«Такога разгрому апазіцыі, як за апошнія паўгады, яшчэ не было«, — такімі словамі пачаў свой каментар для гэтага артыкула лідэр Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч. «У выніку падзеяў снежня 2010 прайгралі ўсе: улада, апазіцыя, народ. Мы адкінутыя на некалькі гадоў назад у сваім развіцці. Пад пагрозай знаходзяцца існаванне дэмакратыі, незалежнасці і еўрапейскага выбару краіны. Калі мы не выпрацуем адзіную стратэгію сваіх паводзін, дык і не станем сапраўдным суб’ектам палітыкі», — лічыць ён.
Прайграць у пасіўным стане можна шмат што: сябе, свае каштоўнасці, сваіх сяброў і паплечнікаў, перамогу ў выбарах і нават краіну. Каб такога не атрымалася, трэба працаваць, і перш за ўсё — інтэлектуальна. Таму, як адзін з вынікаў снежанскіх падзей, у беларускай грамадскай супольнасці нарадзілася «Стратэгія-2012». Амбіцыйны праект на 12 старонак быў народжаны ў нетрах Цэнтра еўрапейскіх трансфармацый — айчыннай фабрыкі думкі. (Ён адразу быў падтрыманы шэрагам грамадскіх аб’яднанняў і лідараў, якія грунтуюцца на базе Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства). Стратэгія паставіла перад грамадзяскай супольнасцю і палітыкамі адразу некалькі задач. Асноўная — перамовы з уладай (дыялог), яна ж падцягвае для вырашэння яшчэ дзве абавязковыя задачы. Гэта і вызваленне палітычных вязняў, і перамога ў выбарах у Палату прадстаўнікоў-2012 кандыдатаў ад дэмакратычнай супольнасці. Усе гэтыя задачы знітаваны, і любая губляе сэнс без ажыццяўлення іншых.
Вось як бачаць сітуацыю, што спарадзіла дакумент, распрацоўшчыкі «Стратэгіі-2012» Таццяна Вадалажская і Андрэй Ягораў: «Карціна, якая склалася пасля 19 снежня 2010 г., выявіла раскол у беларускім грамадстве, што цяжка аспрэчыць. Беларусы – раз’яднаная нацыя. Нацыя, якая зараз не бачыць шляхоў і не мае механізма для пераадолення раскола, механізмаў дасягнення нацыянальнай згоды. У краіне назбіралася шмат праблем у самых розных сферах, рашэнне якіх залежыць ад узгаднення розных інтарэсаў і пазіцый, розных ідэй і ўяўленняў аб мінулым, сённяшнім і будучым беларускага народа і Беларусі.
З якой геапалітычнай прасторай мы будзем звязваць сваё будучае развіццё: з беларускай, еўрапейскай, расійскай, савецкай? З чаго скаладаецца нацыянальная ідэя? Якой павінна быць і як павінна развівацца беларуская культура? Якімі сімваламі мы будзем пазначаць сябе ў свеце? У чым нашыя нацыянальныя інтарэсы?”
Стратэгія-2012 і Дыялог
На сённяшні дзень (травень 2011 г.) шэраг палітыкаў і грамадскіх дзеячоў выказаліся за прыязнае стаўленне да Стратэгіі: акрамя Аляксандра Мілінкевіча, кіраўнік выбарчага штаба Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў. Другія — гатовыя да супрацы: старшыня Аргкамітэта па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімір Навасяд. Зацікаўленыя таксама некаторыя прадстаўнікі БНФ, Рады беларускай інтэлігенцыі.
Але, натуральна, ёсць і тыя, хто падвяргае «Стратэгію-2012» крытыцы. Перш-наперш, крытыкуецца тое, што стратэгія па рэформах у палітчынай сферы з’явілася ў недрах грамадзянскага сектара. Але ідэолаг «Стратэгіі-2012» Уладзімір Мацкевіч лічыць, што калі грамадзянская супольнасць не змагаецца за ўладу, гэта не азначае, што ў яе няма палітычных поглядаў. «Беларускія палітыкі прадстаўляюць нашыя палітычныя інтарэсы блага, — кажа ён, — і таму ў нас ёсць і маральнае, і грамадзянскае права дапамагчы ім у гэтым». «Калі праводзіць паралелі, дык у адукацыі таксама не вырашыць усіх праблем, калі імі будуць займацца адныя настаўнікі. І ні эканамічны крызіс, ні тэракт не адмяняюць актуальнасці і мэты «Стратэгіі-2012″ — пакінуць спадзявацца на вонкавую дапамогу і пачаць лакальна выйграваць на палітычным полі», – лічыць Мацкевіч.
Кансалідацыю ўсіх сіл, нават тых, якія зараз абсалютна бяссільныя перад беларускай уладай і сядзяць моўчкі, падтрымлівае і Мікалай Пачкаеў, аналітык і палітолаг з Вялікабрытаніі. Але пачаткам такога дыялога Пачкаеў бачыць неабходнасць з’яўлення Сілы, якую прэзідэнцкая ўлада не зможа падавіць ці ігнараваць, што і прывядзе да «прымушэння да перамоваў». Гэтая Сіла будзе ў стане кантраляваць свой рэсурс ціску, браць на сябе абавязкі адносна яго (не-) выкарыстаньня. Яна павінна таксама быць здольная ўжываць дастаткова магутныя карныя санкцыі да ўлады ў разе парушэньня дамоўленасьцяў. Такая Сіла стане натуральным лідэрам апазыцыі: бо ўсе, хто жадае мець нейкі голас у тым, што адбываецца, гуртуюцца («прымазваюцца») вакол таго, хто штосьці гарантуе.
Калі ўлада не дасць рады з, напрыклад, нацыянальным страйкам транспарту — будзе дамаўляцца з тымі, хто могуць той страйк спыніць. Або, калі ўлада не дасць рады і стане прымушана шукаць дамоваў з, гіпатэтычна, партызанскай арганізацыяй, значыць, перамовы будуць весціся з тымі, хто аддае загады гэтай арганізацыі. «Відавочна, — лічыць Мікалай Пачкаеў, — з кім вымушаны шукаць дамоўленасьцяў, з тым перамаўляемся, а не з іншым. Такім чынам, «лідэр» аб’яднанай апазыцыі для перамоваў паўстане проста натуральным чынам. Штучны «інжынірынг» яго абсурдны». «Гэта не той, хто здолее «скалаціць» як мага шырэйшую кааліцыю розных палітычных груповак, перамаўцяцца з якімі ўлада не мае партэбы ні разам, ні паасобку. Бо лідэр, — падводзіць вынік Пачкаеў, — гэта не той, хто шукае сабе хаўруснікаў, а той, з кім іншыя шукаюць хаўрусу, і за якім імкнуцца ісці».
Цікава, што з’яўленне такой Сілы ёсць і ў тактыцы дзеянняў «Стратэгіі-2012», толькі што ў самім тэксце яна як элемент не прапісаная. Сіла, а таксама Перамоўшчыкі, і Інтэлектуалы — з’яўляюцца неабходнымі складнікамі рэалізацыі «Стратэгіі-2012». Перамоўшчыкі — гэта тыя, хто згуртуецца вакол «Стратэгіі-2012», або каго гурт вылучыць у якасці такіх, а Інтэлектуалы — непасрэдна распрацоўшчыкі «Стратэгіі-2012», і яе інтэрпрэтатары. І такая Сіла, з пукту погляду Уладзіміра Мацкевіча, павінна быць непахіснай перад любымі зрывамі перамоў з боку ўлады і гатовая адказаць на любыя парушэнні дамоўленасцяў.
Канешне, пытанне з’яўлення Сілы застаецца адкрытым. Францішак Вячорка, міжнародны сакратар Народнай дэмакратычнай партыі «Беларускі Рух» лічыць, што грамадзянскі сэктар без палітычных партыяў і арганізацыяў не ў стане распачаць палітычнага працэсу. «У Беларусі, — на яго думку, – няма паўнавартаснай грамадзянскай супольнасці, і яе пабудова зараз немагчымая». «Акрамя таго, такая Стратэгія замацоўвае падзел, які намеціўся яшчэ даўно у грамадзянскім сэктары і ў партыях, на тых, хто лічыць, што трэба супрацоўнічаць з Лукашэнкам і на тых, хто лічыць, што з ім трэба змагацца. А адказу, што такое супрацоўніцтва патрэбна самому Лукашэнку, пакуль ніхто не даў», — падсумоўвае Вячорка.
Але, напрыклад, з думкі Аляксандра Мілінкевіча вынікае, што ўлада сама пойдзе на супрацоўніцтва, калі працэс яднання вакол Стратэгіі набудзе незваротны характар. І даць рады такому яднанню можа менавіта грамадскі сектар, грамадскія лідары якога ў большасці не маюць палітычных амбіцый, але ўсё больш разумеюць, што без палітычных зменаў ніхто з нас не мае будучыні, а краіна — песпектывы. Тым больш, у трэцім сектары можна знайсці прыклады перамогаў, як невялічкіх, так і большых.
Размовы з палітыкамі і грамадзянскімі актывістамі паказалі, што бачанне ў «дыялогу» менавіта таго, што ўключае гэты тэрмін, у іх вельмі насцярожанае. Слова «перамовы» ў іх каментарах выкарыстоўваецца часцей, чым «дыялог». Але ж вядома, што гэта слова выкарыстоўваецца ў асноўным у сітуацыі, блізкай да нейкіх гарачых дзеянняў, удзельнічаючы ў якіх абодва бакі нясуць невымерна высокія страты, і прадказаць вынікі якіх немагчыма. Перамовы — гэта прызнанне абодвума (ці большай колькасцю бакоў) сілы праціўніка і жаданне павярнуць рух падзей у іншым кірунку. Таму перамовы паміж апазіцыяй і ўладай маглі б адбыцца на працягу 2010 года, калі б апазіцыя шукала кропкі менавіта перамоў, а не громагалосна ставіла ўладзе ўльтыматум. Прычым не маючы за плячыма моцных рэсурсаў уплыву. Параза «выбараў-2010» працягваецца да гэтай пары, і будзе цягнуцца яшчэ, пакуль будуць адбывацца суды. І пакуль не выйдзе апошні палітычны вязень. Магчыма, «Стратэгія-2012» паскорыць гэтыя працэсы.
Палітвязні
Лёс палітычных вязняў абвастрае адносіны, і робіць усе спосабы мягкай дыпламатыі амаральнымі. Згодна меркаванню Льва Марголіна, намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вызваленне палітычных вязняў можа быць прадметам перамоў, але галоўная ўмова: ніякіх іншых перамоў, ні пра выбары, ні пра нешта іншае, пакуль хоць адзін вязень застаецца за кратамі.
Францішак Вячорка таксама «за» абмеркаванне «Стратэгіі-2012», але абачліва: «Трэба вызначацца, што рабіць далей. Але гаварыць пра магчымасць супрацы з уладамі, пакуль адбываюцца суды — амаральна і шкодна. Рэжым будзе ўсяляк падтрымліваць гэты рух, бо ён адцягвае ўвагу ад рэпрэсіяў».
Але Уладзімір Мацкевіч абвяргае такія закіды: «Праціўнікі абвінавачваюць ў тым, што ёсць палітвязні, і таму нельга думаць аб перамовах. Гэта не так, бо жыццё працягваецца ў любым выпадку. Трэба працаваць, каб не дапускаць ў далейшым такой сітуацыі. Таксама неабходна ўлічваць, што група перамоўшчыкаў з уладай павінна быць пад нейкай абаронай, бо супраць іх наўпрост могуць быць прыменены рэпрэсіі. Таму ў самы бліжэйшы тэрмін, на працягу года, трэба настолькі павялічыць сілу грамадзянскай супольнасці, каб яна была здольная да дзеянняў па самаабароне».
Маем: перад структурамі і арганізацыямі, якія падтрымліваюць «Стратэгію-2012», і якія гатовыя пачаць выпрацоўку сярэднетэрміновага плана дзеянняў, стаіць якасна новая задача. Трэба стварыць сістэму, якая ставіць першаснай мэтай вызваленне палітычных вязняў, і ў той жа час такая сістэма не павінна патрапіць у залежнасць ад працэдуры вызвалення вязняў. То бок, не можа хтосьці канктрэтна з суполкі «Стратэгія-2012» стаць дэпутатам толькі таму, што кагосьці канкрэтнага выпусцяць з вязніцы. Бо такім чынам улада і апазіцыя не пераадоляць крытычны водападзел і раскол у грамадстве захаваецца. «Паход» у парламент, так як і выпуск палітвязняў, і дыялог (бачанне Іншага ў суразмоўцы) павінны быць сістэмнымі дзеяннямі.
Выбары
У цэлым, і палітыкі, і грамадзянскі сектар паварочваюцца ў бок «Стратэгіі-2012» як сродка праходу ў парламент альтэрнытыўных уладзе кандыдатаў. Але і у тых, і ў другіх існуюць асцярогі наконт гэтага. Так, напрыклад, Льву Марголіну акцэнт «Стратэгіі-2012» на выбарах у Палату прадстаўнікоў не бачыцца вартай мэтай стратэгіі. «А што, — кажа ён, — калі ўлада наогул адмовіцца ад выбараў, спасылаючыся на цяжкую сітуацыю ў эканоміцы? І стратэгіі канец?» Яшчэ адну акалічнасць адзначыў і Францішак Вячорка: «Улада зробіць усё, каб апазыцыя ўдзельнічала ў выбарах, і прапусціць найбольш лаяльных».
Праваабаронца Таццяна Гацура, прыхільніца «Стратэгіі-2012», кажа, што, на жаль, не бачыць у грамадскага сектара здольнасцяў аб’яднацца. «Хаця, зараз, калі ідуць суды, гэта рабіць самы час. Калі б было такое аб’яднаньне, — кажа Гацура, — я ўпэўнена, што гэта быў бы рэальны суб’ект уплыву, і ў Палату прадстаўнікоў патрапіла б дакладна 5-10 непраўладных асоб».
Што тычыцца працэдуры выбараў, на думку Андрэя Ягорава, зменаў у заканадаўстве перад выбарамі не трэба. Акцэнтавацца варта на атрыманні непахісных гарантый фармавання выбарчых камісій і справядлівага доступу да сродкаў масавай інфармацыі. «Прычым, зразумела, сітуацыя павінна быць створана такая, каб рэжым не мог адмахнуцца ад дамоўленасцяў», — кажа Ягораў.
Трэцяя сіла
Ад ідэі дыялога выйграюць усе: улада — легітымнасць, палітыкі і грамадзянскія структуры — рэальную рэалізацыю сваіх правоў. Але беларусы не змаглі патрапіць у EURONEST, і не ў апошнюю чаргу таму, што не вырашылі, ці павінна там быць 5 прадстаўнікоў улады і 5 — апазіцыі, ці неяк інакш. І EURONEST пачаўся без нашага ўдзелу. Але можа гэта і да лепшага, бо каб нашыя супрацьлеглыя бакі патрапілі ў гэты парламент Усходняга Партнёрства, дык сваімі сваркамі і недагавораздольнасцю, напэўна, выглядалі б няёмка.
Таму, каб патрапіць у структуру, якая па выніках супрацы прапануе еўрапейскія гуманітарныя і тэхнічныя тэхналогіі, еўрапейскае мысленне, універсальныя каштоўнасці і шмат грошай у якасці дапамогі і пазык, трэба навучыцца дамаўляцца яшчэ ў Беларусі, і без арбітра тут не абысціся.
Звычайна ў якасці трэцяга боку ў перамовах выступаюць вялікія маральныя аўтарытэты, накшталт рымскага папы. Прычым аўтарытэты павінны быць такія, якіх не можа спляжыць прапагадысцкая машына. На жаль, у нас бракуе такіх аўтарытэтаў, а тыя сусветныя, якіх шмат, не цікавяцца Беларуссю ў той ступені, каб займацца ёю штодня. Таму цяжар пабудовы дыялога і згоды ў грамадстве кладзецца на плечы беларусаў.
Як ні дзіўна, але мадэль пасярэднічаства, пры якой патрэбна згода ўдзелу ў гэтым працэсе ўсіх бакоў, састарэла. Сыходзячы з цяперашняй мадэлі, дастаткова згоды да перамоў аднаго бока (напрыклад, палітычнай апазіцыі) і перамоўцаў (групы «Стратэгіі-2012»). Група можа выступаць ад імені палітычнай апазіцыі пры кантактах з уладай. Тым больш, што які-ніякі вопыт кантактаў грамадскага сектара і ўлады ёсць — гэта праца Грамадска–кансультатыўнага савета пра Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама ўдзел двух бакоў у Мінскім форуме.
Такім чынам, у ідэале, структура «Стратэгіі-2012» робіцца трэцім суб’ектам у перамовах улады і апазіцыі, своеасаблівым арбітрам, але, хутчэй за ўсё, без замацавання юрыдычных абавязацельстваў. З’яўленне такога трэцяга погляду выводзіць працэс перамоў з рэжыму «талака-таўкатня» у рэжым «талака-справа».
Вынікі
Што мы маем пасля трох месяцаў існавання «Стратэгіі-2012», яе аналіза і вывучэння грамадскай думкі наконт Стратэгіі. Па-першае, відавочна, у большасці палітыкі і грамадскія дзеячы зацікаўленыя ў супрацы над «Стратэгія-2012». Па-другое, існуе шэраг сумневаў наконт гэтага праекта, але ў большасці яны з’яўляюцца з-за таго, што сутнасць «Стратэгіі-2012», яе асноўны мессэдж не данесены да мэтавых груп (інфармацыйнае поле, звязанае з праектам, перакрываюць больш сур’ёзныя падзеі — палітычныя вязні і пераследы). Па-трэцяе, верагода, каб данесці месэдж гэтай Стратэгіі, якая хоча за кароткі тэрмін вырашыць звышякасныя задачы, варта зрабіць яе часткай доўгатэрміновай Над-Стратэгіі (4-5-гадовай).
Тактычныя хібы ў «Стратэгіі-2012» выявілі і тыя, для каго яна стваралася. Так, напрыклад, Леў Марголін зазначыў, што галоўная хіба ў тым, што стваральнікі Стратэгіі не абмяркоўвалі яе з тымі, хто бачыцца асноўнымі выканаўцамі — з палітычнымі партыямі. «Гаворка ідзе менавіта пра этап распрацоўкі, а не пра этап папулярызацыі«, — акцэнтаваў спадар Марголін.
Верагодна, такія супярэчнасці адпадуць, калі, па словах Мілінкевіча, асноўныя палажэнні «Стратэгіі-2012» набудуць другое дыханне. «Цяпер вельмі важна зразумець, — падводзіць вынік лідэр Руха «За свабоду», — што без дэмантажу сённяшняй палітычнай сістэмы ў нас няма перспектываў«. «І кожны павінен навучыцца абмяжоўваць свае інтарэсы дзеля агульнай мэты — дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі, быць адказнымі не толькі на лакальным узроўні ці у вузкім рэчышчы працы, а нашмат шырэй«, — сцвярджае ён.
Магчыма, мы зараз не ў EURONEST, бо не хапіла дзесьці дылога, перамоў. Бачна, што Еўрапейскі Звяз як ніколі гатовы выслухоўваць беларускія прапановы аб супрацоўніцве. Але праблема ў тым (і гэта зазначаюць еўрапейцы), што ў беларускага боку няма выразна артыкуляваных прапаноў і распрацаваных стратэгій, а прапановы, якія гучаць, ідуць паасобку і супярэчаць адна адной. Будзем спадзявацца, што «Стратэгія-2012» стане агульнай выразнай і шырока падтрыманай прапановай, бо гэта прынясе карысць нам усім.