5 лістапада 2015 года распачаўся набор на новую адукацыйную праграму Лятучага ўніверсітэта. Яе публічная прэзентація пройдзе ў Мінску 13 лістапада.
Лятучы ўніверсітэт — не звычайная адукацыйная ўстанова. Мы ствараем супольнасць тых, для каго «Мысленне» і «Беларусь» з’яўляюцца не проста арыенцірамі, але і асноўнымі выклікамі для практыкі і жыцця.
У гэтым годзе ў адукацыйнай праграме Лятучага ўніверсітэта адбыліся значныя інавацыі. За пяць гадоў працы мы атрымалі не толькі вялікі досвед і шырокае кола слухачоў. Усе гэтыя гады мы знаходзіліся ў пошуку новага зместу адукацыі, які адпавядае ідэі сучаснага Універсітэта. У гэтым накірунку мы пільна ўглядаемся ў феномен «гульні». Мы гуляем ва Універсітэт, мы будуем яго як сваю прастору мыслення, якая дазваляе ствараць новыя сэнсы, шукаць адказы на падставовыя пытанні.
Мы ведаем Magister ludi з твораў Германа Гесэ. У Касталіі магістры стваралі новую культуру, якая б магла пераадольваць стан «фельетоннай эпохі». І фантастычнай Касталіяй гэты пошук не скончаны. Сёння нам у Беларусі трэба знайсці сваё рашэнне, сваю форму мыслення і ладу жыцця.
Школы магістраў гульні разлічаныя на невялікія групы, якія ў шчыльнай камунікацыі з настаўнікамі — беларускімі мыслярамі і інтэлектуаламі — будуць супольна займацца інтэлектуальнай працай.
Усе школы разлічаныя на два з паловай гады: са студзеня 2016-га па травень 2018-га года.
Кожная з іх прадугледжвае сваю праграму, якая будзе ўключаць як засваенне агульных курсаў Лятучага ўніверсітэта, так і працу ў індывідуальных фарматах, асабістых для кожнай школы.
Кожная школа вызначае сваё кола адмыслоўцаў, якім прапануецца «прасунуты» ўзровень і супраца ў вызначаным накірунку.
Агульнымі патрабаваннямі з’яўляюцца амбіцыі і гатоўнасць да новага тыпу адукацыі. Вам спатрэбіцца:
Школы магістраў гульні прадугледжваюць строгі адбор і фармаванне невялікіх працоўных груп. Кожная школа будзе праводзіць набор па асабістых крытэрыях, звязаных з тэматыкай і адпаведным тыпам інтэлектуальнай практыкі. Пасля падачы заяўкі, з вамі звяжацца адміністратар і прызначыць час сумоўя.
Заканчэнне школы будзе адзначацца стварэннем індывідуальнай ці групавой працы, якая прадэманструе здольнасць да самастойнай творчай інтэлектуальнай практыкі і дазволіць чальцам Калегіума Лятучага ўніверсітэта назваць выпускнікоў калегамі. У выніку паспяховага заканчэння школы выпускнікам будзе наданы тытул «магістар гульні», што запачаткуе новую генерацыю мысляроў і стваральнікаў Беларусі.
Першы ўзровень адукацыі дае магчымасці для засваення розных падыходаў у мысленні, гуманітарных і інтэлектуальных практыках, знаёмства з актуальнымі і ўнікальнымі напрамкамі сучаснай беларускай думкі, пошуку свайго Настаўніка.
У гэтым годзе плануецца восем курсаў. Яны прадстаўляюць арыгінальныя беларускія філасофскія канцэпцыі, а таксама прапануюць разабрацца з метадамі працы з мінулым і традыцыяй — як інтэлектуальнай, так і стылёвай. Асобную групу ствараюць курсы, у якіх будзе адбывацца герменеўтычная праца з тэкстамі, якія задаюць падмурак беларускай і еўрапейскай культуры.
Курсы будуць працаваць са студзеня па чэрвень 2016 года.
Гэтыя курсы адкрытыя для ўсіх, хто шукае новых сэнсаў, мае пытанні і праблемы, гатовы да змен у сабе і ў свеце. Узрост, адукацыя і прафесія не маюць абмежаванняў. Здольнасць да ўдзелу вызначаецца гатоўнасцю да супольнага мыслення і адпаведнасцю ўзроўню, які задае выкладчык.
Каб трапіць на курсы, трэба падаць заяўку. Заяўляцца можна на любую колькасць курсаў, пры гэтым варта разлічваць свае фізічныя і інтэлектуальныя сілы і магчымасці.
Па заканчэнні курсаў вы не атрымаеце дыпломаў ці пасведчанняў. Але вы зможаце знайсці Настаўніка ці «сваё кола». Гэтая праца можа стаць важным крокам у вашай жыццёвай ці адукацыйнай траекторыі. Тое, што вы атрымаеце, — ёсць абсалютна ваш здабытак і залежыць ад вашай адказнасці і магчымасці скарыстацца ўмовамі і асяродкам для развіцця.
Трохі перафразуючы Джулію Пеймон-Джонс, можна сказаць, што «думаць пра непамыснае і рабіць неверагоднае — гэта вялікая прывілея».
Гэта — прывілея маладосці, якая яшчэ не заціснута ў «дарослыя» рамкі таго, што магчыма і немагчыма.
Гэта — прывілея свабодных людзей, якія могуць дазволіць сабе «зрабіць усё не так».
Гэта — прывілея спозненых, калі лепш распачаць новае, чым даганяць.
Гэта — прывілея рэфлексіўных, якія бачаць крызіс існуючага і гатовы «паставіць» на тое, што можа прыйсці замест.
Гэта — прывілея амбітных.