ИССЛЕДОВАНИЯ И АНАЛИТИКА

Дапаможнік па стварэнню нацыянальных герояў

| 15.02.2011

Аляксей Чубат

Што нам рабіць з савецкай гістарычнай спадчынай і як стварыць новых герояў уласнай гісторыі і культуры?

Метадолаг Уладзімір Мацкевіч назваў сваю новаю кнігу “Пераацэнка каштоўнасцей у культуры і гісторыі Беларусі”. Калі карыстацца тэарэтычнай базай кнігі, яна магла б мець і такую назву, як і гэты артыкул. Бо распавядае яна пра тое, як ствараць герояў і што рабіць з савецкай гістарычнай спадчынай.


Як ствараюцца героі?

На думку У. Мацкевіча, тую культуру, якая на сённяшні дзень існуе ў грамадстве, зладзілі ранейшыя мастацкія працэсы. А так, як мастацкая справа некананічная, а якраз наадварот, уся існуючая культура – варыянт мастацкай інтэрпрэтацыі.

Што можна новага сказать сёння пра Францыска Скарыну? Або распавесці пра Кастуся Каліноўскага? Гэтыя постаці нашай гісторыі даследаваныя-перадаследаваныя, пра іх пісалі і кандыдатскія, і доктарскія, здымалі фільмы і нават імем аднаго з іх называлі галоўны праспект краіны.

Скарына і Каліноўскі сталі аднымі з першых персанажаў, якім пашчасціла выйсці з фармальнай гісторыі і з дапамогай журналістыкі, літаратуры, драматургіі, іншых сродкаў мастацва прайсці ініцыяцыю ў героі. Але яны б не змаглі зрабіць гэта без нашых сучаснікаў.

Калі размова ідзе пра Францыска Скарыну, дык яго для нас, такім, якім мы ўяўляем, стварылі Адам Мальдзіс, Аляксей Каўка, Уладзімір Конан, М.А. Алексютовіч ды інш. Вобраз героя Кастуся Каліноўскага мы маем дзякуючы Уладзіміру Караткевічу, Еўсцігнею Міровічу, Аркадзю Куляшову, Адаму Станкевічу.

Калі б гэтыя людзі не прыклалі свайго пяра да гістарычных постацей, не абмалявалі іх у сваіх мастацкіх творах, не прыўнеслі ў іх характары свайго бачання той гістарычнай сітуацыі, і бачання менавіта з таго дня гісторыі, у якім яны пісалі пра герояў, калі б усяго гэтага не было, – мы б ведалі пра Скарыну і Каліноўскага на ўзроўні энцыклапедычнай даведкі. А зараз мы самі можам распавядаць пра іх, глядзець на іх дзеянні праз запатрабаванні сённяшняга часу.

Але ж задача, аб якой гаворыць у сваёй кнізе Уладзімір Мацкевіч, не ў тым, каб павярнуць гісторыю ў залежнасці ад ідэалагічнага ветра. А ў тым, каб беларусы сістэмна і планава пачалі адмаўляцца ад абмярцвелых сімвалаў, якія абцяжарваюць наша жыццё і не спрыяюць руху.

Новыя задачы для беларусаў

Вартасць гэтай кнігі кнігі ў тым, што ў ёй даведзена трывалая тэарэтычная база па інтэрпрэтацыі гісторыі з запатрабаваннямі сённяшнага часу. І нават дадзены прыклады канткрэтным гістарычных персанажаў (Эмілія Плятэр, Астафій Валовіч і інш.), з якімі трэба працаваць. Прапануецца канцэпцыя разглядаць гісторыю Беларусі “як барацьбу народа за свае правы і свабоды”. Але між тым, як працяг працы Мацкевіча, ужо сёння можна акрэсліць тры задачы, вырашэнне якіх магчыма праз сродкі мастацтва ў сённяшняй гістарычнай сітуацыі.

Першая задача – умацаванне суверэнітэта Беларусі. Для таго, каб захаваць свой суверэнітэт, кожная дзяржава, у тым ліку і Беларусь, трымае войска, памежныя службы кантролю. Некаторым дзяржавам, напрыклад, прыходзіцца змагацца з тэрарызмам.

Але не толькі ў гэтых складніках заключаны суверэнітэт. Ён – у гісторыі і ў трактоўцы гэтай гісторыі. Адна справа весці гісторыю Беларусі, зыходзячы з мапаў XX ст., і зусім іншая звярнуцца да мапаў ВКЛ і, далей, да гісторыі Полацкага і іншых княстваў. Чым глыбейшая наша гісторыя, тым больш у нас правоў на нашу зямлю на сённяшні дзень.

Можна назваць гэта гістарычнай вайной, ці інфармацыйнай вайной, але калі дзяржава (і грамадскі сектар) не накіроўвае рэсурсы на папулярызацыю гісторыі, слаба ініцыюе інтэлектуальную ды мастацкую працу (у Мацкевіча гэтыя працэсы называюцца “трансляцыя” і “рэалізацыя”), суверэнітэт будзе пад пагрозай. А ў краін без суверэнітэту няма рэсурсаў, каб іх размяркоўваць, – яны іх просяць у сюзерэна (каб выжыць).

Другая задача – беларуская самаідэнтыфікацыя. Фактычна можна зацвердзіць, што значная частка беларусаў не лічыць сябе прадаўжальнікамі ўсёй беларускай гісторыі, а абмяжоўваецца савецкім вопытам. Гэта бачна і па святах, якія адзначаюцца, і па іншых прыкметах сучаснай масавай культуры, і нават па тым, што Белтэлерадыёкампанія пакуль не ўключыла ў агульнабеларускі пакет літоўскі, польскі ці ўкраінскі канал.

Самаідэнтыфікацыя сябе беларусам – гэта ж не проста пашпарт грамадзяніна, рэгістрацыя па месцы жыхарства і віншаванні ветэранаў на 9 Мая (дададзім яшчэ павярховыя веды пра Беларускую Народную Рэспубліку). Нават веданне гісторыі не азначане аўтаматычнага прыняцця яе і, калі сказаць вобразна, прапускання праз сэрца. Быць беларусам, гэта калі пры прамоўленні слоў Вялікае Княства Літоўскае у чалавека абуджаецца мацнейшая унутраная повязь з беларускім сярэднявеччам. Калі чалавек чуе ВКЛ, і для яго перыяд з XIII ст. да нашых дзён напоўнены тысячамі блізкіх сэрцу падзей, тысячамі беларускіх постацей, цікавейшымі старонкамі гісторыі – і ён усё гэта ведае сваім сэрцам – тады, напэўна, можна казаць пра самаідэнтыфікаванасць.

Трэцяя задача – аднаўленне гістарычнага партнёрства з Літвой і Польшчай. Калі мы кажам пра ўзаемаадносіны Беларусь-ЕС, мы кажам пра супрацу Беларусі і 27 (!) еўрапейскіх краін. І ў той жа час, калі ажыццяўляць канкрэтныя праекты, іх трэба ажыццяўляць з канкрэтнымі краінамі, канкрэтнымі ўрадамі, суполкамі, людзьмі. Цяжка ўявіць сабе, як можна Беларусі наладжваць працу адначасова з гэткай колькасцю краін. Гэта, мабыць, калі ў цэлым казаць пра ўсё, але на прыктыцы рабіць няшмат. Гістарычная повязь нас з Літвой і Польшчай (краінамі, якія ўжо ў ЕС і ў якіх маецца вартасць еўрапейскіх каштоўнацей) дае як мага лепшую глебу да супрацы з імі. Да таго ж, ступень даверу да гэтых краін (ну хіба што яшчэ да Швецыі, якая ўсе апошнія гады робіць агульныя з намі праекты) у беларусаў высокая, што важна.

Калі ініцыятыўныя творчыя суподкі, грамадскія аб’яданні, бізнес-структуры, СМІ, гарадзкія, раённыя і пасялковыя Саветы дэпутатаў возьмуцца рабіць адзін праект у сваёй галіне з Літвой, а другі – з Польшчай, гэта будзе найлепшым сродкам ажыццяўлення культурнай палітыкі беларусізацыі і еўрапеізацыі.

Што рабіць з савецкай гістарычнай спадчынай і савецкімі героямі?

Спрэчным у кнізе У. Мацкевіча бачыцца акцэнт на барацьбе “норм і ўзораў, каштоўнасцей і ідэалаў”, якая адбываецца тады, калі мы пачынаем пераацэньваць каштоўнасці культуры і гісторыі. Часцяком барацьба адымае энергію, якую можна накіраваць на жыццесцвярджальную справу. Эфектыўнеў – рупліва працаваць на нашую будучыню, інтэрпрэтаваць гісторыю з мэтай фармавання лепшага беларускага “потым”. Нам трэба сцвярджаць нашую беларускасць праз мастацтва. На сёння няма ў Беларусі іншай моцнай комплекснай ідэі, акрамя нацыянальнай. Але ж гэта ідэя ўваходзіць у пэўную супярэчнасць з савецкай гістарычнай спадчынай.

Уладзімер Мацкевіч сцвярджае, што “гісторыя аперыруе ведамі і не стварае герояў”. Напрыклад, калі мы наведаем музей Другой Сусветнай вайны, мы ўбачым там рэчы, звязаныя з вайной. І хаця гэтыя рэчы звязаныя з падзеямі вайны як гістарычным досведам, яны ўсё роўна пададзены ў пэўным рэчышчы. Гісторыя, прынамсі, павінна быць аб’ектыўнай, але ў музеі Другой Сусветнай вайны (як і ў іншым музеі), мы бачым як трансляцыю культуры (экземпляры музея), так і яе рэалізацыю (музей як інстытут).

Культурны працэс працягваецца, калі з’яўляюцца фільмы, кнігі, п’есы пра Другую Сусветную. Дарэчы, толькі ў апошнія год-два айчынныя прапагандысты ў падачы вайны сыходзяць не з эстэтычных канонаў 40-50-х гг. мінулага стагоддзя, а пачынаюць падключаць сучасныя сродкі выяўлення. Але робяць гэта вельмі асцярожна, бо, хутчэй за ўсё, інтуітыўна. Дарэчы, адным з цікавых фільмаў сучаснасці, які паказвае вайну не як бітву правых і вінаватых, а як чалавечую трагедыю ўсіх, хто ваяваў, можна назваць фільм “Франц і Паліна”. Зняты па сцэнары нашага Алеся Адамовіча. Гэты фільм цікавы тым, што яго прасякае не супрацьстаенне, а чалавечнасць. І хаця ён распавядае пра жудасці Другой Сусветнай, фільм абуджае не помсту, а гуманізм.

Цікавы прыклад інтэрпрэтацыі савецкай гісторыі ёсць у нашых братоў-літоўцаў. У 2001 г. бізнесмен Вілюмас Малінаускас заснаваў побач з Друскенікамі Парк Грутас. У парку знаходзіцца калекцыя манументаў, створаная за савецкім часам у розных гарадах Літвы. Там можна ўбачыць помнікі Леніну, Сталіну, Марксу, літоўскім камуністам, узоры прапаганды. Прататып дызайна парка ўзяты з ГУЛАГа. Парк Грутас – жыццесцвярджальная канцэпцыя сметніцы гісторыі, калі ніхто не бурыў помнікі, а надаў ім іншы кантэкст. Гэта адзін з варыянтаў таго, што можна зрабіць з савецкай мінуўшчынай, якая затрымалася ў нашых гарадах і вёсках.

Яшчэ менш радыкальны прыклад можна знайсці ў сучаснай Беларусі. У паліклініках на шыльдачках, дзе раней пісалі пра тое, што “для ўдзельнікаў ВАВ уваход ажыццяўляецца ў першую чаргу”, цяпер дапісваюць пра такія ж правы “незаконна рэпрэсаваных грамадзян”.

Падобных прыкладаў павінна быць у сотні разоў больш, і больш маштабных, калі мы ставім мэту пераацэнкі каштоўнасцей дзеля будучыні. Бо няма адзіна правільнай гісторыі, а ёсць яе хада, якая, што б ні казалі артадоксы, мяняе і свет, і людзей. І калі камунізм практычна зрынуў, ён зрынуў.

Таму Беларусі на ўзбраенне трэба браць іншыя, працуючыя жыццесцвярджальныя сімвалы – дэмакратыя, Еўропа, тысячагадовая беларуская гісторыя, – а не корпацца ў зрынутай мінуўшчыне.


ТЭГИ: