Доска объявлений

Публічная лекцыя Сяргея Харэўскага ў Магілёве

| 01.04.2013

6 красавіка 2013 года Лятучы ўніверсітэт праводзіць у Магілёве чарговую лекцыю з цыклу публічных лекцый «Urbi et Orbi». З лекцыяй «Наша новая ідэнтычнасць» перад магіляўчанамі выступіць культуразнаўца Сяргей Харэўскі.

Беларуская ідэнтычнасць мяняецца, метальнасць — рэч, што фармуецца школай, прапагандай і царквою. Паўставанне найноўшай беларускай ідэнтычнасці адбывалася ва ўмовах імклівай ўрбанізацыі і разбурэння вясковага менталітэту. Новыя гарады і зменлівы ўрбаністычны краявід сталі тым асяродкам, у якім сфармавалася маладая беларуская нацыя.

Як аснова самаідэнтыфікацыі горадабудаўнічы асяродак у стабільным грамадстве абапіраецца на аднаўленне базавых каштоўнасцей, устойлівых стэрэатыпаў, іншых элементаў, перадвызначаных традыцыяй культурнага развіцця. Вобразы новага для беларусаў, але створанага ўжо імі самімі, гарадскога асяроддзя сталі дамінаваць у мастацтве і літаратуры, у гуманітарных навуковых даследаваннях. Беларуская нацыя ў сучасным яе стане склалася ў гарадах, дзе ад сярэдзіны 1970-х стала пражывае большасць жыхароў Беларусі. 1980-я — час, калі адбывалася кансалідацыя нацыі ў межах тэрыторыі БССР, адбываўся імклівы рост адукацыі і культуры, што быў інспіраваны камуністычнымі ўладамі. З колькасным ростам прадукцыі літаратуры, мастацтва і гуманітарных навук адбываўся якасны рост беларускай нацыянальнай свядомасці. Беларусы абжылі гарады, яны іх стварылі і працягваюць мяняць і разбудоўваць. Менавіта гарады сёння сталіся апірышчам беларускай этнічнай ідэнтычнасці, дзе рэалізуецца беларуская нацыянальная ідэя. У асяроддзі менавіта гарадской моладзі паўсталі тыя нефармальныя патрыятычныя аб’яднаньні і клубы — такія як фальклёрная «Майстроўня», літаратурныя «Тутэйшыя» і «Бабілён», «Талокі» ды «Ратушы», — што сталі асноваю для нацыянальна-вызваленчага руху напрыканцы 1980-х, а затым і палітычных партый, культурніцкіх арганізацый, што дзейнічаюць дасёння. Менавіта ў гарадах, дзе выспела ідэя суб’ектнасці беларускай нацыі, сёння засяроджваецца і нацыянальная культура.

Радыкальныя горадабудаўнічыя змены, якія назіраем сёння ў гарадскіх цэнтрах, сталіся таксама важнымі чыннікамі паўставання новай ідэнтычнасці — супярэчлівай, з рудыментамі савецкай ідэалогіі, але і з пафасам духоўнага адраджэння, узнаўлення страчаных каштоўнасцей, стваральнікамі якіх сёння сталі самі беларусы, жыхары гарадоў, у другім і ў трэцім ужо пакаленні.

Публічная лекцыя культуразнаўцы Сяргея Харэўскага «Наша новая ідэнтычнасць» адбудзецца 6 красавіка 2013 года па адрасе: г. Магілёў, вул. Чкалава, 16 («Кола сяброў»). Пачатак у 15.00.

Уваход вольны!