А. Мілінкевіч: Я абсалютна шчыра лічу, што гэтая ўзнагарода не для Мілінкевіча, а для ўсёй Беларусі. Гэта сьведчыць пра тое, што ўвага да нашай краіны ёсьць – прычым, з боку самых розных партыяў і ідэалёгіяў, і асобаў з Эўрапарлямэнту, і з боку эўрапейскай супольнасьці. І, канешне, гэта вельмі важна, таму што без маральнай падтрымкі перамагчы рэжым нам нялёгка. Слова „свабода” велі многа значыць, а ў лібэралаў яно нумар 1.
У папярэднія гады прэмію Свабоды Лібэральнага Інтэрнацыяналу атрымалі такія вядомыя палітыкі, як чэскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл, міністар замежных справаў Нямеччыны Ганс Дзітрых Геншэр, лідэр расейскай партыі «Яблоко» Рыгор Яўлінскі, прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры ды прэм’ер міністар Пакістану Бэназір Бхута.
Камэнтуючы падзею палітоляг Уладзімер Мацкевіч зазначае, што, нягледзячы на малую папулярнасьць лібэралаў у сьвеце, гэтая ўзнагарода таксама вельмі важная.
У. Мацкевіч: Лібэралы не карыстаюцца такой масавай падтрымкай, як , скажам, кансэрватысты. Тым ня менш, лібэральныя погляды распаўсюджаныя сярод прадпрымальнікаў, бізнэсоўцаў, ну й часткі інтэлектуалаў. І ў гэтым сэнсе, нягледзячы на тое, што лібэралы ня маюць вялікай папулярнасьці, тым ня менш, гэтая прэмія даволі ганаровая.
Варта зазначыць, што Аляксандар Мілінкевіч хутчэй за ўсё атаесамліваецца з дэмакратычным рухам, але ва ўяўленьні міжнароднай супольнасьці зьяўляецца нейкім сымбалем свабоды ў Беларусі.
У. Мацкевіч: Узнагароду трэба разглядаць не як адзначэньне канкрэтнай асобы, а ўсіх тых палітычных сілаў, якія гэтая асоба ў сабе ўвасабляе. Напрыклад, калі даюць Нобэлеўскую прэмію міру Нэльсану Мандэлу, то даюць ня толькі яму асабіста, але ў ягонай асобе ўсім тым, хто робіць нешта дзеля міру ў дадзеным рэгіёне. А калі закранаем прэмію Свабоды, то хто ж іншы мог прыняць яе ад імя асобаў, якія змагаюцца за свабоду ў Беларуіс, як не А. Мілінкевіч, ну, хіба што А. Казулін.
Трэба зазначыць, што гэта ня першая міжнародная ўзнагарода ў галіне абароны грамадзянскіх свабодаў, уручаная Аляксандру Мілінкевічу. Летась лідэр Руху «За Свабоду» стаў ляўрэатам прэміі імя Андрэя Сахарава, якую ўручае Эўрапейскі парлямэнт.
Караліна Русіновіч
Ва ўнівэрсітэт па рэкамэндацыі
22.11.2007
Паводле беларускіх СМІ, беларускае Міністэрства адукацыі рыхтуе зьмены ў правілы паступленьня ў ВНУ. Для таго, каб пайсьці вучыцца на некаторыя факультэты, трэба будзе атрымаць рэкамэндацыю зь мясцовага воргану кіраваньня.
Падобная сыстэма існавала ў Савецкім Саюзе, дзе для паступленьня ва ўнівэрсітэт на некаторыя спэцыяльнасьці патрабавалася рэкамэндацыя партыйнага воргану. Распавядае гісторык Ігар Лялькоў.
Ігар Лялькоў: У савецкія часы рэкамэндацыі патрабаваліся да паступленьня ў цэнтральныя ВНУ Савецкага Саюзу. Напрыклад, каб паступаць у Інсытут міжнародных адносінаў ці Маскоўскі ўнівэрсытэт патрэбна была рэкамэндацыя мясцовага партыйнага воргану. Таксама ў Беларусі для паступленьня на некаторыя ідэалягічныя спэцыяльнасьці кшталту гісторыя партыі патрэбныя былі рэкамэндацыі райкамаў партыі. Па спэцыяльнасьцях гуманітарных ці зьвязаных зь ідэалёгіяй патрабаваліся рэкамэндацыі мясцовых партыйных камітэтаў. Асноўнай іх задачай было тое, каб у сыстэму гуманітарных і ідэалягічных кадраў не маглі патрапіць нядобранадзейныя людзі. Калі паглядзець на Савецкі Саюз, то там відаць, што большасьць дысыдэнтаў ці людзей інакшмысьлячых паходзілі з тэхнічнай ці прыродазнаўчай адукацыі. Вельмі мала было гуманітарыяў, таму гэта быў такі адмысловы фільтар.
У незалежнай Беларусі рэкамэндацыі не існавалі. Затое існавалі скіраваньні ад прадпрыемстваў, што давала пэўныя льготы пры паступленьні асобаў, якія мелі такія скіраваньні. Зараз Міністэрства адукацыі распрацоўвае зьмены ў правілы прыёму ў ВНУ. Адным з плянаваных новаўвядзеньняў будзе неабходнасьць прадставіць рэкамэндацыю ад мясцовага воргану кіраваньня для атрыманьня вышэйшай адукацыі па спэцыяльнасьцях, да якіх сёньняшнія ўлады прад’яўляюць асаблівыя патрабаваньні: дзяржкіраваньне, права, эканоміка, міжнародныя адносіны, журналістыка, мытная справа.
Паводле мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча, які прымаў удзел у распрацоўцы рэформы адукацыі на пачатку 1990-х гадоў у Беларусі, варта было чакаць такога рашэньня. Гэтым крокам улады будуць дамагацца ляяльнасьці ад грамадзянаў ды створаць кіруючую касту ў Беларусі. Таксама гэта рашэньне пагражае ростам карупцыі.
Уладзімер Мацкевіч: Гэтага можна было чакаць. У Беларусі такія рэчы заўсёды робяцца дзяржаўнымі ўстановамі без усялякага ўзгадненьня з грамадзтвам. Гэта цалкам ў лёгіцы жанру.
То мы вяртаемся да савецкай сыстэмы?
Уладзімер Мацкевіч: Не, нават у савецкай сыстэме такога не было. Там гэта тычылася толькі юрыдычных спэцыяльнасьцяў і філязофіі, тое, што патрапляла ў ідэалягічную галіну.
Ці гэтым рашэньнем улады рыхтуюць касту для кіраваньня дзяржавай?
Уладзімер Мацкевіч: Так. Бо гэта робіць элітарнай і закрытай усе гэтыя спэцальнасьці. Гэтая закрытасьць вядзе да каставасьці. Тут трэба будзе праяўляць ляяльнасьць з боку школьнікаў і насельніцтва — усялякімі сродкамі выказваць ляяльнасьць да ўладаў. Ня проста на словах, а й падмацоўваць учынкамі, каб потым іх дзеці маглі атрымаць такую рэкамэдацыю. Іншым бокам праблемы будзе карупцыя. Такія рэкамэдацыі будуць проста купляць ці атрымліваць па сувязях уплывовымі людзьмі. Гэта дадасьць яшчэ больш карупцыі ў сыстэме адукацыі.
На думку старшыні ТБМ Алега Трусава, гэты крок — увядзеньне рэкамэндацыяў дзеля паступленьня ў ВНУ — сьведчыць пра тое, што ўлады занепакоеныя тым, што яны прайграюць барацьбу за наступныя пакаленьні, якія мысьляць больш шырока ў катэгорыях нацыянальных беларускіх інтарэсаў.
Алег Трусаў: Я думаю, што ўлады занепакоеныя тым, што ім на зьмену ідуць зусім іншыя людзі. Якраз улады палохае тое, што ім на зьмену прыходзяць людзі з зусім іншай мэнтальнасьцю, я гэта адчуваю па мясцовай уладзе. Што такое Акадэмія кіраваньня? Гэта будучыя чыноўнікі, якія праз 20 гаоўд будуць кіраваць дзяржавай, а мэнтальнасьць гэтых студэнтаў зусім іншая. Вядомая гісторыя, як адзін хлопец зь імі судзіўся, які пачаў зьбіраць подпісы супраць адмены льготаў, і яго за гэта звольнілі. Ён кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ Менскай вобласьці. Такіх маладых хлопцаў і дзяўчат у Акадэміі кіраваньня шмат і вучацца яны добра. Вось улады й занепакоеныя, што прыйдуць гэтыя асобы да ўлады і ўся іхная Саюзная дзяржава зьнікне. Адсюль для іх трагедыяй ёсьць усьведамленьне таго, што іхныя кадры іншыя!
Ці такімі крокамі можна зьмяніць сытуацыю?
Алег Трусаў: Такімі крокамі яны хутчэй прайграюць, яны наступаюць на тыя ж граблі, на якія сталі камуністы ў часы Брэжнева. Тады таксама трэба было масавыя рэкамэндацыі, што з гэтага атрымалася — мы бачым. Паперку можна зрабіць любую! Гэта ня значыць, што ён будзе адданы той сыстэме, якая патрабуе паперку. Хутчэй за ўсё — будзе наадварот.
Рэкамэндацыі павінны стаць фільтрам, каб у гуманітарную навуку ды ідэалягічныя галіны не траплялі неадпаведныя ўладам людзі. Праўда, савецкай сыстэме рэкамэндацыі не дапамаглі захавацца.
23.11.2007
Вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных, павага свабоды слова, свабоды сродкаў масавай інфармацыі й сходаў, правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў, расьсьледаваньне справаў зьніклых людзей і павага правоў меншасьцяў, — гэта толькі некаторыя патрабаваньні, якія вызначыў Эўразьвяз беларускаму ўраду у рамках 12 прапановаў па дэмакратызацыі краіны.
Роўна год таму Эўракамісія апублікавала дакумэнт «Што Эўрапейскі Зьвяз можа даць Беларусі». Ён прапаноўвае краіне паўнавартаснае партнэрства ў рамках Эўрапейскай палітыкі добрасуседства й пералічвае тыя перавагі, якія можа прынесьці беларускім грамадзянам такое партнэрства.
Прайшоў год. Што зьмянілася ў адносінах Беларусі з Эўразьвязам? На гэтае пытаньні спрабуе адказаць палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
У. Мацкевіч: Калі гаварыць на бюракратычна-адміністрацыйнай мове, то можна сказаць так: прапановы вылучаныя, але рэальна нічога не адбылося. Калі гаварыць на палітычнай мове, то гэтыя прапановы выклікалі вялікую напружанасьць і пачалося нейкае варушэньне. Варушэньне бачнае. Ёсьць нейкія спробы з боку рэжыму „памацаць”, ці прыме Эразьвяз тыя захады нібыта на выкананьне гэтых патрабаваньняў, якія рэжым здольны зрабіць. Пакуль што Эўразьвяз на гэтыя спробы ніяк не рэагуе, ведаючы, што гэта звычайная сымуляцыя з боку Беларусі. З боку Эўразьвязу, шчыра кажучы, таксама цяжка сказаць, што зроблены нейкія практычныя крокі. І праграма добрасуседзтва, і прапановы, якія тычацца толькі Беларусі, на сёньняшні дзень не падмацаваныя бачнымі крокамі, якія б перавышалі тое, што й да гэтага рабілася. І не зусім зразумелая рэакцыя Эўразьвязу на тое, што беларускія ўлады сабатуюць такія простыя рэчы, як, напрыклад, адкрыцьцё прадстаўнцтва Эўракамісіі ў Беларусі.
Цягам году грамадзянская супольнасць даводзіла інфармацыю пра прапановы Эўразвязу да беларусаў. Прадстаўнікі ЭЗ адзначылі, што беларускія ўлады за мінулы год ня выканалі ніводнай зь іх, — зазначае прадстаўніца Эўраофісу ў Брусэлі Вольга Стужынская.
В. Стужынская: На вялікі жаль, і Эўрапарлямэнт, і Дэлегацыя па пытаньнях Беларусі, і іншыя эўрапейскія структуры адзначылі, што афіцыйны Менск не зрабіў ніводнага кроку. У адказ на прапановы Эўракамісіі нічога зроблена не было.
Адным з патрабаваньняў Эўразьвязу была пашана дзейнасьці незалежных прафсаюзаў. Старшыня Кангрэсу беларускіх дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук зазначае, што сытуацыя прафсаюзаў крыху зьмянілася на лепшае.
А. Ярашук: Вядома, што наш урад адкрыта ігнараваў эўрапейскія прапановы. Цягам апошніх гадоў сытуацыя незалежных прафсаюзаў мела адну тэндэнцыю — яна толькі пагаршалася. Аналізуючы апошнія падзеі, бачна, што і Міжнародная арганізацыя працы, і Эўразьвяз маюць інструмэнты ўплыву на беларускі ўрад і спрабуюць нейкім чынам гэтыя інструмэнты прывесьці ў дзеяньне. Зь іншага боку, вельмі выразна відаць, што ўрад вельмі непакоіцца. І тое рашэньне, якое прыняў Эўразьвяз, прыняў адносна прэфэрэнцыяў, яно ўвесь час прымушае ўрад хоць нейкім чынам рэагаваць і адкрыта не ісьці на эскаляцыю канфлікту з МАП, як сьлед і з Эўразьвязам.
Як паведамляе прэс-служба прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне й Беларусі, прапановы Эўразьвязу надалей застаюцца актуальнымі. Эўразьвяз гатовы аднавіць свае ўзаемаадносіны зь Беларусьсю й яе народам, як толькі ўрад у Менску выкажа сваю павагу да дэмакратычных каштоўнасцяў і асноўных правоў грамадзян Беларусі.
Караліна Русіновіч
12 прапановаў Эўразьвізу для беларускага ўраду:
1. Паважаць права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаваньні й бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазыцыйных кандыдатаў і груп падтрымкі праводзіць кампаніі без прыгнёту, судовага перасьледу або турэмнага зьняволеньня; незалежнае назіраньне за выбарамі, беларускімі няўрадавымі арганізацыямі ўключна; права волевыяўленьня й права на справядлівы падлік галасоў.
2. Паважаць права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, і выказвацца вольна, напрыклад, дазваляючы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага пераследу, не зачыняючы газэт і не перашкаджаючы іх распаўсюджваньню.
3. Паважаць правы недзяржаўных арганізацый, як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі — больш не ўскладняць іх легальнага існаваньня, не прыгнятаючы й не пераследуючы сябраў грамадзкіх арганізацый, і дазваляючы ім атрымліваць міжнародную дапамогу.
4. Вызваліць усіх палітычных зьняволеных — сяброў палітычных апазыцыйных партый, сяброў НДА й простых грамадзян, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і мітынгаў.
5. Належным чынам і незалежна расьсьледаваць або перагледзець выпадкі са зьнікненьнем людзей.
6. Забясьпечыць права беларусаў на незалежную й непрадузятую судовую сыстэму — з судзьдзямі, незалежнымі ад палітычнага ціску, без самаўпраўнасьці й галаслоўнага крымінальнага судовага перасьледаваньня або палітычна-матываванага судовага прысуду, як зьняволеньне ў турму грамадзян, якія мірна выказваюць свой пункт гледжаньня.
7. Спыніць адвольныя арышты й затрыманьні, дрэннае абыходжаньне зь людзьмі.
8. Паважаць правы й свабоды тых беларускіх грамадзян, якія адносяцца да нацыянальных меншасьцяў.
9. Паважаць правы беларусаў, як працаўнікоў — іх права ўступаць у прафсаюзы й права прафсаюзаў працаваць на абарону правоў людзей.
10. Паважаць правы беларусаў, як прадпрымальнікаў, ажыцьцяўляць дзейнасьць без празьмернага ўмяшаньня ўладаў.
11. Далучыцца да адмены сьмяротнага пакараньня ўсьлед за іншымі народамі Эўропы.
12. Выкарыстаць падтрымку, якую АБСЭ, ЭЗ і іншыя арганізацыі прапануюць Беларусі для дапамогі ў выконваньні правоў сваіх грамадзян.
Якія каштоўнасьці выбіраюць палякі й беларусы?
28.12.2007
У жыцьці палякаў праца й кар’ера перасталі быць найважнейшымі. Сёньня польскае грамадзтва найбольш цэніць сямейныя каштоўнасьці, а таксама рэлігію й вольны час. У сваю чаргу для беларусаў галоўнымі каштоўнасьцямі зьяўляюцца сям’я, дабрабыт і здароўе.
За апошнія гады зьмянілася герархія каштоўнасьцяў палякаў. Найлепш гэта бачна на прыкладзе працы й кар’еры. Яшчэ сем гадоў таму праца была вельмі важнай для 77% палякаў, тры гады таму – для 71%, а сёньня – для 58%. Такія дадзеныя вынікаюць зь нядаўніх сацыялягічных дасьледаваньняў. Гэта наступства зьмяншэньне беспрацоўя, лічаць польскія сацыёлягі.
Затое ў грамадзтве павялічылася значэньне вольнага часу. У 1999 годзе вольны час быў вельмі важным толькі для чвэрці (24%) апытаных, а сёньня – для 38%. Гэта паказвае, што ўсё большая колькасьць людзей прагне самарэалізацыі ня толькі на працы, але, напрыклад, рэалізуючы свае хобі й разнастайныя зацікаўленьні. Апроч таго, палякі больш пачалі цаніць знаёмых і сяброў. Дзесяць гадоў назад гэта адзначала толькі 26% насельніцтва, а сёньня – 47%. Пры гэтым сяброўства не перашкаджае сям’і. Сям’я надалей застаецца самай важнай каштоўнасьцю ў жыцьці палякаў (88%).
Якія каштоўнасьці найважнейшыя для беларусаў? Відавочна, гэта сям’я, дзеці, матэрыяльны дабрабыт, душэўны спакой і здароўе, лічыць сацыёляг Мікола Кацук.
Мікола Кацук: Самыя важныя каштоўнасьці – гэта сям’я, потым дзеткі, унукі, а потым матэрыяльны дабрабыт, душэўны спакой ды камфорт. Потым любоў і здароўе. Вось такія галоўныя каштоўнасьці беларусаў.
Наколькі гэты вобраз заставаўся нязьменным на працягу апошніх гадоў?
Мікола Кацук: Апошнія 5 гадоў гэта не зьмяняецца. Адзінае, могуць мяняцца месцамі, але гэтыя 5-6 каштоўнасьцяў заўсёды першыя.
На падставе зьвестак пра чалавечыя каштоўнасьці можна зразумець некаторыя асаблівасьці характару розных нацыяў. Аднак гэтыя дадзеныя даюць толькі частковы вобраз, і заўсёды іх трэба ўважліва інтэрпрэтаваць, мяркуе мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.
Уладзімір Мацкевіч: У беларусаў сям’я й дзеці ў апошнія гады не былі на першым месцы, праца таксама. Хутчэй пераважаў дабрабыт і здароўе. Канешне, структура каштоўнасьцяў – гэта ня вельмі багаты матэрыял для разуменьня нацыянальных праблемаў, нацыянальнага характару ці мэнталітэту. Але некаторую інфармацыю для роздумаў гэта дае.
Напрыклад, такія дадзеныя сьведчаць пра залежнасьць сёньняшніх людзей ад сацыяльна-эканамічных праблемаў. Калі эканоміка й гаспадарка краіны на ўздыме, то людзі пачынаюць жыць больш чалавечымі праблемамі й цаніць гуманітарныя каштоўнасьці. Калі эканоміка, ці палітычны стан, ці сацыяльны лад пад пагрозай, тады на першае месца выходзяць такія справы, як бясьпека. Адначасова гэта ня значыць, што людзі больш за ўсё пераймаюцца здароўем, проста яны адчуваюць небясьпеку ў сувязі з магчымым пагаршэньнем стану здароўя. Гэта трэба ўважліва інтэрпрэтаваць.
Калі параўноўваць структуру каштоўнасьцяў розных народаў, то атрымоўваецца наступны вобраз. Палякі найбольш цэняць сям’ю, дзяцей і працу. Для немцаў важнае значэньне мае сям’я й радасьць з жыцьця, а амэрыканцы больш за ўсё цэняць здароўе й паглыбленьне адносінаў зь сям’ёй і сваякамі. Для беларусаў найбольшую каштоўнасьць мае сям’я, дзеці, дабрабыт і душэўны спакой.
Юры Ліхтаровіч
30.11.2007
Адным з важных элемэнтаў дэмакратыі зьяўляюцца выбары, асабліва, калі яны канкурэнцыйныя ды праводзяцца рэгулярна. Ва ўмовах пераходу ад аўтарытарнага кіраваньня да дэмакратыі фундамэнтальна вялікае значэньне адыгрываюць першыя “постаўтарытарныя” выбары. У Беларусі такімі выбарамі былі прэзыдэнцкія выбары 1994 году.
1994 год быў апошнім годам паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, у якім дамінавала посткамуністычная большасьць, дзякуючы падтрымцы якой былая партыйная намэнклятура заставалася пры ўладзе. Аднак выбары маглі зьмяніць сытуацыю: старая савецкая эліта не карысталася падтрымкай сярод беларускага насельніцтва. Гэта прымушала шукаць новыя магчымасьці дзеля захаваньня ўлады. Што гата была за магчымасьць? Распавядае палітоляг Аляксандар Лагвінец.
Аляксандар Лагвінец: Такую магчымасьць прадстаўляла ўвядзеньне пасады прэзыдэнта. Першая спроба ўвядзеньне інстытуту прэзыдэнта мела месца ў 1990 годзе й скончылася безпасьпяхова. Другая пасьпяховая спроба была ажыцьцёўлена на пачатку 1994 году: была прынята новая Канстытуцыя й прызначаны выбары на лета. Намэнклятура лічыла, што маючы прэзыдэнтам свайго чалавека яна зможа ня толькі захаваць, але і ўзмацьніць свою ўладу і ўплыў на эканоміку краіны. Ня трэба будзе больш цярпець залежнасьць ад парлямэнту, хоць той і быў падпарадкаваны ўраду. Аднак існавала рызыка, што пасьля выбараў сытуацыя зьменіцца.
Пра тое, як выглядала перадвыбарчая атмасфэра ў краіне, узгадвае мэтадоляг Уладзімір Мацкевіч, які прыехаў у Беларусь напярэдадні выбараў і пэўны час працаваў у выбарчым штабе Станіслава Шушкевіча.
Уладзімір Мацкевіч: Я прыехаў у Беларусь, маючы пэўны на той момант досьвед ускоснага ўдзелу ў палітычным жыцьці Латвіі й Расеі. У параўнаньні з гэтымі краінамі беларускае палітычнае жыцьцё было вельмі невыразным. Кідалася ў вочы, што сьвядома ў палітычным жыцьці Беларусі прымае ўдзел нязначная частка людзей. Большасьць жыла ў нейкіх мітах, ілюзіях, не інфармаваная пра тое, што й як адбываецца ў палітыцы. Гэта было выклікана тым, што не было прафэсійнай аналітычнай працы. Я прыехаў, каб працаваць у адукацыі: канстультаваць пры выпрацоўцы стандартаў адукацыі й праводзіць рэформу адукацыі. Я ўбачыў, што той урад і тое міністэрства без палітычнага штуршка няздольныя да ніякіх рэформаў. Яны пасыўныя й не прывыклі прымаць рашэньні. Раней усё вырашалася ў Маскве, а гэтыя людзі былі выканаўцамі й ніколі не прымалі самастойных рашэньняў адносна лёсу краіны. Зьмяніць гэта можна было толькі палітычным чынам. Па гэтай прычыне запытаўся ў прафэсаркаў, асобаў, зь якімі супрацоўнічаю: што ў вас адбываецца ў палітыцы, які будзе наступны ўрад? Яны кажуць: нічога ня ведаем. Адукаваныя людзі, а ня ведаюць, што адбываецца ў палітыцы. Я ім прапанаваў: давайце паглядзім, хто з кандыдатаў у прэзыдэнты нам бліжэйшы й дапаможам яму, каб потым ён праводзіў рэформу, якую мы распрацоўваем. Рэакцыя была такая – дзіўныя прапановы, навошта якаясьці палітыка, калі трэба працу рабіць.
Чаго ў такім выпадку чакалі людзі ад палітыкі й ад кандыдата ў прэзыдэнты? Разпавядае палітоляг Андрэй Ляховіч.
Андрэй Ляховіч: Кожная выбарчая кампаня праходзіць пры дамінаваньні 1-2 цікавых для выбарцаў тэмаў. На маю думку, у 1994 годзе самай актуальнай тэмай была карупцыя. На прэзыдэнцкіх выбарах перамагаў той, хто, па-першае, дакладна назваў вінаватых у паніжэньні ўзроўню жыцьця, у беднасьці, у высокіх коштах і малых заробках. Па-другое, абяцаў пакараць, па-трэцяе, прапаноўваў больш зразумелае для выбарцаў выйсьце з той складанай сацыяльна-эканамічнай сытуацыі. Тады ў сярэдзіне 1990-х гадоў на ўзроўні беларускай масавай сьвядомасьці было распаўсюджана меркаваньне, што ўмовай выхаду з сацыяльна-эканамічнага крызысу зяўляецца вяртаньне расейскіх рынкаў.
Лукашэнка вельмі пасьпяхова згуляў на ўсіх гэтых трох тэмах. Ён фактычна меў манаполію на першыя дзьве тэмы, а трэцюю тэму ён пасьпяхова перахапіў у Кебіча.
Пачатковай інтрыгай перадвыбарчай кампаніі 1994 году стала пытаньне прэтэндэнтаў, тых, хто рашыўся паспрачацца за прэзыдэнцкую пасаду і ўладу ў краіне.
Аляксандар Лагвінец: Першая перадвыбарчая барацьба разгарэлася за права быць кандыдатам у прэзыдэнты. Праўладны лягер шыкаваў сваіх кандыдатаў, а апазыцыя – сваіх. Зарэгістравацца кандыдатамі ў прэзыдэнты змаглі шасьцёра прэтэндэнтаў: Старшыня Рады міністраў Беларусі Вячаслаў Кебіч, старшыня Сойму Беларускага Народнага Фронту Зянон Пазьняк, дэпутат Вярхоўнага Савету, дырэктар саўгасу “Гарадзец” Шклоўскага раёну Аляксандар Лукашэнка, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, старшыня калгасу “Прагрэс” Гарадзенскааг раёну, старшыня Рады калгасаў Беларусі Аляксандар Дубко, сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларусі Васіль Новікаў.
Кебіч, Лукашэнка, Дубко й Новікаў былі прыхільнікамі старой савецкай сыстэмы, саюзу з Расеяй, але выступалі супраць рынкавых рэформаў. За гэтыя рэформы й супраць саюзу з Расеяй выступалі Пазьняк і Шушкевіч. Асноўнымі канкурэнтамі на перамогу здаваліся Кебіч і Шушкевіч.
Юры Ліхтаровіч
Выбарчая кампанія 1994-га году: кандыдат у прэзыдэнты Станіслаў Шушкевіч
07.12.2007
Увядзеньне інстытута презыдэнта ў 1994-м годзе было ініцыявана посткамуністычнай намэнклятурай, якая імкнулася захаваць уладу й прывілеі, разам зь перамогай прем’ера Кебіча на выбарах. Адным зь ягоных апанэнтаў быў дэмакаратычны старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч, вядомая асоба ў краіне, з высокім рэйтынгам. Аднак выбары ён прайграў, заняўшы чацьвёртае масца.
15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў новую Канстытуцыю краіны, якая ўводзіла пасаду прэзыдэнта. Выбары былі прызначаныя на 23 чэрвеня 1994 году. Удзел у іх узяло шэсьць кандыдатаў. Адным зь іх быў былы старшыня Вярхоўнага Савету, які быў зьняты з пасады на пачатку году. Частка дэмакратычных сілаў: сацыял-дэмакратычная Грамада й лібэралы з Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі вылучылі яго сваім кандыдатам у прэзыдэнты. Шушкевіч быў вядомай і пазнавальнай асобай у краіне. На пачатку году ён меў даволі высокі рэйтынг папулярнасьці. Пра тое, як выглядала кампанія Станіслава Шушкевіча знутры, мы паразмаўляем у нашых праграмах. Сёньня нашым суразмоўцам зьяўляецца Ўладзімер Мацкевіч, вядомы беларускі навуковец, мэтадоляг, які прыехаў у Беларусь напярэдадні выбараў і пэўны час працаваў у выбарчым штабе Станіслава Шушкевіча. Першае пытаньне: як Вы апунуліся ў выбарчым штабе Станіслава Шушкевіча?
Уладзімер Мацкевіч: Першым, да каго я зьвярнуўся пасьля прыезду, быў Пазьняк. Тады ён быў самы вядомы чалавек. Сустрэча адбылася на пачатку 1994-га году ў сядзібе БНФ. Размова доўжылася каля гадзіны, Пазьняк напрыканцы сказаў: “Не, ніякай падтрымкі ад маскалёў нам ня трэба!”. Наступным чалавекам з палітыкаў, зь якім мяне пазнаёмілі, быў Аляксандар Дабравольскі. Знаёмства адбылося праз Фонд Сапегі. Дабравольскі пазнаёміў мяне з Шушкевічам. На той момант ён ужо быў у адстаўцы. Шушкевіч зразумеў прапанову й пагадзіўся адразу. Так я ўключыўся ў перадвыбарчую кампанію, блізка да адной з цэнтральных фігураў кампаніі – да Шушкевіча.
Як выглядала сама кампанія, якая была перадвыбарчая стратэгія?
Уладзімер Мацкевіч: Кампанія была дрэнна падрыхтаваная. Ніхто з тых людзей, якія прыймалі рашэньні, не разумелі, як гэта робіцца. Па-першае, палітычную падтрымку Шушкевічу на той момант аказвалі дзьве партыі: Сацыял-дэмакратычная грамада, якую ўзначальваў на той момант Трусаў, і Аб’яднаная дэмакратычная партыя на чале з Дабравольскім. Аднак кіраваць усёй кампаніяй Шушкевіч прызначыў Лінёва — свайго калегу з унівэрсытэту, зь лябараторыі, дзе ён працаваў. Лінёў аказаўся чалавекам, які нічога не разумеў у палітыцы, у тым, як прводзіць і кіраваць вялікай выбарчай кампаніяй. Ён трошку займаўся бізнэсам і зарабляў на той момант грошы. Гэта быў самы блізкі да Шушкевіча чалавек, які распараджаўся вялікімі грашыма, і якому Шушкевіч давяраў.
Пачатак кампаніі ў выкананьні Лінёва быў вельмі невыразны. Не было пляну кампаніі, не было разуменьня палітычнай сытуацыі, ні выбару, на якія групы насельніцтва кіраваць перадвыбарчую агітацыю. Пры гэтым яны пагадзіліся, каб у плянаваньні кампаніі прынялі ўдзел маскоўскія палітычныя тэхнолягі.
Кім былі гэтыя асобы й які быў іх уклад у кампанію?
Уладзімер Мацкевіч: Тады я сябраваў зь Мінтусавым і Кацярынай Ягоравай, зрабілі дарадчую фірму “Нікола М”. Потым яны ўдзельнічалі ў перадвыбарчых кампаніях Ельцына й па рэйтынгах займалі першыя месцы. Але на той момант яны былі яшчэ маладой кампаніяй. Я іх прывёз у Беларусь. Яны дамовіліся зь Лінёвым і Шушкевічам, і пачалі працаваць. Кацярына Ягорава пачала трэніраваць самаго кандыдата, працаваць над ягоным іміджам. Пасьля першага занятку Шушкевіч адмовіўся катэгарычна. Ён сказаў, што ня будзе нічога зьмяняць, прыстасоўвацца, маўляў: “Я такі, які я ёсьць, і мне гэтага дастаткова.” Дасьледаваньні, якія былі праведзены па большасьці гарадоў і рэгіёнаў Беларусі (апытаньні й фокус групы), паказвалі, што трэба было прапаноўваць грамадзтву. На аснове гэтага была складзена да пэўнага ўзроўню папулісцкая праграма. У тым значэньні, што яна была зразумелая й магла лічыць на падтрымку людзей. Шушкевіч таксама адмовіўся з гэтым працаваць. Больш таго, у гэты момант да Шушкевіча ў штаб прыйшлі людзі з Барысава, якія зрабілі Шушкевічу некалькі добрых выступаў, ён мёў посьпех на мітынгах. Ён паверыў гэтым людзям. Гэта была былая камсамольская групоўка на чале зь Генадзем Шчарбініным. Паступова Шчарбінін стаў галоўным чалавекам у кампаніі. Шчарбінін і Лінёў адмовіліся ад паслугаў расейскай фірмы.
Што парэкамэндавалі Шушкевічу расейскія спэцыялісты?
Уладзімер Мацкевіч: Я ня ўсё ведаю, яны працавалі на заказчыка — Шушкевіча. Наколькі я разумею, яны прапанавалі яму больш агрэсіўную пазыцыю. Перастаць апраўдвацца й скардзіцца, а выпрацаваць больш агрэсіўную, наступальную пазыцыю й змагацца. Ня проста казаць, што няма з каго выбіраць, бо ўсе дрэнныя, а казаць пра тое, чаму мая кандыдатура лепшая. Замест пасіўнай кампаніі, трэба было надаць дынамічны характар яго вобразу, каб ён выглядаў маладзейшым і людзі маглі ўпэўніцца, што гэты чалавек мае плян і праграму для Беларусі.
У такім выпадку, што зьбіраўся казаць людзям сам Станіслаў Шушкевіч?
Уладзімер Мацкевіч: У яго не было палітычнай праграмы, апрачы лёзунгаў пачатку 1990-х, якія былі тады анахранізмам і банальнасьцю. Нягледзячы на тое, што прайшло ўсяго некалькі гадоў, была зусім іншая сытуацыя. Трэба было адбудоўваць краіну, умацоўваць незалежнасць, а не змагацца за яе. Шушкевіч выступаў зь лёзунгамі за незалежнасьць. Потым ягоным каньком былі пытаньні нэйтралітэту й замежнай палітыкі. Што тычыцца ўсяго астатняга, як абсталёўваць краіну, ён быў, як той бурыданаў асёл. З аднаго боку, Дабравольскі й лібэралы, якія несьлі рынкавыя ідэі. З другога боку, сацыял-дэмакраты, да ідэяў якіх Шушкевіч асабіста меў большую схільнасьць. Аднак гэтыя лёзунгі былі вельмі агульныя й невыразныя: за роўнасьць, справядлівасьць. Нічога канкрэтнага.
Іншая ягоная сталая тэма – гэта скаргі на тое, што яму не давалі ўлады, калі ён быў старшынём Вяхоўнага Савету. Замест прапаноўваць, ён апраўдваўся. З гэтым няварта было выходзіць да людзей. Тым ян менш, калі Шушкевіч сустракаўся зь людзьмі, яго ўспрымалі даволі добра. Зь ім зьвязвалі распад Савецкага Саюзу й набыцьцё Беларусьсю незалежнасьці.
Навошта Шушкевіч ішоў на выбары, ці была вера ў перамогу?
Уладзімер Мацкевіч: У Шушкевіча было такое шаблённае выказваньне: “Я не трымаюся за сваю пасаду!” Ён быў чалавекам, якога ўсё жыцьцё штурхалі. Большасьць савецкага чынавенства — гэта людзі, якіх высоўвалі. Яскравы тут прыклад – біяграфія, напісаная Дземянцеем. Ён ніколі сам нічога не зрабіў, яго заўсёды высоўвалі на пасады, даручалі працу. Ён яе, наколькі мог, рабіў, але нічога сам не ініцыяваў. Гэта агідная зьява беларускай палітыкі – вышэйшага эшэлёну дзяржаўнага кіраваньня. Шушкеві зрабіў напэўна сам кар’еру прафэсара й навукоўца. Потым у яго пачалася адміністрацыйная кар’ера: яго высунулі ў прарэктары БДУ, а потым — у кіраўнікі дзяржавы. Ён сумленна рабіў сваю працу, з разуменьнем, што павінен апраўдаць давер. Так і на прэзыдэнцкія выбары ішоў з стаўленьнем, каб апраўдаць давер людзей. Ён думаў, што такіх людзей вельмі шмат, таму ён не змагаўся: ні з Пазьняком, ні з праціўнікамі з другога лягеру. Ён ня быў змагаром. Яму здавалася, што падобным чынам, як у 1991-м годзе, ён зноў стане кіраўніком.
На Вашую думку, ці былі ў спрадара Шушкевіча шанцы выйграць гэтую кампанію 1994 году?
Уладзімер Мацкевіч: Гісторыя ня мае альтэрнатыўных варыянтаў. Аднак я асабіста ўпэўнены, што пры правільнай пастаноўцы працы Шушкевіч меў шанцы, ён быў найлепшым кандыдатам на той момант. Калі б ён стаў прэзыдэнтам, магла б паўстаць добрая, адказная “каманда” людзей для кіраваньня краінай. Я толькі не магу сказаць, калі ён згубіў гэты шанец на перамогу. Некаторыя лічаць, што гэта было тады, калі ён адмовіўся агучыць вынікі працы антыкарупцыйнай камісіі. Бо найперш яму прапаноўвалася агучыць гэтыя вынікі. Ён адмовіўся. Аднак, нягледзячы на гэта, ён меў шанец на перамогу й пасьля адстаўкі. У яго была вядомасьць, добры рэйтынг – даходзіў да 40%. З такім рэйтынгам пачынаць кампанію – гэта моцны шанец. На пачатку 1994 году ніхто зь іншых кандыдатаў ня меў такога рэйтынгу.
Станіслаў Шушкевіч набраў 10% галасоў і заняў 4-ае месца, пасьля Пазьняка, які набраў 12,82%, Кебіча – 17,3% і Лукашэнкі – 44,82% галасоў. Два апошнія выйшлі ў другі тур выбараў. Беларускія палітолягі назвалі выбары 1994 году “электаральнай рэвалюцыяй”: насельніцтва прагаласавала супраць старой намэклятуры за праграму “вяртаньня да парадку й стабільнасьці” ў якасьці пляну для Беларусі.
Юры Ліхтаровіч