Доска объявлений

ЛЕТНЯЯ ШКОЛА-2012 «Лятучы ўніверсітэт: цяжкасці росту і перспектывы развіцця» (19-22 ліпеня)

| 14.05.2012

Паважаныя выкладчыкі і слухачы Лятучага ўніверсітэта!

Scole — гэта месца вольнага часу і месца развіцця. Летняя школа Лятучага ўніверсітэта — гэта прастора, дзе ўсе, хто захоплены ідэяй стварэння ўніверсітэта ў Беларусі і ўключаны ў дзейнасць Лятучага ўніверсітэта, маюць магчымасць разам асэнсаваць і ацаніць пройдзены шлях, выявіць праблемы, пазначыць перспектывы і не толькі. Летняя школа — гэта магчымасць лепш пазнаць і зразумець адзін аднаго, убачыць новыя магчымасці і нечаканыя ідэі, магчымасць пашырыць і ўмацаваць універсітэцкую супольнасць, якая з’яўляецца асновай развіцця любога ўніверсітэта.

Першая Летняя школа была прысвечана агульным пытанням стварэння ўніверсітэта ў Беларусі. Каму ў Беларусі патрэбны ўніверсітэт і хто можа яго ствараць? Як спалучаць у сабе штучнасць стварэння і натуральнасць развіцця? Чым павінен займацца ўніверсітэт — яго місія і прызначэнне?

Прайшоў год, які быў напоўнены важнымі падзеямі: больш за 15 лекцыйна-практычных курсаў і асобных «школ», серыя публічных лекцый «Urbi et Orbi», Арганізацыйна-дзейнасная гульня, першыя крокі да стварэння Савета, пляцоўкі ў Магілёве і Брэсце, некалькі даследчых груп і інш. Кола людзей, уцягнутых ў жыццё Лятучага універсітэта, пашырылася ў некалькі разоў, з’явіліся новыя ідэі і прапановы. Паступова вымалёўваюцца контуры нашага ўніверсітэта будучыні.

Тэмай Летняй школы — 2012 стане наш рух ад ідэі да яе ўвасаблення і рэалізацыі. Развіццё ўніверсітэта цесна звязана з засваеннем і прысваеннем не толькі самой ідэі, але ўключэннем у вырашэнне праблем на ўзроўні самаарганізацыі.

У праграме Летняй школы-2012 годзе плануецца некалькі фарматаў працы і камунікацыі:

1. Рэфлексія і праграмаванне далейшага развіцця Лятучага ўніверсітэта

Даклады і агульныя дыскусіі, у якіх будуць падведзены вынікі Лятучага ўніверсітэта, пазначаныя праблемы і перспектывы, а таксама прапанаваныя ідэі для далейшага развіцця. Даклады і дыскусіі будуць тычыцца наступных тэм (папярэдне):

  • Агульны ход разгортвання праграмы Лятучага ўніверсітэта
  • Упраўленне ўніверсітэтам (Савет, універсітэцкая супольнасць)
  • Гульня і яе месца ва ўніверсітэце
  • Унівэрсытэцкая адукацыя, яго прылада (мадэлі і ідэі для ўжывання)
  • Даследчая і навуковая праца
  • Лятучы ўніверсітэт у кантэксце агульнай сітуацыі ў сферы адукацыі і навукі

*На сенняшні дзень даклады для абмеркавання і дыскусіі гатовы прадставіць Уладзімір Мацкевіч, Ірына Дубянецкая, Таццяна Вадалажская, Андрэй Ягораў, Юрый Анушкін і інш.

2.«Адкрытая кафедра» — магчымасць для кожнага з удзельнікаў летніка правесці лекцыю, дыскусію, трэнінг або майстар-клас для ўсіх астатніх удзельнікаў. Гэты фармат дае магчымасці:

  • Прапанаваць слухачам і выкладчыкам універсітэта тэму ці праблему для далейшай сумеснай даследчай, аналітычнай або канцэптуальнай працы
  • Прадставіць вынікі ўласнай аналітычнай або даследчай працы
  • Прадставіць або анансаваць адукацыйны курс лекцый або семінараў для праграмы Лятучага ўніверсітэта
  • Арганізаваць абмеркаванне той праблемы развіцця Лятучага універсітэта, якая раней яшчэ не абмяркоўвалася.

«Адкрытая кафедра» будзе арганізавана па прынцыпе баркэмпаў: удзельнікі заяўляюць гатоўнасць правесці лекцыю, майстар-клас і г.д.., Агульны спіс прапаноў прадстаўляецца публічна, каб усе астатнія ўдзельнікі вызначыліся са сваім жаданнем паслухаць-паўдзельнічаць, а затым складаецца зручны графік правядзення ўсяго, што сустрэла падтрымку і знайшло сваіх слухачоў.

3. Клуб і культурна-спартыўна-забаўляльная праграма.

Летняя школа-2012 будзе праходзіць 19-22 ліпеня 2012 г. у Беларусі, для ўдзелу Вам неабходна да 15 чэрвеня 2012 г. адправіць заяўку.

Удзел у Летніку прадугледжвае ўнёсак у памеры 10 даляраў ад кожнага — гэта дазволіць нам уключыць элемент субсідыярнасці ў арганізацыі нашых агульных мерапрыемстваў.