Лятучы ўніверсітэт абвясціў адукацыйную праграму 2015-2016 года. Яна адметная з’яўленнем дадатковай ступені ў структуры адукацыі Лятучага — школ магістраў гульні. У іх ліку — Метадалагічная школа.
У межах гэтай школы беларуская метадалагічная супольнасць прапануе інавацыйны падыход да адукацыі. Мы арыентуемся не на прафесіі, дысцыпліны ці тэмы, а на фармаванне адмысловай формы мыслення, дзеяння і ладу жыцця — «Homo ludens» («Чалавека гуляючага»).
«Чалавек гуляючы» — гэта нашае бачанне антрапалагічнай перспектывы сучаснага чалавека, якая скіравана на асваенне мыслення для гуманітарнай практыкі ва ўмовах множнасці сусветаў. Мы запрашаем удзельнікаў падчас навучання адкрыць у сабе «Homo ludens» праз супольнае засваенне метадаў, падыходаў і практыкі самаарганізацыі і самавызначэння.
Кіраўнікі школы: Уладзімір Мацкевіч і Таццяна Вадалажская.
У працы школы таксама возьмуць удзел іншыя чальцы метадалагічнай супольнасці: Андрэй Ягораў, Аксана Шэлест, Зміцер Галіноўскі і інш.
У адукацыйны працэс у школе будуць уключаныя заняткі з удзелам мысляроў з Калегіума Лятучага ўніверсітэта: Ігара Бабкова, Міхаіла Баярына, Міхала Анемпадыстава, Генадзя Сагановіча, Валянціна Акудовіча, Мікалая Лявонава і інш.
Школа разлічана на два з паловай універсітэцкія гады. Пачатак — у студзені 2016 года, заканчэнне — у травені 2018 года.
Каб трапіць у Метадалагічную школу, неабходна да 5 снежня 2015 года падаць заяўку (запоўніць анкету і даслаць матывацыйны ліст) па спасылцы ніжэй. Зарэгістраваныя кандыдаты будуць у далейшым запрошаны да сумоўя.
Удзельнікам будуць дасланыя тэмы для сумоўя (5-7 тэм па актуальных пытаннях, якія вымагаюць мыслення «тут і цяпер»), па адной з якіх (па выбары кандыдата) будзе ісці размова.