Доска объявлений

URBI ET ORBI: Публічная лекцыя Валянціна Акудовіча “Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?”

| 01.11.2012

Публічная лекцыя Валянціна Акудовіча “Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?”

Лятучы ўніверсітэт запрашае на чарговую лекцыю з цыкла публічных лекцый “Urbi et Orbi”. 2-га лістапада з прамовай да «Гораду і Свету» зверніцца вядомы беларускі філосаф Валянцін Акудовіч.

ЦЫКЛ ПУБЛІЧНЫХ ЛЕКЦЫЙ «URBI ET ORBI»

Валянцін Акудовіч

«Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?»

2 лістапада 2012 годау 18.30

Галерэя «Ў»
(прасп. Незалежнасці, 37а)

Пэўны момант мае патэнцыял стацца падзеяй пры наяўнасці шэрагу су-падзенняў. Су-падзенне часава-прасторавых вымярэнняў культуры і асобы, су-падзенне сітуацыі выкліку і мажлівасцяў і гатоўнасці асобы на яго адказаць, су-падзення актуальнасці пытання і трапнасці адказу на яго… Гэта гісторыя пачалася з уласнага «пошуку чалавека ў чалавеку» аднаго беларускага філосафа, а сталася кропкай адліку ў мысленні і дыскусіях многіх беларускіх інтэлектуалаў і падзеяй беларускай культуры.

2 лістапада 2012 года ў цыкле публічных лекцый «Urbi et Orbi» вядомы беларускі філосаф Валянцін Акудовіч — са зваротам «Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?». Лекцыю можна назваць доўгачаканай, бо яшчэ калі толькі«Urbi et Orbi» прадумваліся як адзін з фарматаў дзейнасці Лятучага ўніверсітэта, яны бачыліся як месца, з якога калісьці прамовіць Валянцін Акудовіч. Але для гэтага меў прыйсці адпаведны момант, адпаведнае су-падзенне: будучая лекцыя прэзентуе новую кнігу Валянціна Акудовіча, якая выходзіць ў выдавецтве «логвінаЎ». «Кніга пра Нішто», як назваў яе аўтар, ёсць кульмінацыяй роздумаў, распачатых  у эсэ «Мяне няма» — роздумаў пра Нішто, Адсутнае, у якіх філосаф уступае ў дыялог, спрэчку з усёй папярэдняй філасофскай традыцыяй, ад Парменіда да Гайдэгера і Сартра.

Свой зварот «Гораду і Свету», як і саму кнігу, філосаф пачынае з радыкальнай фразы: «Калі я ў нечым і падобны да Бога, дык у тым, што нас абодвух няма». Што гэта — нігілістычнае сцверджанне ці свядомая правакацыя, якая мае натхняць на роздум, нараджаць мысленне і прыводзіць да станоўчых адказаў? Наколькі сапраўды ў гэтым праяўляецца тая дыялагічнасць тэкстаў Акудовіча, пра якую кажуць эксперты? Дыялагічнасць, якая стварае адкрытую прастору, дае імпульс да дабудоўвання сэнсаў праз тых, хто адважыцца ўступіць у гэтую гаворку пра Нішто?

Каго правакуе Акудовіч? Якога адказу чакае ад «Гораду і Свету»? У інтэрв’ю напярэдадні лектар зазначае: «Філасофія не робіць Свет лепшым (што праўда, і горшым не робіць), яна ўсяго толькі спрабуе яго зразумець адэкватна самому Свету. Да таго ж метафізіка адсутнасці, як і ўвогуле метафізіка, ніколі і не была завязаная на непасрэднае жыццё. Зрэшты, мая лекцыя па азначэнню для тых, у каго ёсць патрэба памысліць Свет як цэлае ці параўнаць сваё бачаннне быцця з маім і крытычна яго адрэфлексаваць. І гэта зусім не пустая справа».

Лекцыя «Метафізіка адсутнасці: як магчыма немагчымае?» распачнецца 2 лістапада 2012 года ў18.30 у Галерэі «Ў» (Мінск, прасп. Незалежнасці, 37а). Перад лекцыяй у кнігарні «логвінаЎ» можна будзе набыць новую кнігу філосафа — «Кнігу пра Нішто».

Уваход вольны!

Анлайн-трансляцыя лекцыі

Інтэрв’ю Валянціна Акудовіча