27 красавіка 2013 года Лятучы ўніверсітэт праводзіць у Магілёве чарговую лекцыю з цыклу публічных лекцый «Urbi et Orbi». З лекцыяй «Тры хвалі белкульту: жыццё пасля нацыі» перад магіляўчанамі выступіць культуролаг, выкладчык, публіцыст, тэле- і радыёвядучы Максім Жбанкоў.
Што сабой уяўляе актуальны стан беларускай культуры? Мы бачым размытасць панятку «мы», а ці можна знайсці прыклады, калі наша ўяўленне пра «мы» было адзіным? У якіх формах, фарматах становіцца мажлівай адбудова якасна новай культурнай сітуацыі? Чым становіцца беларускасць у постнацыянальным кантэксце?
27 красавіка 2013 года Лятучы ўніверсітэт запрашае жыхароў «культурнай сталіцы СНД і Беларусі» да разважання пра тры хвалі айчыннай посткамуністычнай культурнасці: рамантычна-нацыяналістычную, змагарска-партызанскую і постідэалагічна-нібыта-еўрапейскую. З публічнай лекцыяй у межах цыклу «Urbi et Orbi» у магілёўскім «Тэхнапарку» выступіць культуролаг, выкладчык, публіцыст, тэле- і радыёвядучы Максім Жбанкоў.
Лектар разглядае наяўную беларускую культуру як парад мутацый знешніх культурніцкіх кодаў на глебе траўматызаванай нацыянальнай сьвядомасці. «Жыццё пасля нацыі» праяўляе сябе ў прыватызацыі культурнай прасторы, дзе ідэялягічна ангажаваныя субкультурныя гета трансфармуюцца ў лакальныя крэатыўныя суполкі. Беларускасць, такім чынам, пераўтвараецца з умоўнай гіперматрыцы ў мадэль да складання.
Лекцыя «Тры хвалі белкульту: жыццё пасля нацыі» пройдзе ў Магілёве 27 красавіка 2013 года ў «Тэхнапарку» (вул. Ленінская, 63, зала 807), пачатак ў 16.00. Запрашаем усіх зацікаўленых. Уваход вольны!
Актуальную інфармацыю пра дзейнасць Лятучага ўніверсітэта і цыкл публічных лекцый «Urbi et Orbi» можна знайсці на сайце: http://fly-uni.org.