“…Цяжка знайсці яшчэ нейкую гістарычную тэму, да такой жа ступені сфальсіфікаваную навуковай і папулярнай літаратурай ці проста ўтоеную ад народа. Цяпер ад гісторыка, паводле Ў.Пічэты, патрабуецца рэвізія па ўсім фронце,” – пісаў у прадмове да сваей кнігі “Невядомая вайна” слынны гісторык Генадзь Сагановіч. Мажліва, таму ён канцэнтруе ўвагу аўдыторыі “Urbi et Orbi” на тэме вайны 1654-1667 гг. – паводле аўтара, самай трагічнай у гісторыі нашага народу.
Кожная вайна нясе разбурэнні, знішчэнні і смерць. Аднак апрача дэмаграфічных і матэрыяльных стратаў, якія звычайна падлічваюцца, ад вайны заўжды моцна цярпела само грамадства акупаванай зямлі, яго інстытуты і нормы.
Як выжывалі жыхары даўняй Беларусі, апынуўшыся пад панаваннем чужой улады? Як простае імкненне выжыць мяняла паводзіны індывідаў? Што лічылася “здрадай” і як да яе ставіліся? Якім чынам працяглае жыццё ва ўмовах вайны дэфармавала грамадства?
Адказы на гэтыя пытанні можна пачуць на публічнай лекцыі “Беларусь як акупаванае грамадства: стратэгіі выжывання ў XVII ст.” – дарэчы, апошняй ў сезоне 2011-2012. 22 чэрвеня (пятніца), Галерэя Ў. Пачатак а 18.30. Уваход вольны!