ИССЛЕДОВАНИЯ И АНАЛИТИКА

Новая кніга Ул. Мацкевіча: Ці трэба беларусам ізноў перапісваць сваю гісторыю?

| 25.01.2011

Аляксей Братачкін для http://budzma.org

У сваёй кнізе “Пераацэньванне каштоўнасцяў гісторыі і культуры Беларусі” Ўладзімір Мацкевіч заклікае беларусаў перапісаць уласную гісторыю.

Калі ўлічыць, як гэта было паказана ў нядаўнім даследаванні Таццяны Астроўскай, што за апошнія дваццаць гадоў школьныя падручнікі па гісторыі Беларусі былі перапісаны тройчы, то ўзнікае пытанне: навошта нам спатрэбілася гэта рабіць ізноў?

Погляд на гісторыю Беларусі з пункту гледжання дэмакратычных каштоўнасцяў

Магчыма, для таго, каб яшчэ раз звярнуць увагу грамадства на важную праблему гісторыі незалежнай Беларусі — праблему яе дэмакратызацыі. Траекторыя постсавецкага развіцця Беларусі (ды і не толькі яе, але і шмат у чым суседніх Украіны і Расіі) стала “аўтарытарнай”, дэмакратычныя працэдуры ператварыліся ў дэкарацыю, неабходную для надання глянцу ўзніклым палітычным рэжымам. Чым абумоўлена такая сітуацыя, чаму гэта стала магчымым? У адной з частак кнігі Ўладзіміра Мацкевіча робіцца спроба зноў вывесці ў публічную прастору праблему “неўспрымальнасці” беларускім грамадствам дэмакратычных каштоўнасцяў.

Як лічыць аўтар, яшчэ ў савецкую эпоху паўстала сітуацыя, наступствы якой мы дагэтуль спрабуем пераадолець: каштоўнасці мадэрнізацыі (шырэй, развіцця) былі прызнаны ўладай і грамадствам, але пры гэтым “каштоўнасці дэмакратыі, вольнага рынка, прыватнай уласнасці і праў чалавека” былі змешчаны ў спецыфічны савецкі кантэкст і скажоны. Сёння мы, у сутнасці, павінны заняцца выпраўленнем гэтай сітуацыі, ці, прынамсі, яе аналізам, раз ужо не атрымалася зрабіць гэта дваццаць гадоў назад, пасля распаду СССР і здабыцці незалежнасці. Адзін са спосабаў прапанаванага аналізу — рэтраспектыўны погляд на беларускую гісторыю як на гісторыю барацьбы беларусаў за ўласныя правы і свабоды.

Ці існуе канфлікт паміж “еўрапеізацыяй” і “беларусізацыяй”?

Сённяшняя Беларусь, у якой, па меркаванні Ўладзіміра Мацкевіча, маштабная “дэсаветызацыя” не адбылася, перажывае яшчэ шэраг паралельных працэсаў, якія змяняюць грамадства: працэс “беларусізацыі” і “еўрапеізацыі”. Дыскусіі з нагоды гэтых змен, якія ўзніклі першым чынам у асяроддзі прадстаўнікоў беларускай культуры, зрабілі відавочнай яшчэ адну важную праблему, пра якую піша аўтар — “каштоўнасці і ідэалы беларусізацыі і еўрапеізацыі пачынаюць супрацьпастаўляцца адзін аднаму — ва ўсякім разе, на ўзроўні індывідуальнага самавызначэння дзеячаў культуры”.

Ці можна вырашыць гэтую супярэчнасць? Хутчэй за ўсё, адказ будзе сцвярджальным, бо тыя каштоўнасці, якія мы сёння лічым “традыцыйнымі” і, нават, у нейкай ступені процілеглымі “еўрапейскім каштоўнасцям”, цалкам паддаюцца крытычнаму аналізу і змене пры ўмове шырокага грамадскага дыялогу, заснаванага на дэмакратычным удзеле прадстаўнікоў розных груп беларускага грамадства. Велізарную ролю могуць адыграць дзеячы беларускай культуры, калі яны зоймуць пазіцыю актыўнага ўдзельніка, “суб’екта”, такога дыялогу.

Быць суб’ектам уласнай гісторыі

Не толькі дзеячы культуры павінны стаць “суб’ектамі” змен, але і астатняе грамадства, калі яно жадае гэтых змен дамагчыся. Доўгі час у нашай гісторыі мы былі пазбаўлены суб’ектнасці, і не толькі тады, калі беларускія землі ўваходзілі ў іншыя дзяржаўныя ўтварэнні, але і пасля здабыцця незалежнасці, калі асноўным “суб’ектам” гісторыі стала ўжо наша ўласная ўлада. Менавіта па яе ініцыятыве галоўным чынам і перапісваюцца сёння падручнікі па гісторыі,

Для таго, каб гэту сітуацыю змяніць, нам таксама неабходна звярнуцца да гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі для пошуку іншых альтэрнатыў. І для таго, каб зразумець — перапісванне гісторыі можа ажыццяўляцца не толькі ў выніку дыктату ўлады, але і ў выніку навуковых даследаванняў, якія дапамагаюць нам пазнаць больш пра мінулае.

Дасягнуць раўнавагі паміж навукай і ідэалогіяй

Невялікая па сваім памеры кніга Ўладзіміра Мацкевіча напісана ў звыклым для яго палемічным жанры і здольная выклікаць не толькі станоўчую, але і крытычную рэакцыю, бо ў ёй даецца свая трактоўка шэрагу працэсаў і падзей беларускай гісторыі і культуры.

Пазначаючы прыналежнасць Беларусі да еўрапейскай прасторы, аўтар піша пра тое, што “мы не вяртаемся ў Еўропу, мы не ўводзім у краіне “чужыя нам” еўрапейскія каштоўнасці. Мы ўспамінаем пра іх пасля двух стагоддзяў азіяцкага паланення, мы нанова іх асвойваем”. Гэты і іншыя тэзы выклічуць спрэчкі хоць бы таму, што ў такіх выказваннях заўсёды цяжка адрозніць навуку ад ідэалогіі, акадэмічны змест ад эмацыйнай рэакцыі. У любым выпадку, кніга Ўладзіміра Мацкевіча будзе цікава ўсім, хто жадае ведаць больш пра інтэлектуальную прастору ў Беларусі і тыя дыскусіі, якія ў ей адбываюцца.

ТЭГИ: