24 верасня — 2 кастрычніка 2011 года ў Беларусі ў шосты раз будзе праходзіцьТыдзень нефармальнай адукацыі. У гэтым годзе тэматычнай рамкай мерапрыемстваў стала «Нефармальная адукацыя і рэгіянальнае развіццё».
Арганізатарамі тыдня выступаюць:
На працягу апошніх дзесяцігоддзяў у беларускім грамадстве сфармаваўся пэўны попыт на розныя праграмы навучання, накіраваныя на асабістае, сацыяльнае і прафесійнае развіццё, і гэта характэрна не толькі для сталіцы і абласных цэнтраў, але і для малых гарадоў і сельскай мясцовасці. Наколькі нефармальная адукацыя гатова адказаць на запыт грамадства? Якія актуальныя падыходы, інавацыйныя распрацоўкі, кірункі гатова прапанаваць жыхарам абласных і раённых гарадоў? Магчымасці развіцця нефармальнай/дадатковай адукацыі дарослых у рэгіёнах Беларусі на працягу васьмі дзён будуць абмяркоўваць і дэманстраваць прадстаўнікі недзяржаўных, бізнес і адукацыйных структур рознага кірунку.
Арганізатары пастараліся максімальна пашырыць геаграфію мерапрыемстваў. Гомель адкрые Тыдзень НФА выставай «Адукацыя — гэта цікава» (Клубная асветніцкая ўстанова «Кинобункер»). Цыкл з 4-х тэматычных экскурсій пад агульнай назвай «Страчаная Гародня», які правядзе аб’яднанне маладых навукоўцаў «ВІТ», дасць магчымасць жыхарам Гродна даведацца пра малавядомыя факты з гісторыі свайго горада і ўдзельнічаць у стварэнні новых экскурсійных маршрутаў; гісторыка-краязнаўчая тэматыка стане падставай да абмеркавання важных праблем грамадскасці на семінары-практыкуме Ініцыятыўнай групы МП-21 у Вілейцы. Серыю трэнінгаў і тэматычных сустрэч правядуць на базе Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. Куляшова псіхолагі валанцёрскага клуба «Рука дапамогі», прадстаўнікі экалагічнага аб’яднання «ЭНДО», грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў Магілёўскай вобласці.
Пра магчымасці адукацыйных праграм 2011-12 года гродзенцам раскажуць на прэзентацыі прадстаўнікі «Цэнтра інфармацыйнай падтрымкі грамадзянскіх ініцыятыў «Трэці сектар» і аб’яднання маладых навукоўцаў «ВІТ». У Барысаве і Жодзіне каманда экспертаў РГА «БелАЮ», МГА «Фокус-група» і праектаKARIERA.BY запрашаюць маладых людзей навучыцца эфектыўна планаваць сваю кар’еру. А мерапрыемствы Творчай студыі ОН-STUDIO і «Трэнінгавага цэнтра «Квадратны апельсін» (філіял у Магілёве) дазволяць больш падрабязна даведацца пра адукацыйныя паслугі, якія прадстаўляюцца камерцыйнымі арганізацыямі. Семінары, трэнінгі, тэматычныя круглыя сталы, майстар-класы пройдуць таксама ў Смалявічах, Ходасах, Крычаве, Брэсце, Светлагорску, Шчучыне, Маладзечна.
Завяршае Тыдзень нефармальнай адукацыі прэзентацыя ў Гомелі праграмы «Лятучага універсітэта», на якой можна будзе больш падрабязна даведацца пра задуму і ідэю «Лятучага універсітэта», магчымасці ўдзелу ў рэгіянальных семінарскіх курсах. Прэзентацыя пройдзе ў супрацоўніцтве з «Агенцтвам рэгіянальнага развіцця «Стратэгічная думка».
Падрабязная праграма Тыдня НФА-2011
Каардынатар — Святлана Анташкевіч: (+375 17) 270 38 96, [email protected]