ИССЛЕДОВАНИЯ И АНАЛИТИКА

Краіна на пераацэнцы

| 01.02.2011

Аляксандар Краўцэвіч

Мацкевич В.В. Переоценка ценностей в культуре и истории Беларуси. Мн.: И.П.Логвинов, 2010. – 100 с. (Беларусь для начинающих).

Кніга належыць да серыі “Беларусь для пачаткоўцаў”, скіраванай як да чужых, хто толькі пачынае знаёміцца з Беларуссю, так і да сваіх, хто захацеў мець удзел у лёсе краіны. Мэтай абазначана – урухоміць рэфлексію пра аб’ектыўны змест культуры і гісторыі, а таксама пра магчымасці і ролю навукоўцаў, дзеячаў культуры і мастацтва ў пераасэнсаванні гістарычнай спадчыны і іх месца ў культурным працэсе і грамадскай дыскусіі.

З першых жа старонак пачаткоўцу становіцца зразумелым, што ў працы гаворка не пра вынікі і наступствы пераацэнкі культурных каштоўнасцяў а толькі пра уступ ці пачатак яе правядзення. Адразу ўзнікае пытанне: а на што патрачаныя мінулыя 20 гадоў незалежнасці краіны? Праўда, Аўтар лічыць 20 гадоў мізэрным перыядам у маштабах гісторыі. Аднак бліжэйшыя суседзі беларусаў, у тым ліку украінцы, за той самы мізэрны час правялі сваю пераацэнку і займаюцца цяпер трансляцыяй новых вартасцяў і ідэалаў. Адсюль вынікае другое пытанне: а можа ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь нешта не так?

Вось адна вонкавая прыкмета  Беларусь адзіная посткамуністычная краіна Цэнтральна-Усходняй Еўропы, дзе афіцыйна ўведзеныя дзве дзяржаўныя мовы. (У той самы час нават суседняя Латвія і недалёкая Эстонія, дзе некарэннае насельніцтва па працэнтных суадносінах у два разы большае, маюць адну дзяржаўную мову тытульнай нацыі). Другая прыкмета беларускай анамаліі – грамадская дыскусія тут адбываецца ва ўмовах несвабоды. У ёй выступаюць як незалежныя інтэлектуалы, так і афіцыёзныя аўтары, штучна трыманыя пры жыцці аўтарытарным прарасейскім рэжымам. (Хто б калі чуў пра Якава Трашчанка, калі б яго не рэанімаваў асабіста Лукашэнка?!)

З тэксту кнігі вынікае, што ні Аўтар, ні Крытык нібыта не заўважаюць беларускай “ненармальнасці”, прынамсі, яе ігнаруюць. Тое самае датычыць гістарычных каранёў дыскусіі. Ва Уводзінах прыводзіцца тэза пра беларускую культурную традыцыю як прадмет працяглых спрэчак даўжынёй у паўтары стагоддзі. Аўтар акрэсліў дзве “найбольш традыцыйныя і распаўсюджаныя пазіцыі” у спрэчках пра родавую прыналежнасць беларускай культуры, якія “адносяць беларускую культуру альбо да еўрапейскай альбо да рускай родавай культуры, супрацьпастаўляючы іх адно аднаму”(с. 9 – 10).

Тут здаецца важным і нават абавязковым удакладненне, што адна з названых пазіцый не з’яўляецца ўласна беларускай, толькі расейскай, накінутай акупацыйнай уладай. Таму механічнае перанясенне на беларускую глебу расейскай дылемы “славянафілаў” і “заходнікаў” не надта карэктнае. У 19 ст. дыскусія паміж адэптамі еўрапейскай і расейскай прыналежнасці беларусаў адбывалася хоць у межах публіцыстыкі, але на навуковай аснове (даследаванні мовы, традыцыйнай культуры) і галоўнай яе тэмай быў сам факт існавання беларускага народу. У 20 ст., калі існаванне беларусаў як асобнага этнасу навукоўцы пад сумнеў ужо не ставілі, прарасейскія аўтары, страціўшыя апору ў навуцы, замянілі стрыжань дыскусіі, перавёўшы яе на тэму блізасці беларускай культуры да расейскай. Ва ўмовах Савецкага Саюзу яны трымалі манаполію на праўду і працавалі на маргіналізацыю ды штучнае набліжэнне беларускай культуры да расейскай. Адкрытай дыскусіі ў той час не ўзнікала, бо галасы з эміграцыі на Беларусь не дапускаліся. Прыхільнікі еўрапейскай канцэпцыі ў самой краіне больш маўчалі. Ясна, што не выпадае лічыць нармальнай і свабоднай дыскусію паміж вязнем і наглядчыкам, асабліва калі першаму за нязгоду з апанентам свеціць карцэр.

Аднак вязень можа быць унутрана свабодным і нелегальна перадаваць на волю прадукт свайго мыслярства, хай сабе і замаскаваны дзеля канспірацыі. У 70-я гады 20 ст. група беларускіх гісторыкаў (найперш Зянон Пазняк і Алег Трусаў) пачала рабіць гэта праз здабыццё і публікацыю артэфактаў матэрыяльнай культуры Беларусі 14 – 17 ст., якія адназначна паказвалі на еўрапейскае мінулае краіны. Памятаю, як у 1984 г. падчас дакладу ў Маскве ў Інстытуце археалогіі пад час дэманстрацыі аналагаў беларускім артэфактам з Прагі і Варшавы, з залы пачуўся вокліч: “Так это же Европа!”

Увядзенне карэкцыі на беларускую анамалію шмат што змяняе. Напрыклад, адразу можна даць адказ на рытарычна-правакацыйнае пытанне Аўтара: (с. 19) “Якую гісторыю трэба выкладаць беларускім дзецям: з савецкіх падручнікаў, з падручнікаў першых гадоў незалежнасці ці з падручніка Трашчанка?” Натуральна, з незалежніцкіх падручнікаў (хай тэхнічна і недасканалых).

Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі існуе магчымасць (хоць і абмежаваная) выказвацца абодвум бакам. Аднак падаецца неабходным аддзяліць і развесці дзве плоскасці названай дыскусіі – навуковую і публіцыстычную. Сёння раскол сярод гісторыкаў прывёў да таго, што на Беларусі існуюць дзве гістарыяграфіі: нацыянальная, якая стварае суб’ектную гісторыю краіны і гістарыяграфія каланіяльна-расейская, якая піша гісторыю Беларусі, зыходзячы з інтарэсаў іншай краіны. Яна была зусім заняпала і знаходзілася блізка скону ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, але асабістымі намаганнямі Лукашэнкі (забарона ў 1995 г. “незалежніцкіх” падручнікаў, выдабыццё з нафталіну Трашчанка, цэнзура і ідэалагічны кантроль ва ўніверсітэтах і выдавецтвах) яе рэанімавалі і падключылі да штучнага сілкавання.

Творцаў каланіяльна-расейскай гістарыяграфіі не выпадае прымаць у навуковую дыскусію па той простай прычыне, што свае прапагандысцкія працы яны толькі маскіруюць пад навуковыя. Дыскусія на роўных можа з імі весціся адно ў сферы публіцыстыкі. Інакш вымалёўваецца сюжэт як у апавяданні Шукшына “Зрэзаў”. На падставе ўласных назіранняў вывеў, што навуковай дыскусіі проста не атрымліваецца. Вось два прыклады з практыкі. У Беластоку адзін праўладны гісторык чытаў даклад пра архівы БНР, а потым польскі калега яго спытаў, маўляў, магу зразумець тое, што пан не любіць палякаў, але чаму вы паліваеце брудам беларускіх нацыянальных дзеячаў? Адказам быў рык – маўляў, займаюся гісторыяй 30 гадоў і не дазволю сябе павучаць. Прысутныя калегі з пяці краінаў перажылі лёгкі шок. Другі выпадак. Год назад мы праводзілі ў Менску канферэнцыю, прысвечаную Кастусю Каліноўскаму, на якой паказаўся адзін з ягоных крытыкаў як “паляка і бандыта” з дэкларацыяй падыскутаваць. Пасядзеў, паслухаў, але пасля трох першых дакладаў (паводле архіўных матэрыялаў з некалькіх краінаў), у перапынку ціха выйшаў з залы і больш мы яго не бачылі. Пэўна, архіўных аргументаў у таварыша не знайшлося. Цалкам падтрымліваючы перакананне Аўтара ‑ “пра каштоўнасці трэба і можна гаварыць і дамаўляцца” (с. 35), заўважу, што з прапагандыстамі на службе дамовіцца немагчыма, толькі з іх працадаўцам.

Рызыкую выказаць меркаванне, што беларускія гісторыкі ўжо нямала папрацавалі над пераасэнсаваннем і пераацэнкай мінулага сваёй краіны і нават дасягнулі некаторых поспехаў не толькі ў выпрацоўцы новых каштоўнасцяў, але нават у іх трансляцыі. Напрыклад, інтэлігентнаму чалавеку на Беларусі ўжо не трэба даводзіць, як тое часта здаралася 20 гадоў таму, што Вялікае Княства Літоўскае было (і) беларускай дзяржавай, што Полацкае княства стаяла ля пачаткаў беларускай дзяржаўнасці і г.д.

Прафесійная пераацэнка закранула найперш ключавыя праблемы, ад вырашэння якіх залежыць агульнае разуменне хады гістарычнага працэсу на Беларусі, такія як:

1.  Этнагенез беларусаў (беларусы ‑ не вынік адарвання ад Русі, а прадукт балта-славянскіх кантактаў);

2.  Гісторыя Полацкага і Тураўскага княстваў (не заходнерускія княствы, а першыя беларускія дзяржавы);

3.  Вялікае Княства Літоўскае ў гісторыі Беларусі (не захопнік – дзяржава летувіскіх феадалаў, а чарговы этап беларускай дзяржаўнасці);

4.  Уключэнне Беларусі ў склад Расейскай імперыі (не далучэнне, а акупацыя);

5.  Беларуская Народная Рэспубліка і БССР (першая – сведчанне нараджэння нацыі, другая ‑ вымушаная рэакцыя на першую);

6.  Другая святовая вайна на Беларусі (для беларусаў ніякая не айчынная);

Нашая галоўная праблема заключаецца ў абмежаваных магчымасцях трансляцыі, бо прадстаўнікі суб’ектнай гістарыяграфіі ў значнай ступені адлучаныя ад каналаў уплыву на масавую свядомасць, найперш, аддзеленыя ад сістэмы адукацыі (не дапускаюць нашыя падручнікі, выдаляюць з універсітэтаў або кантралююць працэс навучання і г.д.) Таму, здаецца, варта разважаць не пра ўступ да пераацэнкі, а пра тое, як эфектыўна арганізаваць трансляцыяю (найбольш эфектыўныя сродкі ў кнізе ўжо прааналізаваныя).

Калі казаць пра падыходы і пазіцыі процістаўныя двум асноўным, варта удакладніць, што яны датычацца больш не агульнай цывілізацыйнай арыентацыі, а каранёў: паходжання і назвы сучаснага беларускага этнасу. Іх прыхільнікі не з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі (прынамсі, я такіх не ведаю), надзвычай нешматлікія і знаходзяцца яшчэ далей за нас ад народу.

У другой, больш “канкрэтнай” частцы кнігі (“Дзе шукаць еўрапейскую Беларусь? Еўрапейскія асновы сучаснай Беларусі”), Аўтар выказваецца па некаторых праблемах беларускай гісторыі, прытым, што цікава, адназначна з “праеўрапейскай” пазіцыі. Тым прыемней падыскутаваць з ім па некаторых аспектах. Напрыклад, мне не імпануе мысленне катэгорыямі агульнаўсходнеславянскай культурна-дзяржаўнай прасторы адносна сярэднявечча. Як падаецца, у 13 ст. не існавала “супрацьстаяння двух праграмаў: праеўрапейскай Данілы Галіцкага і прамангольскай, ці еўраазіяцкай, праграмы Аляксандра Неўскага”(с. 75). Абодва бралі ўзоры ў мацнейшых суседзяў – адзін у венграў і палякаў, другі – у татараў. Даніла Галіцкі можа быць (і ёсць) украінскім героям, але не беларускім. Вялікае Княства Літоўскае ён ледзь не задушыў у самым зародку.

Не згодны, што старыя гарады Беларусі Полацак і Віцебск адставалі ад Вільні, Гародні і Берасця ў адстойванні сваіх правоў (с. 79). Наадварот, дзякуючы сваёй сіле, яны захавалі ўласныя традыцыйныя формы самакіравання, якія стагоддзямі рэгулярна пацвярджаліся цэнтральнай уладай. Вільня, Берасце, Гародня і іншыя менш слаўныя гарады не змагаліся за самакіраванне ў форме магдэбургскага права, а атрымлівалі яго ад вялікіх князёў па ініцыятыве апошніх.

Перыяд 13 – 14 ст. – то не час барацьбы за правы і вольнасці. Ішла барацьба з Тэўтонскім ордэнам і цэнтральная ўлада, якая мабілізавала краіну на абарону, здабыла надзвычайныя прэрагатывы ‑ непараўнальна большыя чым у суседніх еўрапейскіх краінах.

Ня згодны, што надышоў час пераглядзець міф пра беларускую талерантнасць (с. 88) Трэба яго толькі расчысціць ад завалу смецця, нанесенага рэжымнымі ідэолагамі. А вось пра Канстытуцыю 3 траўня 1791 г., здаецца, варта грунтоўна паразважаць, як гэты польскі міф укладаецца ў беларускі кантэкст.

Сапраўды, пра каштоўнасці можна і варта дамаўляцца. Усе названыя і многія іншыя праблемы патрабуюць грунтоўнага эвалюцыйнага вывучэння ў межах суб’ектнай беларускай гістарыяграфіі. Гэта ўжо робіцца, будзе рабіцца і ўрэшце атрымае плён. Толькі не варта ўмешваць у гэтую справу рэжымных гісторыкаў- прапагандыстаў.

ТЭГИ: