ИНТЕЛЛЕКТУАЛЬНОЕ ПРОСТРАНСТВО БЕЛАРУСИ

Публічная лекцыя Ігара Духана «Карціны шчасця. Неакласіцызм у ХХ-ХХІ стагоддзі»

| 02.04.2013

5 красавіка 2013 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на чарговую лекцыю з цыклу публічных лекцый «Urbi et Orbi». Да «Гораду і Свету» зверніцца архітэктар і тэарэтык мастацтва Ігар Духан.

У ХХ стагоддзі Мінск перажыў масштабныя трансфармацыі, якія відавочна па-новаму сфарміравалі само цела горада, радыкальна змянілі ягонае аблічча. У выніку пасляваеннай рэканструкцыі ў горадзе быў пабудаваны своеасаблівы архітэктурны ансамбль у стылі неакласіцызму, які стаў адыгрываць горадаўтваральную ролю. Сённяшні праспект Незалежнасці ўяўляе сабой кампазіцыю з прадуманым рытмам, скразным прапарцыянаваннем, дакладна знойдзеным масштабам адносін трасы, аб’ёмаў будынкаў, архітэктурна-дызайнерскіх дэталяў.

Канешне, можна сустрэць рознае стаўленне да неакласічнай архітэктуры савецкіх часоў, да ролі і месца праспекта Незалежнасці, у прыватнасці. Але нельга не лічыцца з тым, што гэта ўжо стаўшая рэальнасць горада, якая паўплывала не толькі на яго аблічча, але і на паўставанне новай ідэнтычнасці беларусаў. Асэнсаванне гэтага выходзіць па-за межы канкрэтных архітэктурна-мастацкіх стылёвых катэгорый і патрабуе філасофскай інтэрпрэтацыі.

Што натхняла аўтараў праекта сённяшняга праспекта Незалежнасці на такія глабальныя перабудовы? Якое ўяўленне пра прыгожае, эстэтыку, шчасце было пакладзена імі ў падмурак канцэпцыі новага горада? У чым сутнасць гэтай логікі формаўтварэння? Сёння, калі буйнымі тэмпамі разгортваецца інвестыцыйнае будаўніцтва, якое закранае таксама і магістраль праспекта, адказы на гэтыя пытанні становяцца вельмі актуальнымі.

Лятучы ўніверсітэт запрашае на лекцыю вядомага архітэктара, тэарэтыка мастацтва, аўтара шматлікіх тэкстаў на тэму стратэгій сучаснага мастацтва, філасофіі дызайна і архітэктуры Ігара Духана «Карціны шчасця. Неакласіцызм у ХХ-ХХІ стагоддзі». Лектар прапануе разгледзець лёсы класічнага ў мадэрнізме і постмадэрнізме ў сітуацыях творчасці Роберта Адама ў Лондане і Эдынбургу, Шынкеля ў Берліне, праспэкту Незалежнасці ў Мінску, Рымскага дома Міхаіла Філіпава ў Маскве.

Лекцыя адбудзецца 5 красавіка ў Галерэі «Ў» (прасп. Незалежнасці, 37а). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!

Інтэрв’ю з Ігарам Духанам напярэдадні лекцыі

Глядзіце анлайн-трансляцыю лекцыі:
5 красавіка (пятніца), пачатак у 18.30!