Кожная нацыя мае сваю прастору культуры… У гэтым сэнсе беларускую культуру можна ўявіць такой калекцыяй нашых здабыткаў, традыцый, візуальных, вербальных твораў і іншых рэчаў і з’яваў, якія маркіруюць нас як беларусаў і дапамагаюць зразумець, асэнсаваць свае месца ў свеце.
Да прыкладу – колер… Што колеры могуць сказаць пра нас, нашае гістарычнае і сучаснае? Дамы, тралейбусы, нашае адзенне…– усе гэта неяк пафарбавана…. Але наколькі каларыстыка нашага асяроддзя грунтуецца, падпітваецца традыцыяй? Якім колерам аддавалі перавагу продкі сучасных беларусаў і чаму? Як праяўляюцца ўзаемасувязі паміж колерам і нашай культурай, колерам і рэлігіяй, колерам і нашай ментальнасцю… Як увогуле можна працаваць з колерам, намінуючы яго як “нацыянальны маркер”?
У межах цыкла публічных лекцый “Urbi et Orbi” дызайнер, паэт, культурны дзеяч Міхал Анемпадыстаў, шукаючы адказаў на гэтыя пытанні, стварае і дэманструе свой адметны спосаб працы з такой фактурай, як “беларуская рэчаіснасць”, “традыцыйная культура”, “культура беларускасці”. Каментуючы намер публічна распавесці пра гэта на лекцыі, мастак кажа: “…Сэнс захавання традыцыі не ў тым, каб карыстацца рэчамі гэтак сама, як імі карысталіся ў традыцыйным грамадстве. А проста каб ведаць іх каштоўнасць, іхнія ўнутраныя эстэтычныя законы. Каб гэтыя ўнутраныя законы можна было, асэнсаваўшы, выкарыстоўваць. Каб умець стылізаваць іншыя прадукты – візуальныя, архітэктурныя, рэкламныя – стылізаваць паводле нацыянальных каштоўнасцяў”.
Лекцыя “Колер Беларусі” адбудзецца 27 студзеня а 18.30 у “Арт Сядзібе” (вул. Куйбышава, 22, ГД “Гарызонт”, 2-гі паверх).
Online-трансляцыя будзе даступна па спасылцы.
Запрашаем! Уваход вольны.