Доска объявлений

6 сакавіка ў Галерэі “Ў” адбудзецца адкрытая дыскусія пра Універсітэт

| 01.03.2012

Музычныя творы запісваюць у нотах, але музыка існуе ў выкананні.

Мастацкія творы запісваюцца ў тэкстах, але літаратура не існуе без чытання.

Ідэі ж існуюць толькі ў крытыцы і абмеркаванні.

6 сакавіка, а 18.00 у Галерэі Ў адбудзецца адкрытая дыскусія пра ўніверсітэт.

Падставай для абмеркавання і крытыкі стаў выхад у студзені 2012 года кнігі Уладзіміра Мацкевіча і Паўла Баркоўскага «Універсітэт: дыскусія пра падмуркі». Гэта першая кніга ў кніжнай серыі Лятучага універсітэта «Universitas Ludens».

Сабраныя пад адной вокладкай тэксты двух філосафаў прадстаўляюць два розныя погляды, якія задаюць рух да пошуку адказу на пытанне: «Якім быць сучаснаму Універсітэту ў Беларусі?». Аўтары дзеляцца не толькі сваімі разважаннямі пра ідэю Універсітэта, але і прапануюць хады і рашэнні па яго рэалізацыі ў Беларусі. Змест кнігі задае шэраг тэм і пытанняў, палемічных па сваёй сутнасці, якія патрабуюць крытыкі і абмеркавання з боку тых, хто зацікаўлены ў ажыццяўленні ідэі ўніверсітэта ў сучаснай Беларусі.

У рамках дыскусіі плануецца абмеркаваць:

• будучыню універсітэцкай адукацыі ў святле актуальных яго рэформаў у Беларусі;

• неабходнасць стварэння адукацыйнага і навуковага цэнтра ў Беларусі як адказу на выклікі і праблемы сучаснага грамадства;

• жыццяздольнасць спалучэння класічных элементаў універсітэцкай мадэлі з інаватыўнымі, якія прэтэндуюць на рэалізацыю новага эканоміка-інфармацыйнага ўкладу

• сумяшчальнасць элітарнага і эгалітарнага падыходаў у рамках універсітэта

Разам з аўтарамі кнігі пра падмуркі ўніверсітэта дыскутуюць: Андрэй Лаўрухін (Дэпартамент філасофіі ЕГУ), Міхаіл Гусакоўскі (Цэнтр праблем развіцця адукацыі БДУ), Дзмітрый Карпіевіч (Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы), Мікалай Сямёнаў (Інстытут тэалогіі БДУ). Вядучы — незалежны эксперт Уладзімір Дунаеў.

6 сакавіка, 18.00, Галерэя Ў: пр-т Незалежнасці, 37 а

On-line трансляцыя дыскусіі

Запрашаем  усіх зацікаўленых!