24 траўня Лятучы ўніверсітэт ладзіць у Віцебску першую публічную лекцыю з цыклу «Urbi et Orbi». На тэму «Беларусь як інтэлектуальная праблема» разважае філосаф Ігар Бабкоў.
Вось ужо два гады, як Лятучы ўніверсітэт распачаў у Мінску цыкл публічных лекцый «Urbi et Orbi». Назва цыклу — не проста гучны слоган, арганізатары задумвалі гэтыя лекцыі як тое месца, дзе можна пачуць важныя, актуальныя выказванні пра сучасную Беларусь, якія маюць патэнцыял стаць арыенцірам у грамадскім і ў індывідуальным жыцці беларусаў. За гэты час у межах Лятучага ўніверсітэта было арганізавана болей за трыццаць лекцый, падчас якіх вядомыя інтэлектуалы, мастакі, культурныя і грамадскія дзеячы мелі магчымасць данесці да шырокага кола людзей думкі, ідэі і праблемы, якім прасвячаюць сваё жыццё і творчасць. У сезоне 2012-2013 года ўніверсітэт адчыніў рэгіянальную пляцоўку публічных лекцый у Магілёве.
Цыкл «Urbi et Orbi» у Віцебску пачнецца з лекцыі філосафа, паэта і празаіка Ігара Бабкова. Лектар запрашае слухачоў да дыскусіі пра беларускую традыцыю, што выступае адной з версій разважання пра Беларусь як «інтэлектуальную праблему». У прадмове да сваёй лекцыі філосаф кажа:
«За апошняе дзесяцігоддзе Беларусь стала важнай і нават моднай інтэлектуальнай праблемай. Беларуская ідэнтычнасць, беларуская ідэя і беларускі дыскурс, тутэйшасць і новае беларускае кіно, беларускі постмадэрн і трэш-літаратура — усё гэта заняло сваё месца на сцэне публічнай увагі, канчаткова пакінуўшы ў мінулым (і для мінулага) панылыя галашэнні і скаргі на адсутнасць. І цяпер мы гатовыя зрабіць наступны крок — распачаць гаворку пра беларускую традыцыю».
Публічная прамова Ігара Бабкова «Беларусь як інтэлектуальная праблема» адбудзецца 24 траўня 2013 года па адрасе: г. Віцебск, вул. Белабародава 5, вялікая заля Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва. Пачатак у 18.00. Уваход вольны!