Ганна Кісліцына
Адзін мой знаёмы, дарослы, меджду протчым, чалавек, падчас выбараў стаў шкрабаць палітычную сімволіку ў ліфце.
А другі, ужо пасля, маляваць карыкатуры і рассылаць іх на розныя сайты.
А трэці, садзіцца ў электрычку бітком набітую пенсіянерамі і абураецца ўладамі, разыкуючы, як сведчыць нядаўняя гісторыя белжэдэ, быць пабітым каменнем. Бо вытрымкі пенсіянераў хапае роўна на адзін яго сказ.
Што вымушае гэтых людзей, заўважу, уладкаваных, інтэлігентных і рацыянальных, ісці на гэтыя дробныя і быццам бы нядзейсныя акцыі пратэсту? Безумоўна, клопат пра сябе. Бо, як вядома, сказаў і выратаваў душу.
Аднак парадокс сітуацыі ў тым, што сказаць нешта ў сённяшнім свеце ўяўляецца немагчымым. Яшчэ нядаўна постмадэрністы скардзіліся на немагчымасць сказаць нешта новае, сёння ж становіцца зразумелым бессэнсоўнасць любога сатрасання паветра. Не толькі маналог, але і дыялог— немэтазгоднае баўленне часу.
І таму ўчынкі першых двух герояў гэтай гісторыі выглядаюць больш перспектыўнымі — візуальнае паступова перамагае вербальнае, карцінка выцясняе слова. Гэтыя двое, як выглядае, маглі б саставіць кампанію Уладзіміру Мацкевічу, ці, больш дэмакратычна, ён мог бы быць трэцім.
Бо Мацкевіч, па-першае, сам шукае новыя сродкі камунікацыі, злучаючы ў сваёй новай кнізе самыя разнастайныя віды дыскурсу — ад фені да моўнага вычварэнства найноўшага філасофскага слоўніка.
Па-другое, не верыць у дыялог як спосаб пераадолення саліпсічных настрояў палітычных «эліт» ( у кнізе іх тры, і накладанне гэтай магічнай для нашай чарачна-закусачнай свядомасці лічбы на іх прынцыповую неперасякальнасць само па сабе стварае камічны эфект твора).
Па-трэцяе, ён – чэсны, што сёння азначае гатоўнасць дэманстраваць прынцыпы і перакананні, прычым, як свае, так і чужыя.
Але, галоўнае, яго новая кніга — назву якой варта было б перакласці «Маўчанне як выклік» — і мае за мэту адшукванне аднадумцаў ці, дакладней іншадумцаў.
Мацкевіч нават робіць спробу іх гіпатэтычнага падліку. Аднак і сама лічба — 51 тысяча 750 чалавек, і прапанаваны ім выключна схаластычны — умозрительный — спосаб іх падліку, робіць чацвёртую главу тэкста, як і каментары да яе, самым смешным месцам кнігі. Ці самым сумным — гэта ўжо ў залежнасці ад таго, які бок шкляной барыкады выбярэ чытач.
Менавіты ў гэтым месцы чытач, хутчэй за ўсё, ўцяміць, з якім літаратурным жанрам яму давялося сутыкнуцца. Бо папярэднія «ад аўтарскія» развагі на гэты конт могуць толькі збіць з панталыку. Таму — супраць правілаў — рэкамендую не зважаць у дадзеным выпадку на меркаванне аўтара, і аўтарытэтна заяўляю — перад намі трагікамедыя.
Варта ўдакладніць — трагікамедыя, напісаная з нагоды палітычнага спектаклю. Наўрадці каму-небудзь з чытачоў даводзілася браць удзел у фарсах такога высокага ўзроўню, але, калі не палохацца вядомых па мас- мэдыя абрэвіятур, можна прыгадаць дзесятак-другі сітуацый, калі шэраговаму беларусу даводзілася ўдзельнічаць у падобных акцыях, праводзімых пад гіпнатызуючымі загрузамі, накшталт, «ад-вашага-выбару-залежыць-лёс-вашых-дзяцей».
Шэраговы, па наіўнасці, спадзяецца, што вечная наколка датычыць толькі яго і такіх жа шэраговых. Што недзе там ёсць людзі, да голасу якіх прыслухоўваюцца. Мацкевіч з пазіцый сведкі пераканальна сцвярджае: «Не!» І можа праўда гэтага сцвярджэння падасца некаму горкай, але гэта горыч лекаў. І пэўна, каб падсласціць гэтую літаратурна-філасофскую пігулку ад ілюзій, аўтар абірае такую спецыфічную запытальна-жартаўлівую інтанацыю, якой размаўляюць дактары з хворымі дзецьмі. «Так лучше, правда?»
Інтанацыйныя перапады кнігі структурыруюць яе мацней, чым усе гэтыя аўтарскія навароты, тыпу, «глава», «примечания», «приложения», хоць, мажліва, і не ўсім прыдуцца даспадобы. Бо чытач настроены – заўважым, самім аўтарам — на сур’ёзную рэалістычную кнігу, а трапляе ў карнавальную атмасферу ільфпетроўскага Чарнаморску, дзе барадатыя габрэйскія показкі і палітычныя навіны знаходзяцца на адной іерархічнай прыступцы. Ды і сам Мацкевіч сваёй парамастацкай дэмагогіяй больш за ўсё нагадвае эвалюцыянаваўшы пікейны gilet .
Праўда ў тым, што ў свеце не пераводзяцца не толькі чэмберлены, якім, як вядома, лепш у рот не класці, але і пікейнакамізэлечнікі. Якіх сёння без усякай іроніі можна вызначыць словам «інтэлектуалы». Зразумела, што не кожны пагодзіцца з такім параўнаннем, але на тле тэксту Мацкевіча, яно абсалютна натуральнае. Дастаткова згадаць аналогіі, якія выкарыстоўвае ён пры дэфініцыі гэтага панятку ў артыкуле «Самавызначэнне беларускага інтэлектуала». Хоць, на думку самога аўтара, інтэлектуалы выдзеліліся з інтэлігенцыі толькі ў канцы 80-х гг.
«Дык вось, інтэлігенцыя – гэта тыя, хто стаялі ў чэргах па газеты ў гады перабудовы і чыталі “тоўстыя часопісы”. І ўсе будучыя інтэлектуалы бавілі багата часу ў гэтых чэргах. За выняткам тых, хто тады быў яшчэ дзецьмі. Чым інтэлектуалы займаліся, я не ведаю. Хто чым. Пра кожнага асобнага інтэлектуала гэта нецяжка высветліць. І трэба высветліць! Прычым у рэзкай і катэгарычнай форме: “А чым вы, спадары інтэлектуалы, займаліся да 1991 году?
Я ведаю іншае: інтэлектуалы першымі перасталі стаяць у гэтых чэргах. Яны першымі перасталі чытаць савецкія газеты. Пасля газет настала чарга “Огонька”, “Литературки», а потым і ўсіх «тоўстых» часопісаў. Інтэлектуалы пачалі думаць самі і чытаць толькі тое, што самі сабе вызначылі».
Гэтыя развагі, узятыя са старонак часопіса ARCHE — істотнае дапасаванне да «Вызывающего молчания», бо менавіта тут вызначана target grup кнігі. Калі чытач пазнаў сябе ў гэтай метафарычнай чарзе, то гэты твор стоадсоткава адрасаваны яму. Калі ж, напрыклад, па прычыне ўзросту, ён не можа скарыстаць прадстаўлены ідэнтыфікацыйны пасаж, варта самавызначыцца праз другі міні-тэст, недальнабачна схаваны ў нетры мацкевічавага тэксту. Бо высоўванне гэтага пытання на першы план істотна б зберагло час чытачоў.
«Вы не знаете, кто такой Ким Хадеев? Значит, вы ничего не знаете о Минске. А если не знаете, то не знаете и о стране, для которой далеко не все потеряно. О чем с вами после этого говорить? Я обиделся, и дальше вообще буду писать только для себя». Чытачу варта прыслухацца да гэтага папярэджання. А імя Кіма Хадзеева яшчэ не раз усплыве ў тэксце. Бо «кімхадзееў» — для беларускіх філосафаў гэта як «фарадэй» ці «джоўль» для фізікаў. Адзінка вымярэння. Хоць асабіста мне да рэшты не ўцяміць, што хаваецца за гіперсуб’ектыўным аўтарскім тлумачэннем у дадатніку Ху із ху:
«Вежновец Е. – если подрастет, может стать для Витебска чем-то вроде того, кем является Хадеев для Минска».
Хадзееў – адзін з нямногіх станоўчых герояў кнігі, і ці не адзіны, хто вызывае лірычныя пачуцці ў аўтара. Адна толькі згадка яго імені здольна настроіць Мацкевіча на думкі пра ўзнёслае. Для апавядальнай жа тканіны твора згадкі пра Хадзеева – гэта, так бы мовіць, трошкі сонца ў халоднай вадзе. Бо, як не круці, як не заахвотчвай чытача абяцанкамі вясёлага чытва , урэшце рэшт давядзецца прызнацца, што кніга прысвечана падрабязнаму разбору пункта 22 Стамбульскай дэкларацыі ОБСЕ. І што нават не падрабязны разбор гэтага дакументу дзейнічае на абывацельскія мазгі, як душ Шарко на інтэлігенцкае цела. Выклікае скурчванне.
І ўсё ж, гэтую кнігу варта прачытаць. Для таго, каб праверыць свой імунітэт да палітыкі. Каб знайсці ў сярэдзіне цалкам постмадэрністычны даведнік імёнаў – а раптам там ёсць ваша? Каб успомніць словы Э. Берга, калі вы іх ведалі раней: «Для таго каб перамагло зло, дастаткова, каб добрыя людзі нічога не рабілі». І, зразумела, каб пачаць нешта рабіць