26 красавіка 2013 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на чарговую лекцыю з цыклу публічных лекцый «Urbi et Orbi». Да «Гораду і Свету» зверніцца вядомы паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.
Гэтай вясною было нямала нагод для рэфлексіі таго, як развіваецца ў Беларусі сфера мастацкага і навуковага перакладу. У межах фестывалю «Шэнгенка» было зладжана некалькі кніжных прэзентацый, а Лятучы ўніверсітэт у партнёрстве з Беларускай філасофскай прасторай і кнігарняй «логвінаЎ» на публічнай дыскусіі паспрабаваў абмеркаваць мажлівасці выпрацоўкі агульнай стратэгіі развіцця перакладаў на беларускую мову.
І вось новая нагода — выхад кнігі выбраных перакладаў Андрэя Хадановіча «Разам з пылам». У тым, што кніга выходзіць месяцам пазней, можна ўбачыць сваю логіку — гэтая падзея выбіваецца з шэрагу сакавіцкіх прэзентацый сваім відавочным акцэнтам на асобе перакладчыка. Тым самым, кніга падкрэсліла актуальную тэндэнцыю, якая добра пазначана ў рэцэнзіі Ганны Янкуты: «Апошнім часам усё часцей усплывае думка пра тое, што перакладчыкі, якія доўгі час былі ў цені сваіх аўтараў, пачынаюць паціху выпаўзаць у свет, каб нагадаць яму, гэтаму свету, пра сваё існаванне і пра сваю ролю ў станаўленні нацыянальнай літаратуры. Бо, фактычна, перакладчыкі не так знаёмяць чытачоў з творамі тых ці іншых замежных аўтараў, як распрацоўваюць сваю ж мову, прышчапляюць сваёй жа літаратуры новыя стылі і тэхнікі пісьма, «прыкрываючыся» чужым імем». І нібы пацвярджаючы гэтыя словы, Андрэй Хадановіч кажа ў інтэрв’ю напярэдадні сваёй публічнай лекцыі: «Пераклад — гэта не проста камунікацыя, гэта спосаб паўплываць на сучасны табе стан мовы. Справакаваць творчую актыўнасць тут і цяпер».
Выхад перакладчыка з «ценю сваіх аўтараў» змяняе растаноўку пазіцый, па-іншаму пазначае ролю і месца перакладу ў нацыянальнай культуры і задае новыя, цікавыя ракурсы для рэфлексій актуальнага стану і праблематыкі беларускага перакладу.
26 красавіка 2013 года ў межах цыклу публічных лекцый «Urbi et Orbi» на гэтыя тэмы разважае вядомы паэт, перакладчык Андрэй Хадановіч. Лекцыя «Мастацтва немагчымага. Красавіцкія тэзісы» пачнецца ў 18.30 у канферэнц-зале Інстытута імя Гётэ ў Мінску (вул. В.Харужай, 25/3, 4-ы паверх). Пасля лекцыі ў кавярні «ПРО Кафе» адбудзецца аўтограф-сесія Андрэя Хадановіча з нагоды выхаду кнігі «Разам з пылам». Уваход вольны!
Інтэрв’ю з Андрэем Хадановічам напярэдадні лекцыі
Глядзіце анлайн-трансляцыю лекцыі:
26 красавіка (пятніца), пачатак у 18.30!