АНАЛИТИЧЕСКИЕ МАТЕРИАЛЫ

З нагоды “моўнае спрэчкі”

| 24.02.2006

Архивирование аналитических материалов Агентства Гуманитарных Технологий сwww.worvik.com

Статья впервые опубликована 11.12.2005

Надрукавана ў часопісе ARCHE № 6 (40) — 2005

“З гэтым трэба нешта рабіць!” – упершыню стаў думаць я напрыканцы 70-х гадоў, вяртаючыся чарговы раз з вакацыяў ва ўніверсітэт у паўночным горадзе, які ў тыя часы называўся Ленінградам. Нядоўгія вакацыі я праводзіў у Гародні, дзе тады ўпершыню праз шмат дзесяцігодзяў у Каложскай царкве адкрылася філія музею рэлігіі і атэізму. Наведаўшы гэты музей, узгадаўшы пра нашую славутую мінуўшчыну, я зноў перавёў увагу на сумную сучаснасьць. Гародня тых часоў адзначала 850 год свайго існаваньня, сваёй гераічнай і шматпакутнай гісторыі. І ў гэты час у Гародні ёсьць добрыя музэі, тэатар, рыхтуецца адкрыцьцё універсітэту. Толькі ні ў тэатры, ні ў вышэйшых навучальных установах не гучыць беларускае мовы, няма ані беларсукай газэты, аніводнай беларускай школы. Гародня ўяўляла сабою звычайны савецка-расейскі горад сярэдніх памераў. Калі русіфікацыя дясягнула такіх памераў у заходняй, на чвэрць польскай Гародні, то што робіцца ва ўсходняй Беларусі? “З гэтым нешта трэба рабіць!” – думаў я, і нават напісаў ліст з гэтымі думкамі самаму знакамітаму з тагачасных гарадзенцаў Васілю Быкаву. Я не быў з ім асабіста знаёмы, таму не ведаў, што ў яго самаго ў гэты час вялікія праблемы з уладамі з нагоды тых жа самых думак. Таму я не дачакаўся адказу на свой ліст.

У 70-я гады ў Беларусі па-беларуску не толькі не размаўлялі, а нават і думаць па-беларуску было небяспечна. Быкава, Карпюка і іх сяброў патроху заціскалі за тое, што яны больш думалі і дбалі пра беларускае, а не пра “новую историческую общность людей – советский народ”.
Шмат хто ўжо забыўся пра тыя часы, калі беларуская мова была амаль мёртвай. Калі і сама Беларусь амаль знікла, падавалася нейкай ўяўнай мінуўшчынай, прыкладна такой, як скіфы, сарматы, яцьвягі ці крывічы.
Каб зразумець сучасны стан Беларусі, неабходна памятаць пра Беларусь эпохі Машэрава ці часоў “разьвітога сацыялізму”. Тое, што мы бачым сёньня, у параўнаньні з тымі часамі – гэта цуд, гэты з мёртвых паўстаньне. Пасьля словаў “Жыве Беларусь” больш ня трэба ставіць “?”, а смела можна ставіць “!”. Больш таго, можна проста ставіць кропку, бо яна, Беларусь, сапраўды жыве і не збіраецца паміраць. Толькі, барані нас Божа, забываць пра тое, што яшчэ 25-30 год таму Беларусь была ў стане клінічнай сьмерці.
Мне, напэўна, гэта відаць лепш, чым іншым. Я добра памятаю 70-я гады, памятаю свой сум і жаль з нагоды поўнага заняпаду беларушчыны, а потым я двадцаць год жыў за межамі Беларусі. Я ня бачыў пачатку Адраджэньня ў 80-я гады, нават не ведаў і не здагадваўся пра гэта. Тое, што даходзіла да мяне ў Ленінградзе з беларусскай культуры, не сьведчыла пра наяўнасьць адраджэньня. Збольшага гэта пьесы Аляксея Дударава “Парог” і “Радавыя” ў БДТ, фільм “Белыя росы” з расейскімі акторамі ў галоўных ролях, кнігі Алеся Адамовіча ў суаўтарстве з Даніілам Граніным ды Сьвятланы Алексіевіч, лубочныя “Песьняры”. Не мянялі гэтага ўражаньня ні “Дзікае паляваньне караля Стаха” на шырокім усесаюзным экране, ні цікавасьць выдатных рэжысераў Ларысы Шепіцька ды Элема Клімава да якаснага беларусскага літаратурнага матэрыялу ў фільмах “Сотнікаў” і “Ідзі і глядзі”. Былі, праўда, і невялічкія радасьці, напрыклад, неяк прыдбаў альбом Арлена Кушкарэвіча, ці хтосьці прывозіў з Беларусі новую кніжку Конана ці Падокшына. Нават напрыканцы Перабудовы агіднае ўражаньне ад чарнасоценнай пісаніны Бегуна і Боўша не пераважвалася захапленьнем ад лідэрскіх дзеяньняў Алеся Адамовіча.
Так, мне не пашанцавала ўдзельнічаць на пачатку Адраджэньня. Але ж, лёс літасьцівы, праз гэта я чыстым, незаангажаваным зрокам убачыў вынікі Адраджэньня, калі вярнуўся на Радзіму ў 1994 годзе. Можа таму я бачу ўсё гэта лепш, чым тыя, хто прымаў непасрэдны ўдзел у Адраджэньні, ці тыя, на чыіх вачах Адраджэньне разгортвалася і рабіла невялічкія посьпехі, якія, можа, і не заўважныя як такія, але ж уражваюць, калі бачыш іх у падсумаваным выглядзе.
Трэба, напэўна, узгадаць некаторыя найбольш яскравыя ўражаньні. Напрыклад, навуковая канферэнцыя ў снежні 1993 года, дзе я быў яшчэ “маскоўскім госьцем”, на якой амаль палова выступаў была на беларускай мове. Уражаньне, праўда, трохі змазалася тым, што прафесар Самсонаў аблаяў мяне “маскалём”, я не пакрыўдзіўся, палічыўшы гэты выпадак простай недрэчнасьцю, і патлумачыўшы яго асабістымі рысамі характару прафесара. Другі прыклад: 1994 Гомель, я быў запрошаны выступіць на абласным жнівеньскім педсавеце. Усе гомельскія выступоўцы, пачынаючы ад мэра С. Гальдадэ, гаварылі па-беларуску. Лета 1994 года было пікам беларусізацыі, ўжо з восені пачаўся адваротны працэс. Але ж тое грунтоўнае, што было зроблена да таго часу, ўжо ня зьнікне. Праўда, ня ўсё, што было зроблена, было грунтоўным, было шмат тлуму і сьмецьця таксама.
Як бы мы не ставіліся да стану беларускай культуры сёньня, яе сёньшні стан не йдзе ні ў якое параўнаньне з тым, што было 25-30 год таму.
Прыйдзе час, і на тым грунтоўным, што створана на першым этапе Адраджэньня, як на падмурку, можна будзе працягваць будаваць Беларусь. А што рабіць з тым тлумам? З тымі глупствамі, якія таксама засталіся з тых часоў?
Зараз Адраджэньне перапынена на 12 гадоў. Але ж я не магу лічыць гэтыя 12 годоў толькі заняпадам. Грунтоўная праца працягвалася і працягваецца. Пішуцца кнігі, распрацоўваецца навуковая лексіка, складаюцца вершы. Па-беларуску часам гавораць на навуковых канферэнцыях, усё часьцей на набажэнствах у розных царквах, на дыпляматычным узроўні. Што дадаць да таго, што апошні амерыканскі амбасадар вывучыў беларускую мову і зьвяртаецца да грамадзянаў Беларусі на нашай роднай мове. Ды і я сам пачаў гаварыць і пісаць па-беларуску менавіта ў гэты час. Натуральна, што мой асабісты досьвед і прыклад не пераканаўчы для ўсіх. Тады падлічыце частку беларускамоўнай рэклямы ў параўнаньні з той, што была раней. Не, гэты этап ў беларускім Адраджэньні нельга лічыць цалкам стратным. Проста ён не папулісцкі, беларусізацыя павольна цяче на глыбіні, што не заўжды бачна звонку.
Ў 80-90-я гады беларускамоўная частка агульнабеларускай культуры гадавалася, а зараз яна ўжо канкуруе ў шмат якіх галінах з рускамоўнай. Да пачатку Адраджэньня толькі беларускамоўная мастацкая літаратура і тэатар былі тым сегментам, дзе культурная лідарства безумоўна належала беларускай мове. Сёньня гэта можна назіраць у частцы гуманіратных навукаў, у моладзевай музыцы. У філязофіі беларускамоўныя часопісы і выкладаньне канкуруе з рускамоўным.
Ну, і яшчэ адзін момант мне падаецца істотным, хоць, можа, і праблемным. Гэта тычыцца трасянкі. З’явай якой моўнай рэчаіснасьці трэба разглядаць трасянку? Відавочна, што трасянка гэта не дыялект, не арго, ня слэнг. Гэта варыяцыі маўленьня. Але гэта моўленьне носьбітаў якой мовы? Доўгі час лічылася, што трасянкай размаўляюць носьбіты беларускай мовы ў рускамоўным асяродзі і пры зьмене моўнага субстрату. Здаецца, што апошнім часам трасянкаю загаварылі рускамоўныя жыхары нашай краіны. Руская мова ў Беларусі пачала зьмяняцца пад уплывам беларускай, і гэты ўплыў усё больш мацнее. Інтуітыўнае адчуваньне гэтага працесу сустракаецца шмат у каго, а Ігар Бабкоў сфармуляваў гэтае адчуваньне ў прапанове называць расейскую мову, распаўсюджаную ў Беларусі “руским языком”, менавіта так “руским языком” з адной літарай “с”, у адрозьняньні ад “русского языка”, якім карыстаюцца ў Расеі. Здольнасьць моваў уплываць на іншыя сьведчыць, напэўна, пра жыцьцяздольнасьць гэтых моваў. Хоць па гэтым пытаньні трэба было б дачакацца спецыяльных лінгвістычных дасьледваньняў, ды й, можа быць, патрэбна была б разгорнутая тэарэтычная дыскусія ў беларускім мовазнаўстве і славістыцы.
Калісьці мне давялося сфармуляваць тэзу пра раздзельнае існаваньне моваў і людзей (Особенности национальных отношений на фоне культурных катастроф 1*. “Белорусский климат” №4 1997 http://worvik.com/thinkbel/popuas.htm ). Мовы развіваюцца і эвалюцыянуюць у сваёй рэчаіснасьці, а людзі дзейнічаюць у сваёй. Хоць з гэтых сваіх паралельных рэчаіснасьцяўў яны істотна ўплываюць адзін на аднога. Але ж мовы не лічацца з меркаваньнямі і пажаданьнямі людзей, а людзі часам дзейнічаюць насуперак тэнденцыям развіцця моваў. Гэта як з надвор’ям, яно не залежыць ад таго, як мы яго абмяркоўваем, не залежіць нават ад шаманскіх заклінаньняў. Можа, параўнаньне мовы з надвор’ям падаецца перабольшваньнем, але гэта параўнаньне адлюстроўвае адзіны прынцып. Гэтым прынцыпам я кіруюся ў дачыненьні да моўнага пытаньня ўжо шмат гадоў. (Беларусь: вопреки очевидности. «Культурная политика», 1994, № 0.
http://www.library.by/portalus/modules/belprose/readme.php?subaction=showfull&id=1096215126&archive=&start_from=&ucat=19&category=19) Адначасова я разумею, што асобнае жыццё моваў і людзей па прынцыпу можна канстатаваць у тэорыі ды філязофіі, а калі на практыцы існуе моўная палітыка, то палітіка – гэта ўжо справа людзей. Людзі робяць палітыку, у тым ліку і моўную палітіку. Але і тут трэба адрозньваць паміж сабой палітыку, як такую, і культутрную палітыку, часткай якой трэба разглядаць моўную палітыку. Менавіта гэтаму і быў прысвечаны ўзгаданы вышей текст у часопісе “Культурная палітыка”.
Коратка і проста можна сказць, што пакуль мы каардынуем дзеяньні і намаганьні людзей, уплываем на грамадзскія сувязі, арганізуем супольныя рухі ды выхоўваем дзяцей і моладзь на пэўных каштоўнасьцях і рухаемся праз гэта ў адпаведным накірунку – мы займаемся культурнай палітыкай, у прыватнасьці, моўнай. Іншая справа, калі мы пачынаем падзяляць людзей на прыхільнікаў адных ці другіх каштоўнасьцяў на асобныя супольнасьці, супрацьстаўляць іх адна другой – так мы трапляем у звычайную палітыку. А калі мы робім гэта не вельмі ўдала і карэктна, дык не проста трапляем у звычайную палітыку, а займаемся бруднай палітыкай.
Магу спаслацца на два яскравыя ўзоры таго і другога. Досыць тыповым прыкладам культурна-палітычнае з’явы я прапанаваў бы лічыць завочную камунікацію, якую арганізавала рэдакцыя часопіса “ARCHE” (2004, №5 http://arche.home.by/2004-5/apyt504.htm), а досыць характэрным прыкладам перахода з моўнае палітыкі да палітыкі звычайнай я лічыў бы апошнюю дыскусію летам 2005 года (яна разгарнулася на старонках розных выданьняў, але сайт “Наше мнение” надаваў ёй, здаецца, найвялікшую ўвагу: http://nmnby.org/club/index.html). Менавіта параўнаньне выказваньняў інтэлектуалаў у першым выпадку і ў другім яскрава сьведчыць пра тое, які розны падыход да моўнага пытаньня ў рамках культурнай палітыкі, з аднаго боку, і звычайнай палітыкі, з другога боку. Не стану (можа пакуль) выносіць канчатковы вердыкт па выніках гэтых дыскусіяў, зьвярну ўвагу на некалькі акалічнасьцяў.
Можна ўбачыць розніцу ў дыскурсе і танальнасьці выказваньняў удзельнікаў пазначаных дыскусіяў. Так, Сяргей Панькоўскі ў першай дыскусіі піша: “Таму на пытаньне пра дзьве дзяржаўныя мовы пакуль я б адказаў, хутчэй, «так». Іншая рэч, трэба думаць аб захадах, якія б забясьпечылі рэальнае раўнапраўе дзьвюх моваў, з паступовым ростам прэваляваньня беларускай. Гэта значыць, на мой погляд, у прынцыпе, натуральна, у ідэале галоўнай мовай павінна быць беларуская. Але ігнараваць расейскую, мне здаецца, цяпер проста культурна і палітычна немэтазгодна. І ня трэба сьпяшацца. Рэвалюцыі заўсёды рэч небясьпечная.”
А вось так зазончваецца атрыкул на сайце “Наше мнение”, палітыку які Сяргей Панькоўскі рэдагуе (http://nmnby.org/pub/150805/lingvo.html): “Важно понять, что белорусское общество обречено быть двуязычным, обречено на стигмату культурной трещины. Исходить нужно именно из этого. Возможен ли здесь какой-нибудь удачный симбиоз? Один такой «удачный креольский симбиоз» нами уже получен. С его «формообразующей» фашизоидной трасянкой. Не думаю, что повторный эксперимент будет более удачным. Посему нам необходимо не столько молиться на перспективы «единства», сколько пытаться договориться о минимальных правилах мордобоя. Пусть они будут написаны на двух языках.”
У першым выпадку гаворыцца пра “паступовы рост прэваляваньня беларускай”, а у другім пра тое, “что белорусское общество обречено быть двуязычным, обречено на стигмату культурной трещины”.
Адразу ж падкрэслю, что лічу Сяргея Панькоўскага адным з найбольш разважлівых, грунтоўных, адукаваных мысляроў сярод тых, хто часта з’яўляецца ў медыях. Цалкам пагаджаюся с такімі яго словамі з адказаў на пытаньні часопіса “ARCHE”: “Пытаньне пра нацыянальную мову павінна стаць прадметам шырокай грамадзкай дыскусіі, удумлівай, далікатнай, сьвядома арыентаванай не на разьмежаваньне, а на гатоўнасьць і жаданьне знайсьці ў грамадзтве згоду, больш ці менш кампраміснае рашэньне, на разуменьне таго, што мы — адзін народ, адрозны ад іншых, і сярод нас, «сваіх», павінны імкнуцца з павагаю і дэмакратычна ставіцца адно да аднаго. Адзінства не азначае выключэньня адрозьненьняў. На жаль, цяпер пануючы палітычны стыль накіраваны на здушэньне альтэрнатываў, распальваньне недаверу і супярэчнасьцяў унутры грамадзтва, трактоўку адрозьненьня як варожасьці.” Сапраўды, на жаль! Таму што “пануючаму палітычнаму стылю” аддаюць перавагу ў камандзе, якая пануе на сайце «Наше мнение». Не ведаю, ці належыць да гэтае каманды Сяргей Панькоўскі, Але вось як пра гэта гаворыць Янаў Палескі, сапраўднае прозвішча якога выпадкова таксама Панькоўскі: (“Я отношу себя к команде «кантианцев» по той преимущественно причине, что с ними меня объединяет игра против патологии национального чувства, столь чуждого либерально-демократическому этосу.” І “полагаю, что я не погрешу против командной стратегии”.) Тое, што гэтая “каманда” называецца “канціанскай”, ліберальна-дэмакратычнай, касмапалітычнай і гэтак далей, не робіць яе чымсьці ішым, чым адным з бакоў у супроцьстаяньні, якое адбываецца ў атмасферы “пануючага палітычнага стылю”, які “накіраваны на здушэньне альтэрнатываў, распальваньне недаверу і супярэчнасьцяў унутры грамадзтва, трактоўку адрозьненьня як варожасьці”.
Спрошчаныя філязофіі гісторыі сцьвярджаюць, што супроцьстаяньне палітычных партыяў можна патлумачыць нейкім адным прынцыпам, напрыклад, “стаўляньнем да сродкаў вытворчасці”, ці больш агульнымі эканамічнымі ды ідеялагічнымі катэгорыямі. Практыка ж паказвае, што палітычнае супроцьстаяньне і распальваньне варожасьці паміж рознымі групамі ў грамадзтве можа ўзнікнуць на любой, нават выпадковай падставе. Як парадыйныя свіфтаўскія “тупаканечнікі і востраканечнікі”. Размежаваньне з пабудовай адпаведнай барыкады можа ўзнікнуць паміж праціўнікамі ці прыхільнікамі абортаў з такім жа посьпехам, як і паміж каталікамі і пратэстантамі, паміж лібералістамі і кейнсіянцамі. Асабліва тады, калі гэтаму спрыяе стан палітічнае культуры, тым больш, калі гэтае супроцьстаяньне стымулюецца тымі, каму яно на карысць.
У чым карысьць канфліктаў паміж беларуска- і расейскамоўнымі ў Беларусі? Хто можа быць зацікаўлены ў эскаляцыі гэтых канфліктаў? Можа тыя, хто занепакоеныя сучасным становічшам беларускай мовы ў самой Беларусі? Мяркую, што не. Занепакоеныя сучасным становішчам мовы і яе развіццём зацікаўлены ў тым, пра што Панькоўскі піша ў “ARCHE”: “Пытаньне пра нацыянальную мову павінна стаць прадметам шырокай грамадзкай дыскусіі, удумлівай, далікатнай, сьвядома арыентаванай не на разьмежаваньне, а на гатоўнасьць і жаданьне знайсьці ў грамадзтве згоду, больш ці менш кампраміснае рашэньне, на разуменьне таго, што мы — адзін народ, адрозны ад іншых, і сярод нас, «сваіх», павінны імкнуцца з павагаю і дэмакратычна ставіцца адно да аднаго. Адзінства не азначае выключэньня адрозьненьняў.” Можа быць у варожасьці зацікаўленыя прыхільнікі русіфікаціі? Гэта ўжо хутчэй, але ж не яны удзельнічалі ў дыскуссіі, пра якую вядзецца гаворка. Ніводны з удзельнікаў не пазначаў сябе такім чынам.
Існуе звычайная практыка, амаль са старажытнарымскіх часоў (“падзяляй ды валадар”), яна у тым, што ў палітычных канфліктах, асабліва безвыніковых, у эскалацыі варожасьці зацікаўлены трэці бок, які праз гэта імкнецца замаскіраваць, схаваць сапраўдныя супярэчнасьці.
Мне падаецца, што абвастрэньне моўнае дыскусіі летам 2005 года, гэта тыповы “перавод стрэлак”, як гэта гучыць на чыгуначным жаргоне, каб накіраваць цягнік у нейкім іншым накірунку. Я пісаў пра гэта ў адным з аспектаў (http://worvik.com/news/2005/08/12/34), хоць існуюць і іншыя.
Мне падаецца, што перад інтелектуаламі ў Беларусі, і беларускамоўнымі, і расейскамоўнымі, паўстала катэгарычнае пытаньне: Мы, абодва бакі адзінай супольнасьці, зацікаўленыя ў вербалістыцы і схалястыцы ці, усё ж такі, мы зацікаўленыя у практычным вырашэньні культурнапалітычных праблемаў, у тым ліку і моўнае праблемы?
Калі першае, то мы можам працягваць сварыцца паміж сабой, захоўваючы сёняшні “пануючы палітыны стыль” і дыктатуру. Калі другое, то нам патрэбен дыалёг і, галоўнае, супрацоўніцства і адзінства ў пераадоляньні перашкодаў на шляху вырашэньня культурнапалітычных праблемаў, і моўнай праблемы у тым ліку.
Другое цяжэй. Вербалістыка прасьцей. Што выбіраюць інтэлектуалы?
І чым кіруюцца інтэлектуалы ў сваім выбары? Здаецца, што ў моўным пытаньні беларускія інтэлектуалы нічым не адрозньваюцца ад перапалоханых “обывателей”.
Пры абмеркаваньні будучыні немагчыма кіравацца здаровым сэнсам, статыстыкай ці наіўным рэалізмам. Нагадаю, што калі б нехта ў 70-х прагназаваў лёс беларускае мовы на падставе статыстыкі яе ўжываньня, то, напэўна, вымушаны быў бы лічыць, што ёй засталося існаваць год 10-20. Ні здаровы сэнс, ні статыстыка не маглі прадказаць культурную рэвалюцыю другой паловы 80-х, калі беларуская мова адрадзілася.
Неакантыанец Конрад Лотце казаў: “Тое, што мае быць, з’яўляецца падставай таго, што ёсьць”. Менавіта гэтым прынцыпам вызначаецца стаўляньне інтэлектуала да сучаснасьці, менавіта кіруючыся гэтым прынцапам мы здольныя ўбачыць парасткі будучыні ў сучаснасьці. Наша будучыня звязаная з беларускай мовай, таму і сёньня мы павінны ставіцца да моўнага пытаньня з пункту гледжаньня будучыні. Наш дагляд, наш клопат, наша ўвага найперш патрэбны таму, што павінна квітнець у будучыні. З дзьвюх моваў, распаўсюджаных сёньня ў Беларусі, нашы клопат, дагляд і ўвага належаць беларускай мове.
Толькі не трэба блытаць клопат і дагляд з мітусьнёй і енчаньнем. Енчыць трэба пры пахаваньні, на хаўтурах. Не спешайцеся хаваць тое, што заўтра расквітнее.
*1 VI. Раздельная жизнь людей и языков.
Стало банальным утверждать, что каждое меньшинство вносит свой вклад в богатство страны. Культурное и этническое разнообразие есть благо для народа и неоценимое достояние. Культура жива только в трансляции и реализации себя. Для трансляции нужны преемственность традиции, фольклора, ремесел, образа жизни, нужны семейные связи и длинные цепи семейных поколений, необходимо знание языков. Люди в Беларуси жили отдельно от традиции, от преемственности семей, от языков.
За два века в Беларуси несколько раз сменилась доминирующая конфессия: исчезли автохтонные протестанты, зато стали распространяться харизматические течения, завезенные из Америки, сократилась численность католиков, уничтожено униатство, прекратилась традиция иудейства с хасидизмом после исхода евреев.
Через каждые несколько поколений жители Беларуси начинали говорить на другом языке. Поэтому они с недоверием относятся к свидетельствам прошлого, как чуждым. Да и потребность обращаться к этим свидетельствам почти отсутствует. Крестьянам это не нужно, а длинная цепочки поколений горожан редко превышает два-три звена.
Поэтому утверждение о том, что сто лет назад Беларусь населял тот же народ, что и теперь — весьма сомнительная гипотеза. Во всяком случае, доказать ее будет трудно.

ТЭГИ: