2 траўня 2013 года Лятучы ўніверсітэт ладзіць чарговую лекцыю з цыклу публічных лекцый «Urbi et Orbi». Да «Гораду і Свету» зверніцца дырэктар Інстытута Вялікага княства Літоўскага (Коўна, Літва), дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва), доктар гісторыі Русціс Камунтавічус.
Кожная нацыя павінна месць свой расказ пра мінулае, свой нацыянальны наратыў. Але як быць з такім мінулым, якое належыць не адной нацыі, геаграфія якога ў сучаснай сітуацыі не супадае з межамі адной дзяржавы? Як паразумецца суседзям, якія ў рознай палітычнай, ідэалагічнай, культурнай стылістыцы ствараюць свае міты, песні, свае літаратурныя творы і нават навуковыя даследванні пра адно і тое ж агульнае мінулае? Гэтыя пытанні набіраюць сваёй моцы і актуальнасці, калі гаворка ідзе пра агульную для Беларусі і Літвы спадчыну Вялікага княства Літоўскага.
Дзеля таго, каб пачаць шукаць шляхі паразумення, каб імкнуцца не да пераканання адзін аднаго ў правільнасці сваіх версій, а да таго, каб гістарычны наратыў пра ВКЛ стаў больш поўнасным, цікавым, беларусы і літоўцы павінны прызнаць гэтую рознасць падыходаў не як тое, што супярэчыць адно аднаму, а як тое, што дапаўняе, дазваляе нам быць больш адэкватнымі ў сваіх версіях мінулага.
«І палякі, і літоўцы, і беларусы ўсё адно будуць мець свой нацыянальны наратыў і пра ВКЛ, і пра Вільню. Але сэнс у тым, каб зразумець крытычна адно аднаго, не стараючыся знішчыць версію апанентаў. Чытаючы ўсё і думаючы над гэтым — будзеш набліжацца да аб’ектыўнага бачання», — кажа ў інтэрв’ю дырэктар Інстытута Вялікага княства Літоўскага (Коўна, Літва), дацэнт Універсітэта Вітаўта Вялікага (Коўна, Літва) Русціс Камунтавічус. Па словах пана Камунтавічуса, у такой сітуацыі літоўскія гісторыкі, галоўным чынам, павінны быць зацікаўленыя не ў тым, каб беларускую інтэрпрэтацыю гісторыі ВКЛ больш наблізіць да літоўскай версіі, а наадварот — каб беларуская гісторыяграфія ВКЛ развівалася як мага больш незалежна і прафесійна.
2 траўня 2013 года ў межах цыкла публічных лекцый Лятучага ўніверсітэта «Urbi et Orbi» доктар гісторыі Русціс Камунтавічус разважае на тэму: «Чаму ў Літве ВКЛ дагэтуль лічыцца літоўскай дзяржавай?». Месца правядзення: гатэль «Crowne Plaza», зала «Princess II» (вул. Кірава, 13). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!
Гэтая лекцыя — спроба ўсведамлення іншага пункту гледжання, праз які можна адкрыць для сябе новыя старонкі сваёй гісторыі.
Інтэрв’ю з Русцісам Камунтавічусам напярэдадні лекцыі
Глядзіце анлайн-трансляцыю лекцыі:
2 траўня (чацвер), пачатак у 18.30!