28 траўня, у аўторак, Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю і дыскусію з удзелам украінскага гісторыка, прафесара Драгобыцкага ўніверсітэта Леаніда Цімашэнкі.
У канцы ХVI ст. на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (актуальныя землі Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны) адбылася знакавая гістарычная падзея, праявы і вынікі якой да сённяшняга дня адчувальныя ў розных сферах грамадскага, палітычнага, культурнага жыцця рэгіёна. Не дзівіць, што Берасцейская царкоўная ўнія 1596 года, гісторыя ўніяцкай царквы і яе асобных тэрытарыяльна-адміністрацыйных структур сталі аднымі з ключавых даследчыцкіх праблем у беларускай, украінскай, польскай гістарыяграфіях. І больш за тое — пытанне Берасцейскай уніі дагэтуль з’яўляецца прадметам вострых навуковых і пазанавуковых дыскусій.
Ці была Берасцейская ўнія інспіраваная знешнімі сіламі, ці стала вынікам трансфармацый самой Царквы? Ці працягвала грэка-каталіцкая царква ўсходне-хрысціянскую традыцыю? Як сучасная гістарычная навука пазначае тое, што сталася ў выніку сутыкнення двух культурна-рэлігійных светаў — заходне- і ўсходне-хрысціянскага? Якія падставы ёсць для такіх інтэрпрэтацый?
28 траўня 2013 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю і дыскусію з удзелам украінскага гісторыка, прафесара Драгобыцкага ўніверсітэта імя Івана Франка (Львоўская вобл.) Леаніда Цімашэнкі. Вядомы спецыяліст па гісторыі царквы XVI-XVIII стст. разважае на тэму «Спрэчныя праблемы Берасцейскай уніі ў гісторыі народаў Рэчы Паспалітай». Пасля лекцыйнай часткі адбудзецца дыскусія, на якую запрошаныя беларускія эксперты. Вядоўца сустрэчы — кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч (Інстытут гісторыі НАН Беларусі).
Лекцыя і дыскусія пройдуць ў памяшканні мінскай кавярні «Ложки» (вул. Камсамольская, 34). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!
Свае пытанні арганізатарам вы можаце пакінуць на сайце Лятучага ўніверсітэта.