Доска объявлений

Прэзентацыя новай кнігі філосафа Уладзімера Мацкевіча “Пераацэнка каштоўнасцяў у культуры і гісторыі Беларусі”.

| 21.01.2011

Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр сацыяльных інавацый»,

Фонд развіцця прававых тэхналогій,

Асветніцкае грамадскае абяднанне «Фонд Імя Льва Сапегі»

Міжнародны кансорцыумЕўраБеларусь” прадстаўляюць:

Прэзентацыя новай кнігі філосафа Уладзімера Мацкевіча “Пераацэнка каштоўнасцяў у культуры і гісторыі Беларусі”.

У бліжэйшы чацвер, 27 студзеня, а 18.30 ў Галерэі сучаснага мастацтва “Ў” ладзіцца прэзентацыя новай кнігі філосафа Уладзімера Мацкевіча “Пераацэнка каштоўнасцяў у культуры і гісторыі Беларусі”.

Гэтае выданне працягвае серыю “Беларусь для пачаткоўцаў”, якую некалькі год таму  распачалі ў Агенцыі гуманітарных тэхналогій. Як зазначаецца ў прадмове кнігі, “…у нейкім сэнсе мы ўсе пачынаючыя. Як толькі мы заглыбляемся ў нейкія праблемы ці тэмы, мы выяўляем, наколькі мала гэтыя тэмы распрацаваны і на якіх далёкіх падыходах мы знаходзімся ў вырашэнні праблем, што стаяць перад намі”.

Аўтар кнігі запрашае чытача да дыскусіі па спрэчных і балючых пытаннях датычна культурна-гістарычнага самавызначэння нацыі. Тэматыка дыялогу , як падаецца, выступае цэнтральнай у кнізе. Дыялагічнасць тэксту нават структурна падкрэслена наяўнасцю ў кнізе аўтара і крытыка, паміж якімі ідзе гаворка. Дыялог пра культуру, пра тыя каштоўнасці і падставы, на якіх будуецца нашае сёння і заўтра – гэта і дыялог унутры культуры. Дыялог аб тым, як выглядае семіятычная прастора Беларусі: помнікі культуры, назвы вуліц, традыцыі, якія шануем, святы, якія адзначаем… і яшчэ шмат што выступае як рэплікі ва ўнутрыкультурным дыялогу – пра што яны сведчаць? што азначаюць?  Дый і сама кніга выступае як адна з рэплікаў у дыялогу шматгадовых даследванняў і дыскусій.

Праблематыка кнігі ляжыць на скрыжаванні працэсаў еўрапеізацыі, беларусізацыі і дэсаветызацыі, і ў актуальнай гістарычнай сітуацыі датычыць дзвюх супярэчнасцяў: Беларусь еўрапейская і Беларусь савецкая – у якой з краінаў мы будзем жыць?

Самавызначэнне патрабуе папярэдняй рэфлексіі аб’ектыўнага зместу прадстаўленняў пра культуру і гісторыю, але і не толькі: патрэбная рэфлексія магчымасцяў і ролі дзеячоў навукі, мастацтва і культуры ў пераасэнсаванні гістарычнага мінулага, а таксама іх месца і прызначэння у культурным працэсе і грамадскай дыскусіі. Прадставіць культуру і гісторыю такім чынам, каб гэта сталася мажлівым, і есць мэта кнігі, як піша аўтар у прадмове.

Запрашаем далучыцца да дыялогу падчас прэзентацыі, якая пачнецца 27 студзеня а 18.30 у Галерэі “Ў” (пр. Незалежнасці, 37А).