Ці будзе 2 тур прэзыдэнцкіх выбараў?
05.03.2006
Толькі 2 тыдні засталіся да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Нагадаем, удзельнічаюць у іх адзіны кандыдадат ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Аляксандар Казулін, лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Сяргей Гайдукевіч ды дзеючы прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. На якую падтрымку ў грамадзтве могуць разьлічваць паасобныя кандыдаты й ці будзе 2 тур галасаваньня? Гэтыя пытаньні задала сваім суразмоўцам Эльвіра Богдан.
Намесьнік старшыні дэлегалізаванага ў Беларусі, а на сёньня зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаваньняў, Аляксандар Сасноў ужо цяпер заўважае, што прэзыдэнцкія выбары ня будуць ні свабоднымі, ні дэмакратычнымі.
А. Сасноў: Сытуацыя выглядае вельмі дрэнна. Улады робяць усё, каб тым, хто супраць іх змагаецца, сапсаваць усё, што толькі магчыма. Спэцслужбы кантралююць агітатараў, міліцыя зрывае розныя мерапрыемствы. Таму немагчыма назваць гэтыя выбары, як кажа Лукашэнка, дэмакратычнымі, свабоднымі й справядлівымі. Гэта лухта.
Сёньня за Лукашэнку гатовыя галасаваць прыкладна ад 55 да 65%. Такім чынам, магчыма, што Лукашэнка пераможа ўжо у 1. туры прэзыдэнцкіх выбараў.
Калі гаварыць пра апазыцыйных кандыдатаў, то А. Мілінкевіч мае каля 30 % падтрымкі. А. Казулін менш, прыкладна, ўдвая, а С. Гайдукевіч свае звычайныя 3-4 %.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч падкрэсьлівае, што выбары ў Беларусі адбываюцца пад прымусам, бо ў грамадзтве ўкаранілася боязь зьменаў.
У. Мацкевіч: Я думаю, што сытуацыя прадвызначаная. Усё скончыцца ў 1. туры. Іншая справа, што сёньня выбар робіцца пад прымусам. Незалежна ад таго, хто сымпатызуе, напрыклад, апазыцыйным кандыдатам, то нават пры сымпатыях людзі будуць галасаваць за Лукашэнку. Тут пэўна й фальсыфікацыя ня будзе патрэбна, бо так пабудаваная нашая сыстэма ў грамадзтве. Большасьць за 50%, на жаль, Лукашэнку забясьпечана.
Што тычыцца астатніх кандыдатаў, то пэўны час мне здавалася, што А. Мілінкевіч – фаварыт сярод апазыцыйных кандыдатаў. Але зараз некалькі піяраўскіх крокаў, якія зрабіў А. Казулін, паказваюць, што ён моцны канкурэнт Мілінкевічу. І цяпер яны ідуць бок у бок.
Людзям убітая – нават самымі апазыцыянэрамі – такая думка, што Беларусі зьмены будуць толькі шкодзіць, што зьмены некарысныя. Таму людзі галасуюць не зь любові да Лукашэнкі ці падтрымкі ягонага курсу. Яны насамрэч галасуюць за тое, каб не было зьменаў, бо так склалася грамадзкая думка й так яна прапагандуецца. Маўляў, пагляньце, нават ва Ўкраіне зьмены не прывялі да дабра. І нават пры ўсіх сымпатыях да Юшчанкі й аранжавых, ня трэба было мяняць Кучму.
Сацыялягічныя тэорыі напэўна могуць тлумачыць дадзеную сытуацыю ў Беларусі, хоць яна даволі такі ўнікальная. Людзі галасуюць за Лукашэнку не таму, што ён ім падаецца выдатным кіраўніком, а таму, што яго бачаць як меншае зло, як гаранта дасягнутага. Людзі баяцца, што пасьля адыходу Лукашэнкі яны страцяць тое, што маюць.
Без шырокай, змасаванай кампаніі, бяз пэўнага выхаваньня, без тлумачэньня людзям глыбіні гэтых праблемаў нічога не адбудзецца.
Таму добра, што Радыё Палёнія працуе на беларускай мове й можа тлумачыць гэтыя рэчы, бо ў Беларусі цяжка гэта зрабіць. Патрэбны вельмі вялікія інвэстыцыі ў СМІ.
Алесь Бяляцкі з Праваабарончага цэнтру „Вясна” зьвяртае ўвагу на тое, што Беларусі ўжо адладжаны мэханізм фальсыфікацыі выбараў, правераны лукашэнкаўскім рэжымам няраз за апошнія 5-7 гадоў. А выбаршчыкі павінны разумець, што іхныя галасы зноў украдуць.
А. Бяляцкі: Па нашых меркаваньнях, лічба, якую афіцыйна выдасьць Цэнтральная выбарчая камісія, будзе вельмі сур’ёзна адрозьнівацца ад рэальных вынікаў галасаваньня.
Працэс фальсыфікацыі вынікаў выбараў у Беларусі адладжаны. Ён быў ужо ўжыты на некалькіх галасаваньнях. За апошнія 5-7 гадоў улады давялі яго да дасканаласьці. Як у законе, гэтак і ў практыцы правядзеньні выбараў ёсьць вялізныя чорныя дзіркі, якія ствараюць магчымасьці дзеля фальсыфікацыі гэтых выбараў.
Я назаву толькі некалькі асноўных момантаў, пра якія ўвесь час трубяць няўрадавыя арганізацыі, а таксама міжнародная супольнасьць у выглядзе АБСЭ, ПАРЭ і г.д.
Па-першае, гэта фармаваньне выбарчых камісіяў. На сёньняшні дзень ужо сфармаваны камісіі ўсіх узроўняў. І па падліках прадстаўнікоў няўрадавых арганізацыяў, тых, хто займаецца назіраньнем за выбарамі, у гэтыя камісіі ўвайшло менш за 1% прадстаўнікоў дэмакратычных партый і грамадзкіх арганізацый. Гэта азначае, што ўсе 6 тыс. выбарчых камісіяў кантралююцца выканаўчай уладай краіны. Гэта дае бязьмежныя магчымасьці фальсыфікаваць выбары.
Тое ж самае датычыць 5-дзённага папярэдняга галасаваньня. Ніхто ня ведае, што робіцца за гэтыя 5 дзён са скрынямі, зь бюлетэнямі. Ці іх падменьваюць, ці дакладаюць яшчэ іншыя бюлетэні, ці яшчэ нейкія праводзяць махінацыі – невядома.
І трэці момант – гэта назіраньне за выбарамі. На жаль, назіральнікі ня маюць ніякіх правоў. Яны ня могуць назіраць за падлікам бюлетэняў. Гэта зноў жа дае ўладам магчымасьць выдаваць абсалютна адвольныя лічбы.
На такім фоне цяжка рабіць нейкія прагнозы, таму што ніхто рэальна ня ведае, што ж зьмяшчала большасьць бюлетэняў.
Мы прагназуем, што афіцыйныя лічбы за сёньняшняга прэзыдэнта А. Лукашэнку будуць складаць 78-82 % пры яўцы больш за 80 %. Такі наш прагноз.
Што тычыцца астатніх кандыдатаў, то я думаю, што Цэнтральная выбарчая камісія, а хутчэй за ўсё Адміністрацыя Прэзыдэнта напіша ім ня больш 10 %. Гэта датычыць і А. Мілінкевіча, і А. Казуліна, і С. Гайдукевіча. Яны атрымаюць, як я мяркую, ад 2 да 7 %.
Асноўнае, што будуць рабіць улады першыя пару тыдняў пасьля выбараў – весьці змасаваную прапагандысцкую кампанію, накіраваную на тое, каб пераканаць людзей у праўдзівасьці гэтых лічбаў.
Мы перакананыя, што вынікі былі б цалкам іншыя, калі б выбары праходзілі празрыста й дэмакратычна. Але калі нават сёньня ўключыць БТ, то можна пераканацца, што ад самага пачатку ўмовы для паасобных кандыдатаў створаны няроўныя. Нехта выступае на Ўсебеларускім сходзе, некага не пускаюць туды, зьбіваюць. Да таго ж пад ухваляльнае ўлюлюканьне прэзыдэнта і ўсяе той хеўры, якая пляскала гэтаму ў далоні.
Другога туру прэзыдэнцкіх выбараў ня будзе ў Беларусі. Хоць я ўпэўнены, што рэйтынг Мілінкевіча будзе набліжаца да 50 %. Калі б выбары праходзілі свабодна й дэмакратычна, то Мілінкевіч напэўна выйшаў бы ў другі тур разам з Лукашэнкам. Але, мабыць, гэта была б новая гісторыя Беларусі. На сёньняшні дзень гэта неверагодна.
Тым часам звонку назіральнікі за палітычнай сытуацыяй у Беларусі пагаджаюцца зь меркаваньнем нашых суразмоўцам адносна таго, што другога туру выбараў ня будзе. Гэта не на руку самому Аляксандру Лукашэнку. Калі б апазыцыя давяла да другога туру, то грамадзтва магло б у незалежным кандыдаце ўбачыць альтэрнатыву – лічыць Войцех Бародзіч -Смаліньскі з варшаўскага Цэнтру міжнародных адносінаў.
В. Бародзіч -Смаліньскі: Я мяркую, што будзе толькі адзін тур. А. Лукашэнка проста не захоча рабіць другога туру, бо гэта будзе дадатковым ускладненьнем. Гата паказала б, што ёсьць альтэрнатыва ў Беларусі, што ёсьць апазыцыя, якая змагла выйграць другі тур. Выйграць – гэта значыць давесьці да ягонага правядзеньня.
Як падкрэсьліў праваабаронца Алесь Бяляцкі („Вясна”), трэба людзям давесьці інфармацыю, што іхных галасоў нават часам ня лічаць, а іхны выбар будзе ўкрадзены 19 сакавіка.
Кніга “Насуперак відавочнаму”
Ці магчыма супраца Казуліна й Мілінкевіча?
10.03.2006
Зноў пачаліся спробы сумеснай працы штабоў Мілінкевіча й Казуліна. У чацьвер адбылася асабістая сустрэча двух кандыдатаў. У вуснай размове Аляксандар Казулін запрапанаваў штабу Мілінкевіча разгледзець тры магчымыя лініі паводзінаў адносна выбараў.
На тэлефоннай лініі з намі давераная асоба й прэс-сакратар Казуліна Ніна Шыдлоўская. Раскажыце, зь якімі прапановама зьвярнуўся Аляксандар Казулін да Аляксандра Мілінкевіча?
Н. Шыдлоўская: Па-першае, гэта сумесная заява, у якой будзе пацьверджана, што Канстытуцыя Беларусі растаптаная вышэйшымі дзяржаўнымі асобамі. Што ўдзел Лукашэнкі ў выбарах нелегітымны. І, зьвяртаючы ўвагу на апошнія парушэньні заканадаўства, мы прапануем абодвум кандыдатам зьняць свае кандыдатуры, бо празрыстыя й аб’ектыўныя выбары 19 сакавіка не адбудуцца.
Другая прапанова — узважыць і абмеркаваць удзел адной каманды ў выбарах, зьняць адну асобу на карысьць другой кандыдатуры. Пры гэтым працэсе перамоваў павінны ўлічвацца рэальныя ўмовы й сытуацыя, каб кандыдат не раздражняў асноўных зьнешнепалітычных ігракоў — Эўразьвяз, Расею ды ЗША.
Трэцяя прапанова датычыць выпадку, калі прымецца рашэньне надалей на выбары ісьці двум кандыдатам. У гэтым выпадку мы прапануем скаардынаваць дзеяньні й прыняць дэклярацыю аб сумесных дзеяньнях па інфармаваньню насельніцтва, па прадухіленьню фальсыфікацый, па назіраньню за галасаваньнем і падвядзеньня яго вынікаў. Акрамя гэтага быў прадстаўлены шэраг сумесных акцый па абароне правоў грамадзян, якія сёньня не падтрымліваюць дзеючы рэжым.
Пакуль Мілінкевіч ня даў ніякага адказу, бо ў іх такія рашэньні прымаюцца калегіяльна. Нам абяцалі, што прапановы разгледзяцца на палітычнай радзе аб’яднаных дэмакратычных сіл. Таму пакуль мы чакаем адказу Аляксандра Мілінкевіча.
Ці гэта ня позна, бо да выбараў толькі тыдзень?
Н. Шыдлоўская: Падобныя прапановы гучалі раней, калі толькі распачаўся працэс супрацоўніцтва абодвух штабоў. Ад Казуліна гучалі канкрэтныя прапановы пра арганізацыю сумеснага назіральніцтва, пра акцыю інфармаваньня насельніцтва аб сапраўдным эканамічным стане. На жаль, гэтыя канкрэтныя прапановы былі праігнараваныя. Цяпер прайшоў некаторы час і падзеі пачалі разгортвацца вельмі імкліва, насамрэч, патрэбныя рашучыя крокі. Меркаваць такімі катэгорыямі як позна ці няпозна, наўрад ці магчыма. Рэчаісны стан рэчаў паказвае, што Казулін і Мілінкевіч па вялікіх рахунках ня дзеляць электарат. Мілінкевіч у асноўным працуе на пратэсным электараце. Казулін у дадатак працуе з групай, якая абыякавая й да нядаўняга часу падтрымлівала Лукашэнку.
Як несупернікі, а ў дадзенай рэчаіснасьці Беларусі яны пры пэўных умовах маглі б стаць партнэрамі, Казулін сумесна з Мілінкевічам маглі б зьмяніць той стан рэчы, які склаўся сёньня.
Казулін пацьверджвае, што на сёньняшні дзень для Беларусі асабліва важна, каб у чарговы раз прэзыдэнтам ня стаў Лукашэнка.
Таксама мы размаўляем з прэс-сакратаром штабу Мілінкевіча Паўлам Мажэйкам. Як вы аднесліся да прапановы Казуліна?
П. Мажэйка: Мы лічым нерэальнай, бессэнсоўнай і правакацыйнай прапанову Казуліна, каб Мілінкевіч зьняўся на яго карысьць. Гэта чарговы піярход. А дзьве іншыя прапановы наш штаб будзе разглядаць у бліжэйшы час, магчыма, да панядзелку. Мілінкевіч няраз заяўляў, што ён ідзе да канца й здымаць сваю кандыдатуру не плянуе.
З намі размаўляе палітоляг Уладзімір Мацкевіч. Скажыце, ці ёсьць шанец пагадненьня й супрацы паміж абодвума кандыдатамі?
У. Мацкевіч: Шчыра кажучы — не. І гэта не залежыць ад асабістых стаўленьняў, напрыклад, Мілінкевіча ці Казуліна. Тут шмат залежыць ад атачэньня. Тут бачыце, якая справа. Насамрэч, адзіны кандыдат мае некаторыя шанцы, каб пазмагацца з Лукашэнкам. Не перамагчы, але выставіць нейкую рэальную альтэрнатыву. Іншая справа, на жаль, паўтараецца, як фарс, справа з 2001 году. Тады таксама былі два моцныя і амаль роўныя кандыдаты. Напрыканцы перадвыбарчай кампаніі адзін здымае сваю кандыдатуру на карысьць другога. Але яго каманда нязгодная падтрымаць іншага кандыдата. Тут падобная сытуацыя. Паміж камандамі Казуліна й Мілінкевіча няма згоды. Напэўна, няма ніякіх магчымасьцяў у такі кароткі час дасягнуць пагадненьня. Трэба было гэтыя перамовы пачынаць яшчэ ўлетку. Відавочна, што ўсе сумесныя пляны трэба было разгледзець на пачатку студзеня. А цяпер, ці спадзяваньні на цуд, ці іншыя меркаваньні перашкаджаюць атачэньню Мілінкевіча пайсьці на такія кампрамісы й аб’яднаньне.
Як відаць, з аднаго боку – з боку Аляксандра Казуліна — гэта патрэба актыўнага супрацоўніцтва двух кандыдатаў, якая неабходна нават у апошні тыдзень перадвыбарчай кампаніі. А з другога – боку Мілінкевіча — гэта простая піяр-кампанія й непрадуманыя прапановы.
Алена Пытэль
09.05.2006
Беларускі моладевы рух Зубр заявіў аб самароспуску ў імя агульнага руху апазыцыі “За свабоду”. На шляху да перамогі шанцы мае толькі адзін рух, але моцны.
“Прэзыдэнцкая выбарчая кампанія 2006 года карэнным чынам зьмяніла сытуацыю ў Беларусі. Нягледзячы на татальны кантроль, масавыя рэпрэсіі і запалохваньні, дыктатура ня здолела зламаць волі народу да свабоды. Дзясяткі тысяч беларусаў, якія выйшлі на вуліцу, нягледзячы на пагрозу сьмяротнага пакараньня, прадэманстравалі ўсяму сьвету жаданьне бачыць краіну свабоднай і дэмакратычнай. Рэжым пацярпеў маральную паразу». Гаворыцца ў заяве моладзевага руху Зубр.
Чальцы гэтай незарэгістраванай арганізацыі прыйшлі да высновы, што канчатковай перамогі можна дасягнуць толькі ў выніку аб`яднаньня ўсіх дэмакратычных сілаў. Галоўнае на сёньня – гэта стварэньне агульнанароднага дэмакратычнага руху, які будзе здольны аб`яднаць мільёны прыхільнікаў дэмакратычных перамен. У якасьці першага кроку моладзевы рух Зубр заявіў аб перапыненьні ўласнай дзейнасьці й аб працягу супраціву ўжо ў межах новага агульнанацыянальнага руху.
Сябра ўжо былога руху Зубр Аляксей Шыдлоўскі:
Шыдлоўскі: Сабралася большая частка сяброў руху Зубр і прыняла большаю часткаю галасоў рашэньне, што арганізацыя перастае існаваць. А сябры ўліваюцца ў агульны рух «За свабоду». Кожны сябра будзе прыймаць рашэньне для сябе аб далейшым удзеле ў апазыцыйных акцыях. Ніякага камандаваньня зьверху ня будзе.
Дзейнасьць ад імя незарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў у Беларусі перасьледуецца па законе. Сябры такіх арганізацыяў падпадаюць пад крымінальную адказнасьць. Пакараньнем можа быць да 3 гадоў зьняволеньня.
Пра стварэньне новага руху апазыцыя абвесьціла адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Сёлета 25 сакавіка людзі, што прыйшлі адсьвяткаваць Дзень Волі, ужо ставілі падпісы, дэкляруючы сваё жаданьне ўдзельнічаць у новым руху.
24 красавіка на паседжаньні палітычнай рады дэмакратычных сілаў была зацьверджаная стратэгія дзеяньняў аб’яднанай апазыцыі на наступныя паўтара году, а таксама заяўлена аб стварэньні палітычнай кампаніі руху «За свабоду».
Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьліваў, што гэта не прынцыпова новы рух. Вядзецца пашырэньне перадвыбарчай кааліцыі закошт новых удзельнікаў — шараговых грамадзянаў, якія не былі заангажаваныя яшчэ ў палітыцы. Грамадзянскай супольнасьці быў прапанаваны добраахвотны ўдзел.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч:
Мацкевіч: Апроч брэнду й налепак у гэтага руху амаль нічога няма. Ёсьць яшчэ некалькі арганізацый, якія стаяць за гэтым. А так, пакуль што, ён нічым не адрозьніваецца ад тых ранейшых ініцыятываў, якія паўставалі. Шмат хто абвяшчаў аб стварэньні рухаў. Цяпер паміж імі будзе спаборніцтва. На Беларусі павінны быць толькі адзін рух. Як у свой час «Салідарнасьць». Зараз у Полшчы колькі там прафсаюзаў?! А каб падчас ваеннага становішча іх было столькі, што б з гэтага выйшла? Супраць дыктатуры, супраць гэтай улады, можа змагацца толькі адна апазыцыя – аб’яднаная. Адзін рух і ўсё. Рух павінны быць грунтоўным, трэба глядзець, што ў каго ёсьць. Павінны пачацца масавы працэс аб’яднаньня. На сёньгяшні дзень шмат якія арганізацыі самі сябе дыскрэдытавалі. Людзі, якія ў гэтыя арганізацыі ўваходзяць, яны жывыя, а самі арганізацыі мёртвыя. Было б добра разабраць арганізацыі й стварыць з гэтых людзей — здольных, трывалых, накіраваных на перамогу — стварыць нешта працаздольнае. Пачаць сапраўдны рух на перамогу над рэжымам.
Адным з галоўных накірункаў дзейнасьці руху «За свабоду», які назваў Аляксандар Мілінкевіч, зьяўляецца кампанія па інфармаваньні насельніцтва. Але асноўнае палітычнае патрабаваньне новага руху — свабодныя й справядлівыя выбары.
Ганна Гарачка
20.05.2006
Эўразьвяз прыняў рашэньне аб арышце банкаўскіх рахункаў і нерухомасьці 36-ці беларускіх чыноўнікаў. Прычына санкцыяў — парушэньне імі міжнародных выбарчых стандартаў ды рэпрэсіі ў адносінах да грамадзянскай супольнасьці падчас сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі.
“Замарожаныя” рахункі, у першую чаргу, Аляксандара Лукашэнкі. Таксама сярод 36 асобаў кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Генадзь Нявыглас, намесьнікі кіраўніка Адміністрацыі Натальля Пяткевіч і Анатоль Рубінаў, памочнік прэзыдэнта па ідэалёгіі Алег Пралескоўскі, міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў, міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч, міністар юстыцыі Віктар Галаванаў, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, ды дэпутат Мікалай Чаргінец, кіраўнік БРСМ Міхаіл Арда, сакратар Цэнтральной выбарчай комісіі Мікалай Лазавік, генэральны прокурор Пётра Міклашэвіч ды іншыя чыноўнікі першага зьвяна. Сьпіс завяршае прозьвішча камандзіра палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Падабеда.
Сьпіс амаль цалкам адпавядае сьпісу чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Але ў сьпісе “невязных” ёсьць прозьвішча Юры Сівакова, а вось у пераліку асобаў, чые рахункі будуць “замарожаныя”, яго ўжо няма.
Зь цяжкасьцю можна ўявіць, што сур’ёзныя рахункі ў замежных банках завялі звычайныя судзьдзі раённых судоў Менску.
Меркаваньне эканаміста Яраслава Раманчука:
Раманчук: Заходняя эканоміка напрацавала шмат розных схем і стварыла шмат інстытуцый, каб хаваць грошы. Існуе неалькі дзясяткаў спосабаў, каб гэта рабіць без выяўленьня прозьвішча. Таму спробы заблякаваць рахункі фізычных асобаў гэта толькі маральны, псыхалягічны, палітычны ўціск на гэтых людзей. “Мы будзем за вамі сачыць”. Але гэтыя 36 асобаў добра разумеюць, у якім асяродьдзі яны працуюць, дык упэўнены, што ў нікога імяннога рахунку ня знойдуць. Відаць, гучных справаў выкрыцьця ня здарыцца. Перашкодзіць хаваць грошы й працаваць і з Захадам, і з Усходам такая мера не дапаможа. Яны могуць хаваць грошы як гатоўкаю, гэтак і праз траставыя фонды, праз афшорныя кампаніі. У Польшчы, Летуве, Расеі, Украіне… Праз афіцыцыйна зарэгістраваныя фірмы, якія бяруць гатоўку. У сьвеце абарот праньня брудных грошай скаладае амаль 2 трыльёны даляраў. Схаваць нават мільярд — нічога складанага. Ускладніць жыцьцё гэтых 36 асобаў маглі б крымінальныя справы, якія падпадаюць пад больш жорсткі кантроль Інтэрполу й ворганаў, якія сочаць за грашовымі патокамі.
Эўразьвяз адмовіўся ад шырокіх эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Эканамічныя санкцыі нявыгадныя і беларускай апазыцыі, і Эўразьвязу. Для эўразьвязаўскіх краін гэта эканамічныя страты, а для апазыцыі – страта павагі ў вачах насельніцтва ўласнай краіны.
Меркаваньне палітоляга Ўладзімера Мацкевіча:
Мацкевіч: На беларускі электарат гэта ня вельмі паўплывае пры тым становішчы са сродкамі масавай інфармацыйі, якое цяпер у краіне. Людзі пра гэта нават не даведаюцца. Гэта маральны ціск. Але асобы са сьпісу ня самыя заможныя. Грошы ходзяць празь іншых, якія не засьвечныя ў брудных палітычных справах перасьледу апазыцыі. Запэцканае чынавенства й тыя, хто валодае грашыма, розныя асобы. Гэта піяраўская акцыя. Але тады яна павінная быць шырока распаўсюджаная. Як гэта зрабіць пры адсутнасьці незалежных сродкаў масавай інфармацыі? Большасьць людзей у Беларусі ўжо забылася нават пра зьніклых палітыкаў.
Беларускяя ўлады могуць на санкцыях супраць чыноўнікаў нават выйграць, бо ў Лукашэнкі зьявіцца новы аргумэнт для электарату: вось бачыце, ніякіх грошай за мяжою ні ў мяне, ні ў маіх людзей няма.
Ганна Гарачка
14.06.2006
Паводле сьцьвярджэньня Іны Кулей, якая займаецца лёсам рэпрэсаваных, сярод беларускіх студэнтаў, выключаных з ВНУ, 70% складаюць лепшыя вучні.
Ці не зьяўляецца тое, што Беларусь пакідаюць лепшыя, чарговай хваляй эміграцыі?
Меркаваньне лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка:
Пазьняк: Аб’ектыўна гэта можа быць выгадна толькі рэжыму Лукашэнкі й Маскве. Актыўныя сілы, якія патрэбныя Беларусі, зь Беларусі выводзяцца. Сілы інтэлектуальныя. Мала хто зь іх вернецца назад. Можна не сумнявацца. Галоўны нацыянальны рэсурс гэта моладзь, інтэлект. Яны будуць працаваць на карысьць чужых краін. Гэта выгадна дыктатуры Лукашэнкі, Маскве і, у пэўнай ступені, краінам, якія прымаюць. “Мазгі” будуць працаваць на іх. Ніхто ня будзе рабіць свабоды для беларусаў апроч саміх беларусаў. Кожны пільнуе сваіх інтарэсаў. Ніхто ня будзе змагацца за незалежнасьць, нацыю, культуру апроч саміх беларусаў. Дабрадзеяў няма, гісторыя гэта пацьвярджае. Зараз палітыка рухаецца фактычна да трэцяга падзелу Вялікага Княства Літоўскага. Вывад моладзі пад выгядам дапамогі аб’ектыўна для Беларусі шкодны.
Лідэр беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч:
Мілінкевівч: Тое, што студэнты ад’яжджаюць, разбурае страх. Гэтыя студэнты самі перамаглі гэтае дрэннае пачуцьцё й прыйшлі на плошчу. Сёньня, калі мы іх абаронім, пераможам страх у іншых. А калі не абаронім, сытуацыя можа быць горшая, чым да выбараў. Гэта вельмі важныя, вельмі нам патрэбныя людзі, але не такая колькасьць вырашыць лёс Беларусі. Гэтыя людзі на большасьць акцыяў прыяжджаюць, дзе б яны не былі. Абарона людзей галоўнае. Калі не абаронім гэтых, ня маем права заклікаць іншых.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч:
Мацкевіч: Мне б таксама хацелася ведаць – ці не новая гэта хваля эміграцыі. Прыватнага позірку на гэтую справу тут недастаткова, трэба адмысловыя дасьледаваньні. Можа быць пасьля гэтых выбараў пачаўся у беларускай гісторыі новы пэрыяд. Відаць, шмат хто сапраўды задумваецца аб ад’ездзе. Калі гэты рэжым усур’ёз і надоўга, дык, баюся, пацягнецца лянцужок.
Ганна Гарачка
23.06.2006
Абмеркаваная канцэпцыя абвінаваўчага заключэньня паводле злачынстваў сталінізму ў Беларусі.
Грамадзкая арганізацыя «Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» мяркуе завяршыць І этап сваёй працы да 30 кастрычніка — Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Рыхтуюцца слуханьні: “Злачынствы сталінізму ў Беларусі” ў форме паседжаньня грамадзкага трыбуналу. Гэткага, які адбыўся ў Вільні ў 2000 годзе “Нюрнбэрг-2”, дзе быў вынесены вэрдыкт. Праца ў Беларусі йдзе па аналягічнай схеме.
Гісторык Ігар Кузьняцоў:
Кузьняцоў: Калі для іншых краінаў гэтая праблема ўжо гістарычная, яны вывучаюць, што было ўчора, дык для Беларусі яна актуальная сёньня. Бо працягваюцца рэпрэсіўныя дзеяньні. Ня масавыя, але да асобных грамадзянаў ды арганізацый. У апошнія гады гэта тэма фактычна зьнікла са сродкаў масавай інфармацыі. Спачатку дзяржаўных — радыё, тэлебачаньня, старонак газэт. А потым і недзяржаўных. Матывацыя: пра гэта ўжо казалі на пачакту 90-х. Але вырасла ўжо новае пакаленьне, а ў падручніках па гісторыі тэмы сталінскіх рэпрэсіяў няма. Дзяржава так і не папрасіла прабачэньня ў народу. Не адбыўся «Нюрнбэрг-2». Фашызм асуджаны, а сталінізм ня толькі не асуджаны, а наадварот — усё болей тых, хто кажа, што нічога падобнага не было. Нават, што так было трэба. Не пасьпелі тады дабіць апазыцыю, вось яна зараз ізноў зьявілася.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч:
Мацкевіч: Гэтая тэма даўно зьнікла са старонак ня толькі дзяржаўніх, але й незалежных газэт. Незалежная прэса сама рэпрэсаваная. Але ўзнікненьне сёньняшняга таталітарнага рэжыму абумоўлена й тым, што мы не разьвіталіся са сталінізмам, сталінскім мінулым. Слова «рэпрэсаваныя» нездарма ўзьнікла ў сёньняшнім кантэксьце, бо гісторыя помсьціць тым, хто пра яе забываецца. Гэта й здарылася. Дэмакратычныя палітыкі, незалежная прэса таксама ў гэтым вінаватыя.
Ганна Гарачка
13.07.2006
Галяндзкі эўрадэпутат Ян Марынус Віерсма, які зьяўляецца лідэрам сацыялістычнай групы Эўрапейскага парлямэнту, скіраваў учора ліст да лідэра беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. У лісьце Віерсма выказвае сваю заклапочанасьць стратэгіяй беларускай апазыцыі, якая, на думку эўрадэпутута, канцэнтруецца больш на працы за мяжою, чым у самой Беларусі.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў гэтага году беларуская апазыцыя заявіла, што адным з прыярытэтных пуктаў інфармацыйнай праграмы будзе зьяўляцца кампанія “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, сэнс якой заключаўся ў наведваньні кватэраў ды дамоў беларусаў з мэтаю тлумачэньня праграмы адзінага кандыдата. Праграма досыць добра рэалізоўвалася, і адразу пасьля выбараў штаб Мілінкевіча заявіў, што падобная практыка будзе працягвацца далей.
Дэпутут Эўрапарлямэнту падкрэсьліў, што аб’яднаньне апазыцыі напярэдадні выбараў зьяўляецца вялікай заслугай яе актывістаў, але адначасова дадае, што існуе пагроза ў яе працы ў будучым.
Пасьля выбараў замежныя паездкі кіраўніцтва беларускай апазыцыі былі вельмі інтэнсыўнымі. Анатоль Лябедзька ды Аляксандар Мілінкевіч наведалі зь візытамі шэраг эўрапейскіх і іншых краінаў. Тэматыка паездак лідэраў апазыцыі ў замежжа бурна абмяркоўвалася ў сеціве сярод беларускай моладзі. Адныя казалі пра патрэбу такіх паездак, паколькі падчас размоваў з эўрапейскімі палітыкамі паўстае шмат грамадзкіх ініцыятываў, скіраваных на дэмакратызацыю Беларусі. Іншыя зьвярталі ўвагу на тое, што беларускія дэмакраты праграму ад “дзьвярэй да дзьвярэй” рэалізуюць у калідорах эўрапейскіх інстытутаў.
Аляксандар Мілінкевіч не да канца пагаджаецца зь лістом Яна Марынуса Віерсмы. На ягоную думку, падчас гэтых паездак апазыцыя дамаглася вялікай падтрымкі для грамадзянскай супольнасьці. Сярод аднаго з такіх праектаў ён узгадвае хаця б дапамогу рэпрэсаваным студэнтам.
А. Мілінкевіч: „Кожны павінен мець сваю думку, але я не з усім згаджаюся. Папракаць у тым, што мы шмат езьдзім у Эўропу, то гэта несправядліва. Калі б не было гэтых паездак, то б не было гэтай салідарнасьці, а гэта на сёньня справа нумар адзін. Мы ня маем маральнага права заклікаць людзей да барацьбы, калі мы ня можам іх абараніць. А гэта магчыма толькі пры дапамозе партнэраў з-за мяжы. Зараз будзем рэалізоўваць праграмы «Сям’я, сям’я» з такімі краінамі як Нарвэгія, Данія, Польшча, магчыма — Швэцыя. Гэта ўсё робіцца дзякуючы такім паездкам”.
Нам не ўдалося паразмаўляць з кіраўніком АГП Анатолем Лябедзькам, які зараз знаходзіцца менавіта за мяжою. Як адбываецца інфармацыйная праграма АГП — распавядае чалец партыі Ігар Шынкарык.
І. Шынкарык: Пасьля выбараў назіраўся перапынак у працы кааліцыі, і толькі АГП працягвала працаваць далей. Мы як працавалі, так і працягваем працаваць. За гэты час мы распаўсюдзілі не адну тысячу брашур, выдадзеных пад эгідаю Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Таксама мы распаўсюдзілі каля 300 тысячаў газэты «Глыток паветра». Друкуем шмат улётак пра акцыі пратэсту. І мы гэта будзем рабіць надалей”.
На думку палітоляга Ўладзімера Мацкевіча, беларуская апазыцыя ня здолела працягнуць той інфармацыйнай кампаніі, якую яна пасьпяхова распачала перад выбарамі прэзыдэнта.
У. Мацкевіч: „ Замежная і ўнутранная актыўнасьць сапраўды незбалянсаваная. Няма кампаніі «ад дзьвярэй да дзьвярэй», і ўвогуле зацішша. Мне падаецца, што ў лідэраў проста няма ідэяў. Проста відавочна, што заходні вэктар сёньня нашмат перабольшаны ў параўнаньні з унутраным”.
На думку галяндзкага эўрадэпутата, непасрэдны кантакт беларускіх апазыцыянэраў з эўрапейскімі палітыкамі ды структурамі можна было б замяніць інфармацыйным цэнтрам дэмакратычных сілаў.
Дзьмітры Гурневіч
Беларусы сярод антыглябалістаў
19.07.2006
Падчас саміту кіраўнікоў краінаў “вялікай васьмёркі” ў Санкт-Пецярбурзе былі затрыманыя беларускія грамадзяне, якія рабілі спробы зьвярнуць увагу журналістаў на сытуацыю ў Беларусі.
Дзясятак беларускіх моладзевых актывістаў, якія прыехалі ў Санкт-Пецярбург менавіта на час правядзеньня саміту, мелі намер распаўсюдзіць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі сярод акрэдытаваных на мерапрыемстве высокага рангу журнаілстаў. Удзельнікі негвалтоўнага супраціву “Бунт” зь Беларусі 14 і 15 ліпеня распаўсюджвалі спэцвыпускі “Беларускай праўды”, за што апынуліся ў пастарунку.
Намесьніца старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Тацьцяна Мельнічук:
Мельнічук: На інтрнэт-старонках зьяўлялася шмат інфармацыі ад беларускіх анархістаў, моладзевага аб’яднаньня Бунт, якіх затрымлівала расейская ФСБ падчас пратэстных акцыяў. Яны паведмлялі, як зь імі абышліся. Таксама пра тое, што супрацоўнікі беларускай амбасады ня выявілі аніякай цікавасьці да іх лёсу, нічым не дапамаглі сваім грамадзянам.
Беларускую моладзь у Санкт-Пецярбурзе падчас саміту кіраўнікоў разьвітых дзяржаваў затрымлівалі разам з антыглябалістамі, якія пратэставалі на вуліцах. Пра антыглябалізм разважае палітоляг Уладзімер Мацкевіч
Мацкевіч: Антыглябалістаў у Беларусі сапраўдных, на маю думку, няма. Антыглябалісты гэта рух незадаволеных прагрэсам людзей, што ня могуць упісацца ў сучасныя ўмовы жыцьця. Гэта характэрна для разьвітых краінаў. Для краінаў з пераходнай эканомікай, як Беларусь, гэта нехарактэрна. Сапраўднага антыглябалізму тут няма. Тут ёсьць пратэстныя настроі. Невялічкія групоўкі моладзі надвор’я не ствараюць. Антыглябалізм у Расеі падтрымліваецца найбольш рэакцыйнымі сіламі, нават самім крамлёўскім рэжымам. Беларускія патрыёты павінныя былі 10 раз падумаць перад тым, як далучцца да антыглябалісцкага руху, бо Лукашэнка адзін з найбольшых антыглябалістаў у сьвеце.
Ганна Гарачка
22.07.2006
Паводле расейскіх сродкаў масавай інфармацыі, нефармальны саміт СНД праваліўся. Запрашэньне прэзыдэнта Пуціна праігнаравалі калегі з былых краінаў СССР. У Маскву адмовіліся прыляцець прэзыдэнты Грузіі, Украіны, Армэніі, Туркмэніі. У кожнага знайшліся на тое свае прычыны. Сабраліся толькі сямёра лідэраў краінаў СНД. Нефармальныя саміты ўжо ўвайшлі ў традыцыю, як і плянавыя, гэта ўжо 41 сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў постсавецкае прасторы. Афіцыйную сустрэчу плянyeцца правесьці ў верасьні ў Менску.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць СНД штучным утварэньнем.
Мацкевіч: Гэта неабходна ў першыю чаргу Расеі, каб зьбіраць былыя часткі Саюзу, і некаторым “аўтсайдэрам”, якія не знайшлі свайго мейсца ў сьвеце і сваім рэгіёне. Беларусь цяпер таксама ў аўтсайдэрах, а напачатку была вялікая памылка Беларусі на ўдзел у СНД. У 1991 годзе гэта было неабходна, але празь некалькі гадоў трэба было скасаваць гэтае ўтварэньне. Лукашэнка выкарыстоўваў утварэньне ў сваіх інтэграцыйных пошуках. На сёньня ён ужо не лідыруе ў гэтым працэсе. У яго гэта адзіная магчымасьць, як аўтсайдэра, удзельнічаць у міжнароднай палітыцы. Наконт эканамічнай карысьці… СНД яшчэ было здольнае вырашаць некаторыя пытаньні, але яно ня мае пэрспэктывы, і зь яго трэба выходзіць.
Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў была ўтвораная 8 сьнежня 1991 году. Пагадненьне падпісалі прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын, прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук і старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч.
Падзеі таго часу ацэньвае старшыня міжнароднай камісіі Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, потым першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі:
Садоўскі: У першым дакумэнце былі запісаныя нармальныя рэчы. Там гаварылася, што як геапалітычная зьява СССР перастае існаваць і ўтвараецца Садружнасьць Незалежных Дзяржаваў. На той час гэта было аптымальна. Інакш нічога нельга было зрабіць. Мы ратыфікавалі дакумэнт у Вярхоўным Савеце. Але як гэта рабілася?! З пункту гледжаньня этыкі дзяржаўнай гэта было гвалтам, бо наш парлямэнт нічога ня ведаў. Была нават такая скандальна-дзіўная сытуацыя. Ельцын падараваў Шушкевічу карціну -вызвальеньне рускімі войскамі ці то Смаленска, ці то Магілёва. Але ж гэта быў захоп беларускіх земляў у 16 ст. Алег Трусаў абурыўся. Я падбег да Козырава: “Што вы робіце?” Козыраў кажа: “Хто яго ведае, можа Бурбуліс нешта і пераблытаў”. Была такая неразьбярыха, ельцынскі сумбур. Ня думаю, што гэта была спроба некага абразіць. Проста касталомная такая палітыка.
Ганна Гарачка
16 угодкі Дэклярацыі аб Дзяржсувэрэнітэце Беларусі
27.07.2006
Сёньня – 16-я ўгодкі падпісаньня Дэклярацыі аб Дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі. 27-га ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня на сваёй першай сэсіі прыняў Дэклярацыю. Гэта быў першы крок да беларускай нежалежнасьці ў савецкія часы.
Тагачасны дэпутат Анатоль Лябедзька, які прадстаўляў дэпутацкі Дэмакратычны рух, кажа, што пра гэтыта падзеі трэба здымаць кіно й пісаць кнігі.
Лябедзька: Я памятаю адно: уся заля стаяла й кляскала ў далоні, таму што гэты дакумэнт нараджаўся ў спрэчках, у дыскусіі й нават у нейкіх пакутах. І калі ён быў прыняты, то й камуністы, якіх была падаўляючая большасьць — гэта была партыя ўлады, намэнклатурная партыя — ды апазыцыя, якую я тады прадстаўляў, гэта быў адзіны Вярхоўны Савет 12 скліканьня. Адзіны зь нешматлікіх момантаў, калі гэта быў адзіны парлямэнт. Дакумэнт быў прыняты падаўляючаю большасьцю. І гэта насамрэч было сьвята, бо гэта можна было прачытаць на тварах людзей. Прайшло 16 гадоў. Калі б зрабіць такі баланс, як выкарыстаўся першы крок да незалежнасьцьі: ёсьць і здабыткі, ёсьць і тое, што мы згубілі — усё трэба пакласьцьі на шалі вагаў. Безумоўна, гэты дакумэнт — адна з цаглінак, якія былі закладзеныя ў падмурак новай і незалежнай Беларусі. І гэта, безумоўна, быў юрыдычны прававы фундамант, на якім потым пачалося будаўніцтва. Шкілет, на якім нарасьцілася мускулярная маса сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі, якую сёньня прызнае de facto, калі верыць сацыёлягам, 95 % насельніцтва. Тады значна менш людзей хацела, каб Беларусь была незалежнай і самастойнай, была большая настальгія па Савецкім Саюзе. Пачатак зьменаў у сьвядомасьці людзей быў пакладзены гэтым дакумэнтам. Што датычыць страт, то, канешне, мы не такую Беларусь хацелі. Сувэрэнітэт — гэта як правая ці левая нага аднаго арганізму. А без дэмакратыі няма руху наперад. Мы маем сувэрэнную Беларусь, няхай на хісткіх дзіцячых ножках, але ж гэта сувэрэнная Беларусь. Але няма дэмакратычай Беларусі, і гэта нашыя страты, гэта нашыя памылкі — гэта нэгатыўны вынік.
З нагоды 16-й гадавіны абвяшчэньня Дзяржаўнага сувэрэнітэту ў Менску заплянавана канцэрт. Пра свой удзел у канцэрце заявілі такія вядомыя гурты як “Нэйра-Дзюбель”, “Крама”, “НРМ”, а таксама Аляксандар Памідораў ды іншыя выканаўцы. На жаль, ён не адбудзецца. Менгарвыканкам забараніў сьвяточную імпрэзу. А шкада, — кажа музыкант Аляксандар Памідораў.
Памідораў: Гэта такая сытуацыя, і мы жывем у гэтай сытуацыі ды робім свае высновы. Безумоўна, мы сустракаемся паміж сабою, але крыўдна, што ў Менску сытуацыя горшая, чым у Горадні ці Берасьці. Бо ў Менску зараз увогуле няма канцэртных пляцовак, дзе можна пачуць нейкі беларускі рок-канцэрт. Крыўдна ўдвая, што сёньня канцэртная пляцоўка аддадзена пад выступ няпэўных расейскіх псэўдазорак і швэдзкага гурту «The Kardegans» . Магчыма, што не далі дазволу на правядзеньне канцэрту на Бангалёры сёньня, бо гэта таксама ўскосна зьвязана з гэтым камэрцыйным мерапрыемствам у Аэрапорце «Менск І». Магчыма, нехта проста не захацеў губляць некалькі тысячаў патэнцыяльных гледачоў. Ці насамрэч беларускі рок камусьці пагражае? Магчыма, што нехта сабе так уяўляе. Той, хто нечага вельмі баіцца й каму ёсьць чаго баяцца.
16 гадоў –гэта даволі салідны ўзрост. Што зьмянілася ў Беларусі на працагу гэтага часу? Ацэньвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
Мацкевіч: 16 гадоў — гэта больш-менш сталы ўзрост. У пэўным сэнсе незалежнасьць ад Савецкага Саюзу адбылася, звароту ўжо няма. Нягледзячы на ўсе хібы й адмоўныя бакі беларускай гісторыі апошніх 16 гадоў, мы незалежныя, і гэта добра. Тое, што мы недастаткова рацыянальна, недастаткова разумна абыходзімся са сваёй незалежнасьцю, то гэта сьведчыць толькі аб стане нашага розуму, нашай кваліфікацыі, нашай сьвядомасьці ды развіцьця грамадзкай супольнасьці. Тое, што мы так распарадзіліся нашай незалежнасьцю — гэта наша віна й наша памылка. Сытуацыю можна параўнаць з падлеткам: нібыта вырас, а розуму, як у дзіцяці. Трэба прывыкнуць карыстацца незалежнасьцю. Свабода — гэта адказнасьць. Я не хачу сказаць, што свабоду трэба абмяжоўваць, што свабода — гэта залежнасьць ад чагосьці. Свабода — гэта свабода! Яна ня можа быць нічым абмежаваная, акрамя толькі розуму, які накірункаваны на карыстаньне свабодай. Свабоду маем, але ня ўмеем ёю карыстацца.
У календары дата 27 ліпеня да рэфэрэндуму 1996 году была галоўным дзяржаўным сьвятам Рэспублікі Беларусь – Дзень абвяшчэньня сувэрэнітэту.
Караліна Русіновіч
Эканамічныя санкцыі да Беларусі
17.08.2006
Эракамісія прыйшла да высновы, што сытуацыя з правамі прафсаюзаў у Беларусі мае пастаянную тэндэнцыю да пагаршэньня, а беларускі ўрад нічога ня робіць для выпраўленьня парушэньняў. Пытаньне аб пазбаўленьні Беларусі эканамічных прэфэрэнцыяў вынесенае на абмеркаваньне працоўнай групы Рады Эўразьвязу. Калегія эўракамісараў ужо зацьвердзіла адпаведны праект.
На пазбаўленьні эканамічных прэфэрэнцыяў настойвалі Міжнародная канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў, Эўрапейская канфэдэрацыя прафсаюзаў і Сусьветная канфэдэрацыя працы. У студзені 2003 году гэтыя 3 найбуйнейшыя прафсаюзныя цэнтры склалі патрабаваньне ў Эўракамісію. Бо менавіта з ініцыятывы прафсаюзаў яшчэ ў 1971 годзе быў уведзены інстытут прэфэрэнцыяў.
Маніторынг парушэньняў правоў прафсаюзаў у Беларусі пачаўся 17 жніўня 2005 году. Па выніках маніторынгу Эўрапейская камісія дала краіне 6 месяцаў тэрміну, каб прывесьці заканадаўства ў адпаведнасьць з прынятымі для выкананьня рэкамэндацыямі Міжнароднай арганізацыі працы і яшчэ 8 месяцаў, каб выканаць гэтыя рэкамэндацыі.
Паляпшэньня сытуацыі не было заўважана й Эўракамісія пачала працэдуру адмены гандлёвых ільгот.
Камітэт па прымяненьнi канвэнцыяў і рэкамэндацыяў у справаздачы канстатаваў, што разьдзяляе меркаваньне экспэртаў аб тэрміновых мерах для захаваньня незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі.
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:
Ярашук: Ёсьць арганізацыя, якая называе сябе Фэдэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, але яна ўсё менш падобная на арганізацыю працоўных, бо абсалютна падпарадкаваная ўладам. Выконвае ўсе загады, якія дае ўлада, каб маніпуляваць рабочым рухам. Апошні прыклад — пагалоўная кантрактная сыстэма для рабочых. Незaлежныя прафсаюзы ня маюць магчымасьці існаваць і разьвівацца. Наш Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў налічвае каля 9 тыс. чалавек, бо існуе бясперапынны ціск, шaнтаж, пагрозы.
Агульная сытэма прэфэрэнцыяў дае магчымасьць краінам, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, гандляваць зь імі па больш нізкіх гандлёвых тарыфах. У выпадку, калі гэтыя краіны прытрымліваюцца абавязацельстваў перад Міжнароднай арганізацыяй працы і выконваюць правы працоўных.
Найбольшыя страты могуць панесьці прадпрыемствы канцэрну Белнафтахім, велічыня зьніжэньня экспарту якіх можа дасягнуць 100 мільёнаў эўра ў год.
А. Ярашук: Для разьліку прэферэнцыяў на 2006 год улічвалася, што аб’ём экспарту за папярэдні год склаў 4 мільярды эўра. Адпаведна, 10% склалі каля 400 мільёнаў эўра. Гэта тая сума, якую атрымаў беларускі ўрад нібыта за тое, што ён прытрымліваўсая сваіх абавязкаў у сфэры выкананьня правоў прафсаюзаў і правоў чалавека. Але гэта ня так. Гэтым разам ня сыйдзе з рук. Гэтую бяду прынясе ў хату беларусам менавіта ўрад, беларускія ўлады.
У беларускім урадзе расцэньваюць магчымую адмену прэфэрэнцыяў як меру дыскрымінацыйнага характару, якая здольная нанесьці значную эканамічную шкоду, калі ўлічыць высокую долю экспарту ў структуры ўнутранага валавага прадукту. У выпадку адмены прэфэрэнцыяў асноўная частка тавараў, якія падпадаюць пад іх дзеяньне, будуць экспартавацца са зьніжанай рэнтабельнасьцю, а экспарт часткі тавараў увогуле спыніцца ў сувязі з стратнасьцю паставак.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць, што ўлады пазбаўленьне Беларусі ільготаў выкарыстаюць, каб чаргoвы раз паліць брудам беларускую апазыцыю, якая нібыта дамагалася за мяжою пагаршэньня эканамічага становішча ў краіне.
Мацкевіч: Улады безумоўна выкарыстаюць гэтую сытуацыю. Асаблівай эканамічнай шкоды гэта не прынясе, але часовыя складанасьці будуць. На жаль, сёньня няўзгодненасьць мэтаў, дзеяньняў і адсутнасьць сур’ёзнай аналітычнай працы і камунікацыі паміж беларускай грамадзкасьцю й тымі асобамі, якія прымаюць рашэньні адносна Беларусі ў Эўропе, прыводзіць да таго, што амаль кожнае дзеяньне прыносіць як карысьць, гэтак і шкоду.
Калі рашэньне аб адмене гандлёвых ільготаў будзе прынятае сёлята ў канцы верасьня, дык яно пачне дзейнічаць з 2007 году.
Ганна Гарачка
У Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь зьвярнуліся 5 993 асобы з патрабаваньнем прызнаць несапраўднымі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сакавіка 2006 году. Скарга была складзеная адмыслоўцамі паводле ўсіх юрыдычных нормаў, каб зварот ня мог быць адкінуты па фармальных прычынах. Вага пасылкі, якая была дасланая спэцпоштаю, склала 8 кг.
Збор подпісаў пра непрызнаньне вынікаў выбараў быў арганізаваны 23 сакавіка, пасьля таго, як Цэнтрвыбаркам адхіліў патрабаваньні кандыдатаў у прэзыдэнты А. Мілінкевіча ды А. Казуліна не прызнаваць вынікаў галасаваньня.
У заяве, між іншым, сказана: „19 сакавіка закончваюцца паўнамоцтвы прэзыдэнта Лукашэнкі. З гэтага моманту ў вачах усясьветнай супольнасьці ён будзе зьяўляцца ўзурпатурам, які шляхам фальсыфікацыяў і злоўжываньня паўнамоцтвамі захапіў уладу ва эўрапейскай краіне.
Адзін з ініцыятараў напісаньня скаргі, былы кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча падчас прэзыдэнцкіх выбараў, Аляксандар Бухвостаў, распавядае пра сэнс скаргі й тлумачыць, чаму заява была пададзена праз 6 месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
А. Бухвостаў: Звароты грамадзянаў у Вярхоўны суд павінен разгледзіць. Бо якія могуць быць падставы адмовіць скарзе на дзеяньні дзяржаўных установаў. Я не думаю, што гэта позна. Выбары не былі прызнаныя ані двума кандыдатамі, ані назіральнікамі, ані міжнароднай супольнасьцю, але, на жаль, не было адпаведных дзеяньняў, каб правесьці паўторныя выбары ў супрацы зь міжнароднымі арганізацыямі. Такая праца мае быць, і мы зараз яе робім. Мы разумеем, што ўлада не рэагуе ні на што. Мы рэальна глядзім на сытуацыю, але мы павінны скончыць нашую справу да лягічнага завяршэньня. Калі мы нязгодныя, то мы павінны грукаць ва ўсе дзьверы. Першыя дзьверы – гэта Вярхоўны суд, другія дзьверы — гэта міжнародныя арганізацыі. Бо калі б Лукашэнка выйграў гэтыя выбары законна, то не было б гэтых заяваў. Гэтая скарга азначае, што людзі ня вераць. Цэнтрвыбаркам павінен даказаць Вярхоўнаму суду, што выбары адбыліся згодна з выбарчым кодэксам.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч называе скаргу ў Вышэйшы Суд рытульным дзеяньнем. На яго думку, ужо цяпер можна казаць пра адказ з суду.
У. Мацкевіч: Гэта рытуальныя дзеяньні. Нібыта мы прызнаем дзяржаву й таму трэба дзейнічаць так, як прынята ў гэтай дзяржаве. Іншая справа, што мы не прызнаем, напрыклад, кіруючыя інстанцыі ў гэтых інстытутах. І таму, выкарыстоўваючы пабудову сучаснай дзяржавы зь яе разьмежаваньнем уладаў, з гэтымі інстытуцыямі, так і трэба. Калі б гэта была дэмакратычная дзяржава, то ўсё б было добра. А паколькі мы самі кажам, што ў дзяржаве пабудавана аўтырытарная дыктатура, а я й мае калегі называем гэта мэдыя-фашызмам, то, канэшне, такое дзеяньне набывае цалкам рытуальны характар.
Аднак, як лічыць Мацкевіч, перадача скаргі ў міжнародныя інстанцыі мае больш сэнсу, і гэта, бадай, адзіная надзея на непрызнаньне выбараў справядлівымі.
У. Мацкевіч: Гэта правільна. Бо гэта адзіная магчымасьць зьвярнуцца ў ААН. Бо мы не зьяўляемся нават чальцамі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. І ў гэтым сэнсе мы ня маем афіцыйнай магчымасьці зьвярнуцца ў эўрапейскія інстытуцыі. Мы можам зьвярнуцца ў СНД і ААН. Вынікі звароту ў СНД ужо вядомыя, таму што камісія СНД прызнала гэтыя выбары. Там гэта будзе таксама рытуальным дзеяньнем. Што тычыцца ААН, то тут можа быць верагоднасьць нейкага посьпеху. Але гэта бюракратызаваная структура. Такія справы там разглядаюцца гадамі. Я думаю, што нават калі прыйдуць наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, то гэтая справа яшчэ не будзе разгледжаная.
Лічыць палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
Нагадаю, што згодна з заканадаўствам, суд павінен даць афіцыйны адказ на скіраваную скаргу напрацягу месяца. У выпадку незадавальняючага адказу складальнікі скаргі маюць намер перадаць заяву ў міжнародныя інстытуты, м.ін. у Камітэт па правах чалавека ААН.
Дзьмітры Гурневіч
А. Лукашэнка адзін з галоўных дыктатараў сьвету
05.09.2006
Брытанскі часопіс “New Statesman” у апошнім нумары паведаміў, што беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка зьяўляецца адным з галоўных дыктатараў сьвету. У першую дзясятку разам з Лукашэнкам увайшлі кіраўнікі Ірану, Пакістану, Паўночнай Карэі, Туркмэністану, Кітаю ды інш.
“New Statesman” назваў Лукашэнку “дыктатарам на прыступках Эўропы”. Беларускі лідэр зьяўляецца адзіным кіраўніком эўрапейскай дзяржавы, у якой на працягу больш як дзесяцігодьдзя адбываюцца сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ды зьнікаюць палітычныя апанэнты ўлады. Паводле брытанскага выданьня, Лукашэнку ўласьцівыя нахабства й безтактычнасьць. Адным зь любімых заняткаў дыктатара “New Statesman” называе пошук ворагаў. У артыкуле адзначаецца, што толькі за апошні год у Беларусі таямніча загінулі два замежныя дыпляматы.
Намесьнік галоўнага рэдактара “Белорусской газеты”, палітоляг Віктар Марціновіч перакананы, што за апошнія 10 гадоў зьмянілася акрэсьленьне дыктатуры, паколькі сьвет увайшоў у новую эру інфармацыйнага разьвіцьця. Дыктатура посыіндустрыяльнага грамадзтва – менавіта так называю сёньняшнія дыктатарскія рэжымы Віктар Марціновіч.
В. Марціновіч: Апошнія 10 гадоў паўстае нейкі новы вобраз дыктатараў. Трохі зьмянілася само акрэсьленьне дыктатуры. Раней мы называлі дыктатурай рэжым Франка ў Гішпаніі, ваенную дыктатуры Гітлера, сталінізм. Бо гэта былі клясычныя дыктатуры. За апошнія 10 гадоў паўстала нейкая новая генэрацыя дыктатараў, я б назваў яе дыктатурай посыіндустрыяльнага грамадзтва. Такой дыктатуры непатрэбны шматлікія рэпрэсіі. Ва ўмовах кантаролю над СМІ патрэбная ліквідацыя ўсялякай магчымай палітычнай альтэрнатывы. Для гэтага дастаткова пасадзіць некалькі дзясяткаў чалавек, як гэта робіцца ў Беларусі.
Філёзаф Ігар Бабкоў называю палітычны стыль кіраваньня ў Беларусі аўтарытарызмам, які паступова пераходзіць у сыстэму карпаратыўнай дзяржавы.
І. Бабкоў: Аўтарытарная ўлада — гэта ўлада аднаго чалавека. І мне здаецца, што беларуская сыстэма ідзе ў кірунку карпаратыўнай дзяржавы. За апошнія 3-5 год у Беларусі назіраецца пераход ад клясычнага аўтарытарызму да карпаратыўнай сыстэмы, калі рашэньні й адказнасьць за іх прыняцьцё перакладаюцца на карпарацыю. У дадзеным выпадку — гэта дзяржаўныя чыноўнікі, частка бізнэсу інтэграваная зь дзяржавай. І гэтая
карпарацыя імкнецца падначаліць сабе ўсё большыя сэгмэнты грамадзтва.
Дыктатура фашыстоўскага кшталту – менавіта так акрэсьлівае лукашэнкаўскі рэжым палітоляг Уладзімер Мацкевіч. Ён лічыць, што ў ацэнцы дэмакратычнасьці беларусы павінны зыходзіць з факту, што іх краіна знаходзіцца ў Эўропе, і калі прыняць пад увагу эўрапейскія стандарты, то ў Беларусі існуе тыповы дыктатарскі рэжым.
У. Мацкевіч: У Беларусі дыктатура тыповага фашыстоўскага кшталту, але вельмі асучасьненая. Гэта дыктатура ў эпоху глябалізацыі, інфармацыйных тэхналёгіяў і агульнага прагрэсу. Калі тут няма газавых печаў і Асьвенціма, то гэта яшчэ ні аб чым ня сьведчыць. Мы — эўрапейская краіна, адсюль і іншыя да нас патрабаваньні. Магчыма, што дзе-небудзь у Азіі беларускую сыстэму можна было б назваць вельмі дэмакратычнай. Але мы эўрапейская нацыя.
Электронная вэрсія брытанскага выданьня “New Statesman” правяла таксама інтэрнэт-апытаньне з мэтаю даведацца, каго чытачы часопіса лічаць найбольш небясьпечным у гісторыі дыктатарам. Паводле апытаньня, Лукашэнка займае апошнюю, дзясятую пазыцыю. На першым месцы кубінскі лідэр Фідэль Кастра, а на другім — прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. За Робэртам Мугабэ на дзявятай пазыцыі аказаўся прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр.
Дзьмітры Гурневіч
13.09.2006
Мацкевіч: Ідэя сэрыі зьявілася ў нашым агенцтве. Штуршком стаў мой 50-гадовы юбілей. Сябры склалі інвэстыцыйны пакет і выдалі кніжку. На дапоўненых рэсурсах мы ўжо амаль падрыхтавалі другую кнігу. А з прыбытку ад гэых кніг будзем выдаваць трэцюю, чацьвертую. Наконт назвы сэрыі, дык гэта працяг традыцыі. Першы тэкст, які ўвайшоў у кнігу, з часопіса “Культурная палітыка”. Часопіс быў заснаваны ў ’94 годзе, потым быў зачынены. Культурная палітыка — гэта тая сфэра, якой займаюцца нашыя аналітыкі, мэтадолягі. Нездарма першая кніга ў сэрыі называецца “Насуперак відавочнаму”. Шмат што ў будучыні ствараецца з мары чалавека. Трэба мець мару й скласьці пэўны плян яе рэалізацыі. Калі мы бачым толькі тое, што існуе, і кажам, што так і далей будзе, дык мы перапыняем разьвіцьцё. Адзін з разьдзелаў кнігі так і называецца — «Беларуская мара». Мая мара пра незалежную Беларусь працягваецца, дапаўняецца й канкрэтызуецца з пачатку 70-х гадоў, калі я яшчэ вучыўся ў школе. Пад уплыў рэпрэсаваных у сталінскія часы дзядоў я зрабіўсая беларускім нацыяналістам. Ад дзіцячай мары да сёньняшняй — вялікая дыстанцыя. Больш істотна зараз, якой краінай мы бачым незалежную Беларусь. Краінай эўрапейскай, дзе кожны мае магчымасьць на рэалізацыю сваёй мары. Дзяржавай свабодных людзей. Першы тэкст быў напісаны ў ’94 годзе. Гэта было асэнсаваньне й пошук шляхоў, пэўных крокаў да зьдзяйсьненьня мары. Астатнія тэксты – удакладненьне гэтых крокаў. Важнасьць кнігі менавіта ва ўдакладненьні шляху. Яшчэ шмат працы, якою мы й займаемся з маімі сябрамі, калегамі, вучнямі.
Кніга “Насуперак відавочнаму” надрукаваная ў Санкт-Пецярбурзе накладам 1000 асобнікаў.
Ганна Гарачка
20.09.2006
Новы акт аб дэмакратыі ў Беларусі можа быць прыняты Кангрэсам ЗША да канца 2006 г. Пра гэта паведаміў сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Дэніс Гастэрт 18 верасьня ў Вільні. Падрыхтоўка дадзенага законапраекту была адной з тэмаў, якія абмяркоўваліся ў часе сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з амэрыканскім палітыкам.
У сустрэчы ў Вільні бралі ўдзел лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка й жонка палітзьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ірына Казуліна. Прысутнічалі таксама высокапастаўленыя кангрэсмэны — лідэры рэспубліканскае большасьці ў Палаце прадстаўнікоў. Як паведаміў Радыё Палёнія Вінцук Вячорка, размова датычыла 2 асноўным тэмаў.
В. Вячорка: Сытуацыі ў Беларусі й тых крокаў, якія могуць зрабіць Злучаныя Штаты Амэрыкі дзеля паляпшэньня дэмакратычнае пэрспэктывы Беларусі. Акт аб дэмакратыі ў Беларусі ў сувязі з пачаткам новага палітычнага году ў ЗША падаецца на новы разгляд, на дапаўненьні і ўдакладненьні. У зьвязку з гэтым, кангрэсмэнаў цікавала нашая думка, наколькі актуальны й патрэбны акт, і якія акцэнты ў ім рэальна спрыяюць дэмакратычнай пэрспэктыве Беларусі. Як засьведчыў сп. Гастэрт, неўзабаве дакумэнт будзе прыняты.
Гэта ўжо ня першы такі законапраект. Папярэдні Акт аб дэмакратыі ў Беларусі быў прыняты ў 2004 г.
В. Вячорка: У папярэднім акце вялікая ўвага надавалася стварэньню інфармацыйнае прасторы й пашырэньню ўжо існае альтэрнатыўнае інфармацыйнае прасторы. У гэтым акце дадзеная тэма будзе разьвівацца й дапаўняцца. Гэтаксама, я думаю, не абыдзецца без пэрсанальных санкцыяў у адрас высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія нясуць асабістую адказнасьць за рэпрэсіі ды парушэньні правоў чалавека.
Папярэдні акт аб дэмакратыі ў Беларусі прадугледжваў значныя сродкі на пашырэньне інфармацыйнае прасторы ў краіне. Мінулі 2 гады, ці заўважныя нейкія зрухі ў гэтым пляне? Палітоляг Юры Шаўцоў лічыць, што наадварот, сытуацыя пагоршылася, бо амаль што зьніклі друкаваныя апазыцыйныя сродкі масавай інфармацыі. На пытаньне, ці новы акт аб дэмактатыі прычыніцца да зьмены ў дадзеным абшары, Юры Шаўцоў адказаў наступнае…
Ю. Шаўцоў: Шчыра кажучы, я ня веру ў тое, што ён акажацца эфэктыўным, бо праблема заключаецца ня ў тым, што беларусы ня маюць альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі, бо яны іх маюць. Беларусы вельмі добра арыентуюцца ў тым, што адбываецца ў сьвеце, і што сьвет думае пра Беларусь. Праблема ў тым, што ідэалёгія, якую прапануе нашая апазыцыя, і якую падтрымлівае зараз Кангрэс ЗША, непапулярная ў беларускім грамадзтве. Таму колькі тут не ўкладаць грошай, гэта асаблівага сэнсу ня мае. Як на Кубе гэта аказалася абсалютна неэфэктыўным. У нас жа не стаіць пытаньне прынцыповай зьмены палітычнае сыстэмы. Гэта нейкая гульня людзей, якія сталі прафэсійнымі апазыцыянэрамі, у спробу рэалізацыі такіх зьменаў.
У сваю чаргу Ўладзімер Мацкевіч лічыць, што сродкі, прызнаныя Беларусі ў рамках акту аб дэмакратыі, былі выдаткаваныя нязгодна з прызначэньнем.
У. Мацкевіч: Пакуль што выдзеленыя на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі грошы – змарнаваныя. Яны пайшлі часткова не па мэтаваму прызначэньню. А нават тыя сродкі, якія патрацілі згодна з прызначэньнем, выдаткаваліся без уліку беларускае рэчаіснасьці. Таму, як бачым, стан дэмакратыі, правоў чалавека па ўсіх накірунках толькі пагаршаецца. Паводле мяне, калі гэта рабіць несыстэмна, някомплексна, то ніякія грошы самі па сабе нічога ня вырашаць. Возьмем для прыкладу радыёстанцыі для Беларусі. Яны пакуль ахопліваюць адну й тую ж аўдыторыю, якая й без таго даволі добра інфармаваная. Вынік пакуль мізэрны.
Тым ня менш, амэрыканскі кангрэс вырашыў прадоўжыць тэрмін дзеяньня Акту аб дэмакратыі на наступныя 2 гады. У рамках праграмы, урад ЗША прызначыць 55 млн дал. на падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, з чаго 15 млн будзе прызначана на разьвіцьцё незалежнага тэле- й радыёвяшчаньня для Беларусі.
Эльвіра Богдан
Пратэстанты аб’явілі галадоўку
07.10.2006
Вернікі пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё” ў Менску распачалі галадоўку ў знак пратэсту супраць незаконнага, на іх думку, рашэньня менскіх гарадзкіх ўладаў аб пазбаўленьні царквы будынку . На дадзены момант у галадоўцы бярэ ўдзел больш за 10 вернікаў, але як паведамляюць у адміністрацыі царквы, з розных гарадоў Беларусі прыяжджаюць людзі, каб далучыцца да акцыі пратэсту.
Царква “Новае жыцьцё” была зарэгістраваная ў 1992 годзе й зьяўляецца адной з найбуйнейшых пратэстанцкіх цэркваў Беларусі. Кожную нядзелю ў набажэнствах бярэ ўдзел больш за тысячу чалавек. У 2002 годзе царква на законнай падставе набыла ў сталіцы будынак кароўніка плошчай 1641 кв.м.
Праблемы вернікаў з «Новага жыцьця» цягнуцца ўжо больш за год. Улады патрабаюць ад адміністрацыі царквы пакінуць будынак, паколькі, на іх думку, кароўнік выкарыстоўваецца нязгодна з прызначэньнем.
Гаворыць юрыст царквы «Новае жыцьцё»:
Пасьля працяглай карэспандэнцыі з уладамі мы ня толькі не атрымалі дазволу зьмяніць профіль будынку на больш прыгожы, а нават зьбірацца ў нашым уласным будынку для набажэнстваў. Пазьней улады ўвогуле забаранілі нам зьбірацца ў Менску. Мы прынялі рашэньне зьбірацца ў сваім будынку без дазволу уладаў. Пасьля гэтага мы атрымалі папярэджаньне, што выкарыстоўваем будынак не паводле яго прызначэньня. Але гэта горад Менск і кароў тут разводзіць нельга. Гэта нейкае глупства, але тым ня менш была такая прычына й Менгарвыканкам прыняў рашэньне забраць у нас будынак царквы. Нам прапанавалі разьлік за кожны квадратны мэтар 10 даляраў. Для сталіцы, дзе нават квадратны мэтар складу каштуе 300 даляраў, гэта проста сьмешная сума. Грошы ж перавялі на рахунак царквы. Да панядзелку мы мусім вызваліць будынак царквы. Суд, ідучы на павадку гарвыканкаму, нічога ня вырашыў. Нашыя просьбы да прэзыдэнта таксама не далі выніку. Гэта нашая ўласнасьць, у нас яе забіраюць незаконна, і мы яе не аддамо.
Удзел у галадоўцы бярэ больш за 10 вернікаў, але ў будынку царквы знаходзяцца таксама людзі, якія вырашылі падтрымаць галадоўнікаў. Сёньня ў Менск прыбылі вернікі з Гомеля, Дзятлава, Берасьця, а таксама зь іншых гарадоў Беларусі. Падтрымаць галадоўнікаў вырашыў палітоляг Уладзімер Мацкевіч, які зьяўляецца вернікам кальнівісцкага адгалінаваньня пратэстанцкай канфэсіі.
У. Мацкевіч: Для пратэсту хрысьціянаў ёсьць шмат іншых нагодаў, не толькі гэта. Я лічу, што хтосьці павінен адказваць за сказаныя словы. На жаль, сёньня ў Беларусі шмат пустаслоўя, шмат пустых PR-дзеяньняў. Шмат што хто гаворыць, але нічога ня робіць. Таму, каб адрозьніць сапраўдныя словы ад пустых, я вымушаны быў пайсьці разам з тымі, хто пайшоў на гэтую галадоўку. Галадоўка — гэта таксама пост, таму мы спадзяёмся на Бога, а не на людзей.
Пратэстанты заяўляюць, што не завершаць акцыі пратэсту, пакуль не даб’юцца канкрэтных вынікаў і адказу гарадзкіх уладаў. Яны называюць свой пратэст галадоўкай-постам.
С. Церэх: Людзей, якія пойдуць да канца, у нас ужо 10 чалавек. Гэта пастаянныя людзі, якія тут дзень і ноч. І мы будзем тут да таго часу, пакуль не атрымаем афіцыйнага адказу ад уладаў. Мы тут ня ў смутку, а ў радасьці, бо мы ведаем, што на нашым баку Бог. Мы не адстойваем нейкія чалавечыя пазыцыі ды якасьці, мы абараняем Божую пазыцыю, у якой мы абвяшчаем свабоду — свабоду веравызнаньня й свабоду асобы.
“Новае жыцьцё” зьяўляецца поўнаэвангельскай пратэстанцкай царквой. Афіцыйны статус царква атрымала ў 1992 годзе й з таго часу вернікі арганізавалі філіялы “Новага жыцьця” ў Горадні, Смалявічах, Жодзіне, Стаўбцах, Лідзе, а нават у Баку. Варта прыгадаць, што, паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі налічваецца 997 пратэстанцкіх суполак, якія аб’ядноўваюць больш як 100 тыс. вернікаў.
Дзьмітры Гурневіч
17.10.2006
Беларускія ўлады пазбавілі вернікаў царквы «Новае жыцьцё» малітоўнага дому. На знак пратэсту вернікі абвесьцілі галадоўку. Зараз у посьце-галадоўцы бяруць удзел ужо 166 чалавек. Акцыя трывае 12 сутак.
Сёньня пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка запрошаны на сустрэчу з начальнікам галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім.
Прэсавы сакратар царквы «Новае жыцьцё» спадарыня Іна.
Іна: Пастар сказаў, што гэта добры знак. Улады пачалі рабіць хоць нейкія крокі насустрач. Але мы ня ведаем, гэтая размова будзе тычыцца ідэалёгіі або палітыкі, якую нам настойліва спрабуюць прыпісаць. Заўтра наладзім прэсавую канфэрэнцыю.
Пост-галадоўка, што ладзіцца беларускімі пратэстантамі, не пакідае абыякавымі аднаверцаў у Беларусі й за межамі.
Філёзаф Уладзімер Мацкевіч, чалец менскай рэфармаванай царквы, якая не зьяўляецца новай плыньню ў пратэстантызьме, а належыць да старой калвінісцкай традыцыі. Тым ня менш, кальвіністы падтрымліваюць царкву «Новае жыцьцё». А Ўладзімер Мацкевіч асабіста далучыўся да галадоўнікаў.
Мацкевіч: Учорашняе казаньне пастара Аліева было яскравым і паказальным. За Беларусь вернікі моляцца кожны дзень. Пастары кажуць пра адраджэньне нацыі, збаўленьне Беларусі ад зла. Хоць не заўсёды гэта дамінуючая тэма пастарскага казаньня, а ўчора гэта было менавіта так. Галадоўка вернікаў павінна тычыцца ўсяго беларускага грамадзтва. Памятаеце, як у пісьменьнікаў адабралі дом. Пісьменьнікаў, вядома, ня так шмат, як хрысьціянаў у царкве «Новае жыцьцё», але яны не пайшлі галадаць і змагацца такім чынам. І грамадзтва не падтрымала іх. Яны страцілі ня толькі будынак. Улады не спыніліся, яны маргіналізавалі Саюз пісьменьнікаў. Хрысьціяне маюць усьведамленьне таго, што, змагаючыся за канкрэтныя мэты, мы стаім як фарпост больш шырокага змаганьня. Мы разумеем, што царква няздольная перамагчы ўсё зло ў краіне. Мы хочам дамагчыся сваёй малой перамогі. Але мы ўсьведамляем, што адбываецца ў краіне. Таму мы молімся і за нацыю, і за беларускі народ. Сустрэча з кіраўніком галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня ня можа вырашыць праблемы. Ён не ўпаўнаважаны. Гэта маніпулятыўная сустрэча. Галоўны ідэоляг паспрабуе націснуць на пастара. Гэта пытаньне гаспадарчае, яно павінна вырашацца на ўзроўні Менгарвыканкаму. Патрэбныя перамовы, а не выхаваўчыя сустрэчы. Але ўзровень сустрэчы высокі, значыцца занепакоенасьць уладаў вялікая.
Пратэстанты Чэхіі, калі даведаліся пра падзеі ў Менску, пастанавілі ўзьняць пытаньне аб праблемах беларускіх калегаў на Ўсенароднай малітоўнай канфэрэнцыі ў Празе.
Пра менскія падзеі ведаюць пастары ангельскіх цэркваў, аб’яднаных Асамблеяй Божай. А пастар з Кіпру азнаёміў з праблемаю Эўрапейскі Эвангельскі Альянс, што мае адзін голас у Эўракамісіі. У бліжэйшы час пытаньне ўціску беларускіх пратэстантаў прагучыць у Страсбургу.
Ганна Гарачка
29.10.2006
Пастар менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка аб’явіў пра спыненьне галадоўкі вернікаў. Гэтае рашэньне было прынята ўчора пасьля паведамленьня, што старшыня Вышэйшага гаспадарчага суду Беларусі апратэставаў рашэньне гаспадарчага суду Менску па справе царквы. Такім чынам пытаньне аб адабраньні царкве будынку храму будзе разглядацца паўторна.
Аднак В.Ганчарэнка зазначыў, што вернікі не пакінуць будынку, будуць знаходзіцца там да тае пары, пакуль справа канчаткова ня вырашыцца.
Адзін з удзельнікаў пратэсту — філёзаф Уладзімір Мацкевіч — сказаў, што дадзеная маленькая перамога — гэта чарговы крок на шляху яднаньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Царква дае прыклад, па словахМацкевіча, як трэба абараняць свабоду слова й справядлівасьць у краіне.
Ці галадоўка — гэта эфэктыўны спосаб пратэсту?
03.11.2006
Галадоўка апошнім часам стала папулярным мэтадам барацьбы за свае правы. Галадае былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін і палітычны дзеяч Алег Скрабец. Адна з найдаўжэйшых галадовак праходзіць у Бабруйску, дзе актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу й працаўнічка прадпрыемства «Белшына» Алена Захожая галадае амаль цэлы месяц. Некалькі дзён таму галадоўку прыпынілі вернікі царквы „Новае жыцьцё”.
Ці галадоўка гэта эфэктыўны спосаб адстойваньня сваіх правоў? Праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што прыклад царквы «Новае жыцьцё» паказвае, што ў некаторых безвыходных сытуацыях галадоўка прыносіць свае эфэкты.
В. Стэфановіч: Прыклад царквы «Новае жыцьцё» паказаў, што ў пэўных сытуацыях гэта эфэктыўны сродак. Вернікі дамагліся, што да іх акцыі была прыцягнута ўвага. У некаторых крытычных момантах гэта адзіны дзейсны сродак. Такая колькасьць галадовак у краіне паказвае, што людзі ня бачаць іншых шляхоў вырашэньня праблемаў. Раней такіх масавых і такіх частых галадовак у краіне не было. Гэта адметнасьць апошніх двух гадоў. Прычым сёньня адстойваюцца неабавязкова палітычныя правы.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч, які галадаў у падтрымку пратэстнацкай царквы, кажа, што такая радыкальная форма пратэсту павінна мець канкрэтную мэту. Толькі тады можна чакаць станоўчых вынікаў.
У. Мацкевіч: Чым больш у краіне замацоўваецца дыктатарская ўлада, чым больш яна кантралюе ўсе галіны жыцьця, тым менш застаецца магчымасьцяў для праяўленьня грамадзкай актыўнасьці. Калі прыціснутыя з усіх бакоў грамадзяне радыкалізуюцца – гэта натуральная зьява. Радыкалізацыя праяўляецца ў тым, што для адстойваньня сваіх правоў грамадзяне выбіраюць самыя радыкальныя мэтады, напрыклад, галадоўку. Менавіта ў такой сытуацыі знаходзіцца беларускае грамадзтва.
Пытаньне пра эфэктыўнасьць такіх мэтадаў больш складанае. Кожны сродак, у гэтым ліку й галадоўка, павінен адпавядаць мэце, якую ставяць удзельнікі акцыі. На жаль, спантанныя акцыі не заўсёды зьяўляюцца прадуманымі й мэтазгоднымі. Узгадненьне мэтаў, правільныя паводзіны падчас акцыі гарантуюць посьпех. Калі галадоўка ня мае станоўчага выніку, гэта значыць, што альбо яна дрэнна праведзеная, альбо дрэнна вызначаныя мэты.
Большая частка галадовак, якія праводзіліся сёлета ў пераважнай большасьці непрадуманныя, напрыклад, акцыя Аляксандра Казуліна. Выдвінутыя ім патрабаваньні не адпавядаюць мэце, якую можна дасягнуць. Акцыя – гэта маленечкая бітва ў вайне. У бітвы свая мэта, у вайны свая. У бітвы свая перамога, у вайны свая. З маленькіх перамогаў можа вынікаць вялікая, але ня трэба іх блытаць.
Вячаслаў Сіўчык з руху „Беларуская салідарнасьць „Разам” каля 10 гадоў таму таксама прымаў удзел у галадоўцы. Ён кажа, што галадоўка заўсёды мае сэнс. А дзякуючы ёй зьмяняецца ня толькі грамадзтва, але й сам чалавек.
В. Сіўчык: Сэнс галадоўкі ёсьць заўсёды. Калі чалавек пакутуе, то ён усё роўна робіцца лепшы. Іншая справа, што ў Беларусі адсутнічаюць каналы інфармацыі, грамадзкасьць пра розныя акцыі проста нічога ня ведае. Галадоўка мае сэнс, калі ў яе ёсьць канкрэтная мэта. Нашая нацыя ў такім стане, што нічога не застаецца, як толькі ісьці на радыкальныя спосабы супраціву.
На колькі эфэктыўнымі акажуцца галадоўкі – пакажа час. Застаецца спадзявацца, што ні грамадзтва, ні ўлада не застануцца абыякавымі да лёсу людзей, якія вырашыліся на такі радыкальны крок.
Алена Пытэль
06.11.2006
Прысуд сьмяротнага пакараньня, вынесены Садаму Хусэйну, выклікаў розныя меркаваньні.
Вось як ставіцца да суровай кары для дыктатара палітык, прафэсар Юры Хадыка.
Хадыка: Я ўспрымаю прысуд паводле амэрыканскіх стандартаў. Лічу яго справядлівым. Павешаньнем дыктатара нельга выкупіць злачынстваў, якія чыніў дыктатарскі рэжым. Я не прымаю эўрапейскага лібэралізму, калі лічыцца за лепшае пасадзіць чалавека ў клетку на ўсё жыцьцё. Спасылаюся на Біблію. Хрыстос казаў: калі вока тваё спакушае цябе, вырві й выкіні яго. Таксама пра руку. Добры прыклад для ўсіх дыктатараў, якія існуюць і будуць існаваць.
Прэзыдэнт Амэрыкі Джордж Буш сказаў так: “Перад Іракам яшчэ шмат працы, каб пабудаваць грамадзтва, якое гарантуе роўныя правы й аднолькавую ахову для ўсіх грамадзянаў. Аднак сёньняшні прысуд запішацца ў гісторыі як важнае дасягненьне на шляху да свабоды й да аб’яднанага грамадзтва».
Вось меркаваньне беларускага палітоляга, філёзафа ЎладзімераМацкевіча.
Мацкевіч: Я зьяўляюся прыхільнікам адмены смяротнага пакараньня, але я разумею, што маральны прагрэс чалавецтва марудны. Толькі пры дасягненьні высокага стану разьвіцьця грамадзтва магчыма адмяніць сьмяротнае пакараньне. У краінах трэцяга сьвету такое рашэньне было б занадта заўчасным. Калі рашэньне прымаецца адносна дыктатара, на ліку якога шмат чалавечых жыцьцяў, дык у Іраку гэта цалкам слушны прыгавор. Большасьць дыктатараў не дажывае да такога прысуду, але яны павінны ведаць, што гэта абавязковае рашэньне.
Садам Хусэйн цягам 35 гадоў тыраніі ўціскаў свой народ.
Мацкевіч: Калі называюць дыктатарам Лукашэнку, Мілошавіча ці іншых кіраўнікоў постсавецкіх краінаў, дык трэба мець на ўвазе, што адна справа — дыктатар у арабскіх краінах і зусім іншая — у цэнтры Эўропы. Патрабаваньні эўрапейскіх народаў да сябе іншыя. Тое, што мы параўноўваем нашага прэзыдэнта з найгоршымі дыктатарамі, дык таму, што мы, беларусы, павінны высоўваць да сябе патрабаваньні, як да эўрапейскай краіны.
Але ня ўсе ўпэўненыя ў тым, што сьмяротнае пакараньне здольнае вырашыць усе праблемы.
Меркаваньне пісьменьніцы Паліны Сьцепаненка.
Сцепаненка: Калі чалавек супраць сьмяротнай кары, дык ён павінны заставацца пасьлядоўным. Я супраць сьмяротнага пакараньня супраць каго б там ні было. Нават да дыктатара, хоць ёсьць меркаваньне, што дыктатара нельга лічыць за чалавека. А атачэньне? Зрэшты кожны народ мае тое, што заслужыў. Павесілі Садама Хусэйна й ачысьціліся? І ўсе засталіся добрымі?
Францыя, Італія, Гішпанія й Фінляндыя, якая старшынюе ў Эўразьвязе, хаця й прызналі суд над Хусэйнам “перамогаю правасудзьдзя”, усё ж адмоўна паставіліся да сьмяротнага пакараньня.
Ганна Гарачка
Праваслаўная маральнасьць у школе
17.11.2006
У Беларусі школьнікі вывучаюць асновы праваслаўнай маральнасці.
Вывучэньне курсу «Асновы праваслаўнай маральнасьці» рэкамэндавана Нацыянальным інстытутам адукацыі й наладжана ў большасьці школ Наваградзкага раёну. Пра гэта ў інтэрвію БЕЛТА паведаміла начальніца ўпраўленьня адукацыі Наваградзкага райвыканкаму Галіна Мітлашук.
Наваградчына, відаць, выбраная нездарма, бо гэта менавіта той рэгіён, дзе большасьць насельніцтва традыцыйна вызнае каталіцызм.
Старшыня Таварыства беларускіх школ Алесь Лозка.
Лозка: З аднаго боку, гэта добра, што адчыняюцца розныя факультатывы. Але выглядае, што навязваецца нешта адно. Чаму менавіта праваслаўная маральнасьць? А што рабіць прадстаўнікам іншых веравызнаньняў? Вядомыя выпадкі, напрыклад, калі ў дзіцячых садках судзілі выхавацеляў, якія наладзілі сьвята Пурым. Прадстаўнікі іншых цэркваў церпяць перасьлед. Беларусы заўсёды адзначаліся талерантнасьцю, нездарма на нашых землях зьявілася вунія, каб палагодзіць дзьве плыні – каталіцызм і праваслаўе.
Групы па вывучэньні асноў праваслаўнай маральнасьці арганізаваныя таксама ў дзіцячых садках.
Колькасьць школ, у якіх будуць вывучаць асновы праваслаўнай маральнасьці, павялічыцца, — адзначыла начальніца ўпраўленьня адукацыі Наваградзкага райвыканкаму.
Тым часам у Менску пачалі зьяўляцца праваслаўныя клясы, якія лічацца пакуль што экспэрымэнтальнымі.
Рэфэрэнт у сувязях са СМІ Беларускага экзархату архімандрыт Аляксей (Шынкевіч).
Шынкевіч: Інфармацыя неафіцыйная, такой магчымасьці царква ня мае. Магчыма, гэта факультатыўна для жадаючых. Але афіцыйна царкоўным арганізацыям у РБ гэта рабіць не дазваляецца. Няма адпаведных заканадаўчых актаў і дазволаў. Гэта па-за межамі школьнай праграмы, але не вывучаюцца рэлігійныя прадметы, што можна рабіць толькі ў межах царкоўных прыходаў.
Але праваслаўныя сьвятары зацікаўленыя ў адукацыі маладога пакальньня?
Шынкевіч: Мы лічым, што перш за ўсё павінна ў гэтым быць зацікаўленая дзяржава. Калі яна хоча мець адукаваных і маральна ўстойлівых грамадзянаў.
У 2003 годзе было падпісанае пагадненьне паміж праваслаўнай царквой і дзяржавай. Пагадненьне адкрыла дарогу праваслаўным сьвятарам у навучальныя ўстановы, войска, месцы зьняволеньня.
А ў Гарадзенскай вобласьці распрацаваная Праграма мер па выкананьні «Пагадненьня аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай праваслаўнай царквой». Праграму падпісалі старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму й біскупы — Гарадзенскі й Ваўкавыскі Арцемій ды Наваградзкі й Лідскі Гурый.
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч, які асабіста падтрымаў галадоўку вернікаў у абарону царквы «Новае жыцьцё», лічыць, што факультатыў «Асновы праваслаўнай маральнасьці» ды экспэрымэнтальныя клясы гэта толькі пачатак, і паволі гэтыя заняткі ператворацца ў абавязковыя.
Мацкевіч: Грамадзянаў ня вельмі пыталіся, гэта пакуль дабраахвотна. Сапраўдная праваслаўная мараль ня мае прынцыповых адрозняньняў, бо заснаваная на Бібліі. А факультатывы — гэта частка дзяржаўнай ідэалёгіі, але не сапраўднае рэлігійнае выхаваньне.
У 17 з 28 школ Наваградчыны настаўнікі гуманітарных прадметаў ужо праводзяць факультатыў «Асновы праваслаўнай маральнасьці». Як гаворыцца ў мэтадычцы, дзяцей вучаць распазнаваць дабро й зло, арыентавацца ў выбары тэлеперадачаў і мастацкай літаратуры, апроч таго, выхоўваюць патрыятызм і нават знаёмяць зь гісторыяй родных мясьцінаў. Арганізуюцца экскурсіі па сьвятых месцах у Тураў, Полацак, Жыровічы.
Ганна Гарачка
20.12.2006
Адбылося ўручэньне Нацыянальных прэміяў у галіне правоў чалавека. Сярод ляўрэатаў прэміі “За асабістую мужнасць пры абароне правоў чалавека” палітык, вернікі, моладзь, рабочая… Людзі, якія змагаліся й перамаглі.
Міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саньнікаў.
Саньнікаў: Нацыянальная прэмія за абарону правоў чалавека была заснаваная ў 1998 годзе аргкамітэтам Хартыі’97. Ляўрэатамі прэміі ў намінацыі “За асабістую мужнасьць пры абароне правоў чалавека” сёлета сталі: абаронцы намётавага мястэчка на плошчы Каліноўскага ў Менску ў сакавіку 2006 году, былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, палітвязень Аляксандар Казулін, лідэр “Маладога Фронту”, палітвязень Зьміцер Дашкевіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюзу Алена Захожая, якая больш за 40 дзён галадала на знак пратэсту супраць парушэньня правоў прафсаюзаў, а таксама вернікі, што ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”. Варта адзначыць, што асаблівасьцю сёлятняй прэміі зьяўляецца якраз тое, што яна ўручаецца галадоўнікам. Людзі выбралі такі цяжкі спосаб змагацца за свае правы. Ляўрэатаў павіншаваў лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.
Ня ўсе ляўрэаты прэміі змаглі атрымаць прэмію асабіста. Аляксандар Казулін, які адбывае тэрмін пакараньня ў калёніі, напрыклад, зрабіў неверагоднае. Беларускае пытаньне паднялі ў Радзе бясьпекі ААН.
Прэмія Аляксандру Казуліну была ўручаная ягонай жонцы, Ірыне Казулінай.
Гэта прэмія ня толькі спадару Аляксандру Казуліну, але й вам, бо каб вытрываць усё, таксама патрэбная была немалая мужнасьць…
Казуліна: Аляксандру было значна цяжэй. Ён прымае рашэньні, а я прымаю толькі аб’ектыўную рэальнасьць. Прэмія знайшла свайго героя. Аляксандар праявіў незвычайную мужнасьць сёлета. Мужнасьць падчас выбарчай кампаніі, падчас галадоўкі, якая доўжылася 53 дні. Гэта пакінула сьлед у сэрцах беларусаў і ня толькі беларусаў. Я са сьлязамі ў душы прымала гэтую ўзнагароду. Магу толькі здагадвацца, колькі сілаў і волі спатрэбілася Аляксандру. Цырымонія ўручэньня прэміі была вельмі цёплая. Радасна было бачыць людзей, якія вытрымалі такія цяжкія выправабаваньні. Але яны з аптымізмам глядзяць у будучыню, як і я.
Нацыянальная прэмію за абарону правоў чалавека была ўручаная таксама пастару пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”. Праз пост-галадоўку вернікі прадэманстравалі на ўвесь сьвет, як трэба змагацца за свае правы.
Разам зь вернікамі царквы “Новае жыцьцё” галадоўку пратэсту ўласным удзелам падтрымаў таксама палітоляг Уладзімер Мацкевіч.
Якая роля асабістай мужнасьці чалавека ў цяперашнім грамадзтве?
Мацкевіч: Я думаю, што гэта застаецца галоўным для вырашэньня розных пытаньняў, у тым ліку і грамадзкага жыцьця, і палітычных пытаньняў. У першую чаргу асабістая мужнасьць праяўляецца ў тым, што людзі думаюць незалежна. Незалежна ад меркаваньня ўплывовых, аўтарытэтных асобаў. У першую чаргу мужнасьць патрэбная, каб самастойна думаць. І потым шукаць аднадумцаў, зь якімі можна потым разам нешта рабіць.
Сёлета больш за 1 300 чалавек былі арыштаваныя за ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі й абарону сваіх правоў, тысячы людзей пацярпелі ад рэпрэсіяў. Таму арганізатарам было складана выбіраць ляўрэатаў Нацыянальнай прэміі “За асабістую мужнасьць пры абароне правоў чалавека”.
Ганна Гарачка