2 сакавіка Лятучы універсітэт праводзіць у Магілёве чарговую публічную лекцыю з цыклу «Urbi et Orbi». З лекцыей «Вялікае княства Літоўскае. Гісторыя і нацыяналізм» выступіць вядомы беларускі гісторык-медыевіст, доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч.
У другой палове XIX ст. маладыя нацыяналізмы Цэнтральна-Усходняй Еўропы паступова падыходзілі да праграмы будовы ўласнай нацыянальнай дзяржавы, якую імкнуліся прадставіць як працяг новачаснай ці сярэднявечнай дзяржаўнай традыцыі. Аб’ектам зацятага ідэалагічнага змагання стала спадчына шматэтнічнай сярэднявечнай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага, на якую заявілі прэтэнзіі ідэолагі польскага, расійскага, летувіскага, беларускага і (у меншай ступені), украінскага нацыяналізмаў.
Польска-расійская дыскусія пачалася з паразай паўстання 1863-1864 г. і насіленнем русіфікацыі «Паўночна-Заходняга краю». Расійцы акрэслілі ВКЛ як «літоўска-рускую дзяржаву», палякі — як выключна летувіскую, якая праз унію з Польшчай стала часткай апошняй. Летувісы і беларусы ўключыліся ў дыскусію пазней, у пачатку XX ст. і выкарыстоўвалі працы расійскіх і польскіх гісторыкаў ва ўласнай інтэрпрэтацыі.
У міжваенны перыяд у незалежнай Летуве канцэпцыя ВКЛ як выключна летувіскай дзяржавы стала важнейшай часткай дзяржаўнай ідэалогіі. Беларусы і украінцы ўласныя дзяржавы абараніць не змаглі і забраць голас у дыскусіі не мелі магчымасці.
Пасля Другой сусветнай вайны савецкая гістарыяграфія прыняла канцэпцыю летувіскасці ВКЛ, а беларусаў прызнала ахвярай летувіскай экспансіі, з-пад якой іх вызваліла Расія. Пасля падзення Савецкага Саюза сфармавалася ўласна беларуская інтэрпрэтацыя гісторыі ВКЛ, як працягу традыцыі дзяржаўнасці Полацкага і Тураўскага княстваў. Гэтая канцэпцыя дамінуе ў краіне, нягледзячы на процідзеянне ідэолагаў прарасійскага рэжыму.
2 сакавіка Лятучы ўніверсітэт запрашае даведацца пра гісторыю змагання за спадчыну буйнейшай дзяржавы еўрапейскага сярэднявечча з вуснаў вядомага беларускага гісторыка-медыевіста, доктара гістарычных навук Алеся Краўцевіча. Публічная лекцыя цыкла «Urbi et Orbi» на тэму «Вялікае княства Літоўскае. Гісторыя і нацыяналізм» пачнецца а 16.00 у Магілёўскім «Тэхнапарку» (зала 807).
Пасля лекцыі адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Алеся Краўцевіча «Гедымін. Каралеўства Літвы і Русі (1316-1341)», у якой возьме ўдзел ілюстратар выдання мастак Ігар Гардзіёнак. Кніга выйшла на дзвюх мовах: беларускай і англійскай, усе ілюстрацыі паказваюць аўтэнтычныя рэчы і тагачасную матэрыяльную атрыбутыку. Кансультацыі па выявах рабіў буйнейшы знаўца зброі ВКЛ прафесар Юрась Бохан. Кніга распавядае пра біяграфію манарха, які ўпершыню аб’яднаў у адной дзяржаве ўсе гістарычныя землі Беларусі: Літву, Палессе, Полаччыну, Віцебшчыну, Тураўшчыну, Магілёўшчыну, Берасцейшчыну і Гарадзеншчыну. Гэта адбылося прыкладна ў 40-я гады ХІV ст. І менавіта гэтае аб’яднанне загарантавала паспяховы этнагенэз беларусаў.
Алесь Краўцевіч — археолаг, гісторык-медыевіст, доктар гістарычных навук, даследуе сярэднявечную і новачасную гісторыю Беларусі. Нарадзіўся 13 версня 1958 г. у вёсцы Лупачы Мастоўскага р-на на Гарадзеншчыне. Закончыў гістфак БДУ (1981 г.), аспірантуру Інстытута археалогіі АН СССР (1984 г.), дактарантуру БДУ (1999 г.). У 1996-1997 г. праходзіў навуковую стажыроўку ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. Ад 1999 г. выкладае ў беларускіх і польскіх ВНУ. Аўтар шэрагу навуковых і навукова-папулярных кніг.