Доска объявлений

URBI ET ORBI: публічная лекцыя Ўлада Вялічкі “ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ І ЕЎРАПЕІЗАЦЫЯ БЕЛАРУСІ: Mission (im)POSSIBLE!”

| 25.04.2012

У кожнага з нас ёсць рэчы, адносна якіх мы можам сказаць “нам не ўсё роўна”. Для кагосьці гэта дзеці, кар’ера, заробак, курс даляра, кошты на прадукты… Для кагосьці – зневажанне правоў чалавека, выкананне несправядлівых прысудаў, узровень і якасць адукацыі, лёс нацыі, будучыня краіны… Гэтае “не ўсё роўна” вызначае нашыя паводзіны адносна праблемаў, якія мы выдзяляем як прыярытэтныя. І тое, якім чынам мы вырашаем гэтыя праблемы, паказвае, наколькі беларусаў можна назваць грамадзянскай супольнасцю і еўрапейскай нацыяй.

27 красавіка ў цыкле публічных лекцый Urbi et Orbi чалавек, якому “не ўсё роўна”, што адбываецца з краінай зараз і якая будучыня чакае Беларусь, — грамадскі дзеяч, старшыня міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” Улад Вялічка заклікае нас да асэнсавання феноменаў “грамадзянская супольнасць” і “еўрапеізацыя” у кантэксце беларускіх рэалій.

Лекцыя называецца правакацыйна: “Грамадзянская супольнасць і еўрапеізацыя Беларусі: Mission (im)POSSIBLE!”. Значная колькасць беларусаў нават не ведае, што такое грамадзянская супольнасць, а пры слове “еўрапеізацыя” адразу ўяўляе, як нас нехта цягне ўступаць у Еўразвяз. Калі дадаць да гэтага стэрэатыпы і міфы, якія транслююць газеты і тэлебачанне, сітуацыя выглядае даволі сумна. Але нават пры ўсіх гэтых умовах лектар кажа пра “моцны патэнцыял” нашай краіны: “Калі Беларусь выцягнуць з глыбокай замарозкі – то працэсы, якія будуць развівацца ў краіне, будуць развівацца пад уплывам грамадзянскай супольнасці  – людзей, якім ёсць, што прапанаваць”.

Што можа выцягнуць краіну з “глыбокай замарозкі”? З каго складаецца грамадзянская супольнасць і што гэтыя людзі могуць прапанаваць для будучыні Беларусі? Як беларусам стаць нацыяй і што прывядзе беларускае грамадства да разумення сябе еўрапейцамі?

Як адкажа Улад Вялічка “Гораду і Свету” на гэтыя патынні — запрашаем даведацца 27 красавіка ў “Арт Сядзібу” (вул. Куйбышава, 22, ГД “Гарызонт”, 2-гі паверх). Пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Online-трансляцыя лекцыі

Вашай увазе інтэрв’ю Улада Вялічкі