21 сакавіка 2013 года Лятучы ўніверсітэт запрашае на чарговую лекцыю з цыклу публічных лекцый «Urbi et Orbi». Гэтым разам да «Гораду і Свету» зверніцца журналіст і медыя-эксперт Аляксандр Класкоўскі.
«Некалі журналіст апрыёры быў мэтрам. Звычайныя людзі пісалі каракулі ад рукі, нават друкарская машынка была рэдкасцю, ягоныя ж радкі адліваліся ў метал на лінатыпе, ператвараліся ў чаканныя калонкі на паласе і разыходзіліся тысячамі асобнікаў чарговага газетнага нумара. Вальяжны калумніст з люлькай здаваўся жрацом таямнічага культу. Сёння вобраз журналіста дэсакралізаваны, бо кожны атрымаў магчымасць друкаваць свае тэксты прыгожымі электроннымі літарамі і выходзіць з імі на тэарэтычна бязмежную аўдыторыю Сеціва. Інтэрнэт зрабіў людзей роўнымі ў сэнсе распаўсюду сваёй творчасці, як некалі палкоўнік Кольт — у сэнсе самаабароны». Аляксандр Класкоўскі. Артыкул становіцца жанрам-дыназаўрам // Mediakritika.by.
Эпоха Інтэрнэта, форумаў, ЖЖ, сацыяльных сетак, безумоўна, унесла свае карэктывы ў стаўленне да журналістаў-профі, але таксама сказалася і на палітыцы рэдакцый многіх СМІ, якасці журналісцкіх матэрыялаў. Сёння ў беларускіх СМІ вельмі рэдка можна сустрэць якасны, глыбокі, поўнавартасны матэрыял. Зазвычай рэдакцыі арыентуюцца на стандартныя заметкі з гучнымі загалоўкамі, кароткія навіны, у найлепшым выпадку — інтэрв’ю па гарачай тэме. Інтэнсіўнасць развіцця навакольнага свету, усё новыя і новыя інфармацыйныя нагоды не дазваляюць журналісту мець дастаткова часу на апрацоўку матэрыялу. Так застаюцца невырашанымі і ўсё больш надзеннымі праблемы крызісу жанру, формы, тэхналогіі падачы матэрыялу, этыкі і прафесіяналізму аўтараў. Датычна беларускага палітычнага кантэксту да гэтага спісу варта дадаць яшчэ сіндром барыкады, пытанні палітычнай ангажаванасці і аб’ектыўнай ацэнкі.
З якімі праблемамі сутыкаецца сёння беларуская прафесійная журналістыка? Чаго вымагае ад журналіста напісанне якаснага матэрыялу? Як адказаць на выклікі часу? Гэтыя пытанні ў розных аспектах ставіць і аналізуе у сваіх артыкулах, блогу вядомы журналіст, аналітык Аляксандр Класкоўскі, прафесіяналізм і досвед працы якога ў СМІ дае поўнае права выступаць у ролі медыйныага эксперта. Прышоў час паставіць гэтыя пытанні перад «Горадам і Светам».
Лекцыя «Беларуская журналістыка: стан, праблемы, выклікі» з цыклу публічных лекцый «Urbi et Orbi», якія арганізуе Лятучы ўніверсітэт, адбудзецца 21 сакавіка ў Галерэі «Новы дзень» (вул. Няміга, 36, уваход праз рэстаран NEWMAN). Пачатак у 18.30. Уваход вольны!
Інтэрв’ю з Аляксандрам Класкоўскім напярэдадні лекцыі
Глядзіце анлайн-трансляцыю лекцыі:
21 сакавіка (чацвер), пачатак у 18.30!