АРХИВ

Архив польского радио-2005

| 21.11.2008

Апазыцыя просіць беларусаў падзяліцца мудрасьцю

06.12.2005

Апазыцыйны Нацыянальны камітэт, які называе сябе ценявым урадам Беларусі, зьвярнуўся да грамадзянаў краіны з заклікам прыняць удзел у стварэньні Банку народнай мудрасьці.

У гэтым Банку павінны зьявіцца ідэі ды ініцыятывы адносна разьвіцьця краіны ад людзей, што выказваюцца за перамены. А такіх у Беларусі, паводле НК, 60%.

У сваім звароце НК прыводзіць прыклады тых пераменаў, якіх могуць жадаць беларусы. Апроч такіх каштоўнасьцяў дэмакратыі, як незалежны суд і выбарны парлямэнт, народ можа прапанаваць нешта кшталту адмены мытных пошлін на аўтамабілі альбо стварэньня кампутарызаваных бібліятэкаў.

НК задэкляраваў гатоўнасьць разгледзець любую ініцыятыву, любую прапанову. Мэта гэтай працаёмкай задачы апраўдвае высілкі, бо ў выніку будзе створаная «сапраўды народная праграма», якая дазволіць адказаць на такія пытаньні як: «а ў якой краіне хочаш жыць ты?», «якую Беларусь мы павінны пабудаваць?».

Хто будзе разглядаць прапановы? Ці дастаткова ў апазыцыі рэсурсаў, у прыватнасьці, экспэртаў, якія павінны ўзважыць шматлікія прапановы, ацаніць і сыстэматызаваць іх?

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька:

Лябедзька: Ня думаю, што будзе праблема са спэцыялістамі. Пакуль што праблема, як наладзіць камунікацыю з насельніцтвам. Мы хочам даць выказацца тым, хто не зьяўляецца прыхільнікамі ўлады, але яшчэ й не прыхільнікі адзінага кандыдата ад апазыцыі. Гэтых людзей трэба зрабіць удзельнікамі працэсу. Пачынаючы з таго, што іх хвалюе.

Карэспандэнт: Ці ня будзе выкарыстаная гэтая ідэя ў выглядзе кнігі скаргаў?

Лябедзька: Мы не апусціліся да кнігі скаргаў. Ужо паступаюць прапановы. Самыя розныя. Ад глябальных стварыць альтэрнатыўную Канстытуцыю, да таго, што хвалюе людзей на ўзроўні рэгіёнаў. Але гэта ня скаргі. Да нас не зьвяртаюцца, каб мы вырашылі нешта. Нам робяць прапановы як нам «абустроіць Беларусь» на ўзроўні краіны, рэгіёна, горада. Ёсць людзі (яны і пры саветах былі, і пры Лукашэнку), якіх ніхто не пытае, чым яны жывуць, якія яны маюць ідэі. Да накіраваных да нас прапановаў мы вельмі сур’ёзна ставімся. Хоць канчатковы варыянт праграмы будуць пісаць экспэрты. Але зусім іншая справа, калі экспэрты напішуць, напрыклад, праграму рэформы адукацыі, а мы перад гэтым атрымаем 5-7 тысяч канкрэтных прапаноў ад настаўнікаў. Тады мы скажам: Вось праграма, якую пісалі настаўнікі! Рэзананс будзе большы.

“Беларусь. Эўрапейскі выбар. Сцэнарый рэформаў” – гэтак называлася ініцыятыва, у якой удзельнічалі экспэрты і ўносілі свае напрацоўкі з галіны эканомікі, палітыкі і, дарэчы, рэформы адукацыі таксама. Цяпер апазыцыя вырашыла зьвярнуцца па параду да шырокіх народных масаў. Шмат хто настроены крытычна супраць новай ініцыятывы апазыці. Палітоляг Уладзімер Мацкевіч.

Карэспандэнт: Ідэя зьвярнуцца па параду да народу старая й напоўніцу выкарыстоўваецца Аляксандрам Лукашэнкам. Ці здольная яна палепшыць імідж апазыцыі?

Мацкевіч: Цалкам папулісцкі ход. Па-першае, апазыцыя ня мае сродкаў данесьці свае ідэі да шырокіх колаў. Мала хто даведаецца й пра гэту ініцыятыву. Але што б яны рабілі з прапановамі, калі б людзі сапраўды іх прынесьлі? Гэта сымуляцыя дзейнасьці. Робіцца выгляд, што людзей запрашаюць да ўдзелу. Насамрэч нічога ня робіцца.

У Банку народнай мудрасьці павінныя канцэнтравацца ідэі наконт пазытыўных пераменаў у жыцьці Беларусі. Тым часам спрадвечная народная мудрасьць палягала толькі ў тым, каб выжыць. Менавіта гэтае ўменьне выжыць і найлепей прыстасавацца да ўмоваў перадавалася нашчадкам, адпаведна, нічога станоўчага ад пераменаў народ чакаць ня мог. Як выглядае апэляцыя да народнай мудрасьці цяпер, у век інфарматыкі.

Філёзаф Валянцін Акудовіч.

Акудовіч: Назва неадэкватная. Народная мудрасьць якраз у тым, каб не заўважаць апазыцыі. Пераменамі, пытаньнямі свабоды зацікаўленыя зусім ня тыя, каго мы называем народам. Калі хто й мае да гэтага інтарэс, дык гэта тыя слаі насельніцтва, якія за бальшавікамі называліся інтэлігенцыяй. Цяпер дадаліся бізнэсоўцы. А рабочыя й сяляне – гэта альбо электарат улады, альбо, калі й не зьяўляецца электаратам улады, дык у зьменах і рэвалюцыі ўсё адно не зацікаўленыя. Банк народнай мудрасьці гэта ня ўдалая фармулёўка. Сама ідэя можа й не благая. Будзе магчымасьць людзям выказацца. Хоць такая магчымасьць была ў іх і раней. У газэтах, напрыклад, часта зьяўляліся такія рубрыкі «каб я быў міністрам», «каб я быў прэзыдэнтам». Шкоды ад гэтага ня будзе, але толку таксама. Сацыяльныя й палітычныя зьмены ніколі не абапіраліся на меркаваньне народу. Зьмены адбываюцца не зь меркаваньня, а з памкненьня нейкіх сацыяльных груп. З таго, да чаго яны ўжо высьпелі. Маральна, а нават і фізычна для ўдзелу ў нейкіх акцыях.

«Гэта будзе самы багаты й пасьпяховы банк Беларусі, якому не пагражае ані палітычнае банкруцтва, ані сацыяльныя зрухі ды эканамічныя буры», гаворыцца ў тэксьце закліку дасылаць прапановы ў Банк народнай мудрасьці.

Ірына Пятроўская

ТЭГИ: