ИНТЕЛЛЕКТУАЛЬНОЕ ПРОСТРАНСТВО БЕЛАРУСИ

Публічная дыскусія «Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863-64 гадоў: канфлікт інтэрпрэтацый 150 гадоў пасля»

| 29.04.2013

3 траўня 2013 года ў рамках Другой міжнароднай канферэнцыі Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера»: «Аднаўленне гісторыі: памяць і грамадства ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе» адбудзецца публічная дыскусія на тэму: «Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863-64 гадоў: канфлікт інтэрпрэтацый 150 гадоў пасля».

2013 год адзначаны выбухам гістарычных дыскусій датычна постаці Кастуся Каліноўскага і Паўстання 1863-64 гадоў, іх пашырэннем у інтэрнэт-прасторы, што ў значнай ступені звязана з «юбілейным» характарам гэтага года (150 год Паўстання).

Яшчэ ў савецкія часы Каліноўскі стаў адной з ключавых фігур у беларускай гісторыі, па выніках сацыялагічных даследаванняў гэта адна з найбольш вядомых гістарычных асоб у Беларусі. Але чым далей, тым больш выяўляюцца цяжкасці ў адназначнай інтэрпрэтацыі поглядаў Каліноўскага і характара Паўстання 1863 года. Паўстанне адбывалася ў час пераходу ад польскага патрыятызму да нараджэння нацыянальных патрабаванняў, і сам прамежкавы стан лозунгаў і ідэй Паўстання нараджае відавочныя цяжкасці ў далейшых тлумачэннях. Да таго ж, фокус абмеркаванняў Каліноўскага і Паўстання 1863-64 гадоў супадае з актуальнымі і нявырашанымі пытаннямі беларускага нацыябудаўніцтва (суадносіны ліцвінскай і русінскай традыцый, праваслаўя і каталіцызму, арыентацыі на Еўропу ці Расію).

Якім жа чынам мы можам зразумець Паўстанне пад кіраўніцтвам Каліноўскага 150 год пасля? Што нам дае гістарычная навука для такой інтэрпрэтацыі? Чым абумоўлены крытычныя выпады і абвінавачанні ў фальсіфікацыі? І наколькі беларуская памяць пра Паўстанне 1863-64 гадоў адрозніваецца ад польскай і літоўскай версій гэтай падзеі?

Пра гэта пойдзе размова падчас публічнай дыскусіі «Кастусь Каліноўскі і паўстанне 1863-64 гадоў: канфлікт інтэрпрэтацый 150 гадоў пасля», якая адбудзецца 3 траўня 2013 года ў гатэлі «Crowne Plaza» (Мінск, вул. Кірава, 13, зала «Princess II»). Пачатак дыскусіі у 18.00. Уваход вольны!

Арганізатарамі дыскусіі выступілі: Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», Міжнародны кансорцыюм «ЕўраБеларусь», Інстытут ВКЛ (Коўна, Літва).

У якасці дыскутантаў запрошаны: доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук (Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук), доктар гісторыі Дарус Сталюнас (Інстытут гісторыі Літвы), доктар гісторыі Ян Шумскі (Інстытут гісторыі навукі Польскай акадэміі навук), Андрэй Ціхаміраў (Інстытут гісторыі навукі Польскай акадэміі навук).