Доска объявлений

“Герменэўтыка. Чытанне Бібліі”

| 05.03.2011

Агенцыя гуманітарных тэхналогіяў і ГА Центр сацыяльных інавацыяў

Запрашае да ўдзелу ў семінарах доктара багаслоўя ( PhD, STD ) Ірыны Дубянецкай

“Герменэўтыка. Чытанне Бібліі”

Семінары будут праходзіць кожную сераду на Падворку АГТ-ЦСІ.

Пачатак 2 сакавіка, 2011 г., 18.30.

Што такое тэкст? Чым ён ёсьць для аўтара і чым – для чытача? Што большае (або хто большы), тэкст ці яго аўтар, твор ці творца? Каторы зь іх больш уплывае на няспынны працэс станаўленьня, разьвіцьця й трансфармацыі асобы, культуры або соцыюму? Ці можа ў тэксьце зьмясьціцца сусьвет, які аўтар сьвядома не ствараў? Ці можа чытач разумець тэкст лепш за аўтара? Ці можа сам акт чытаньня надаваць тэксту сэнс? Бо самое жыцьцё ёсьць тэкстам, які кожны жывы і расчытвае, і піша – кожны з сваімі памылкамі ды азарэньнямі, кожны – у сваім непаўторным стылі? Як інтэрпрэтацыя жыцьцёвага досьведу (індывідуальнага, культурнага, цывілізацыйнага ці рэлігійнага) узаемадзейнічае з інтэрпрэтацыяй тэксту? Зразумець тэкст – значыць зразумець нешта істотнае і пра сябе, і пра свой досьвед, а значыцца, атрымаць магчымасьць нешта істотнае ацаніць, узважыць, зрушыць, зьмяніць.

Гэрменэўтыка – гэта навука інтэрпрэтацыі тэксту – і мастацтва інтэрпрэтацыі тэксту. Прапанаваны курс знаёміць з прынцыпамі гэрменэўтыкі найперш праз паглыбленьне ў шматлікія пласты пераплеценых сэнсаў фундамэнтальнага культуратворчага тэксту – Бібліі. Біблія – без сумневу самы інтэрпрэтаваны тэкст (ці, дакладней, корпус тэкстаў) нашае цывілізацыі, на інтэрпрэтацыях якога ўзьнікалі й узьнікаюць шматлікія духоўныя, інтэлектуальныя ды грамадзкія інстытуцыі, школы й традыцыі і які, аднак, не спыняе ўражваць і натхняць усё новыя пакаленьні дасьледчыкаў. Праца з біблейскімі ўрыўкамі дасьць магчымасьць удзельнікам курсу ацаніць мастацкае багацьце, метафорыку й сэнсавую шматмернасьць тэкстаў, іх гістарычна-культурную ды духоўную значнасьць, а таксама й комплекснасьць тэксталагічных, лінгвістычных, гістарычных, багаслоўскіх і інш. праблем іх вывучэньня, што часам мяжуе з немагчымасьцю абгрунтаванага ўзнаўленьня, адэкватнага разуменьня або задавальняльнае інтэрпрэтацыі аўтэнтычнага тэксту.

Для ўдзелу ў семінары неабходна даслаць ліст (да 1 сакавіка) на адрас [email protected] з наступнай інфармацыяй:

·         прозвішча і імя ўдзельніка,

·         месца працы ці навучання,

·         кароткі расповед аб Вашай зацікаўленнасці ці чаканнях,

·         кантактныя тэлефоны і e-mail.

Па пытаннях арганізацыі звяртайцесь да каардынатара:

Яўгенія Буракова, тел. +375 29 3691280