АРХИВ

Цэнтр экалагічнай эстэтыкі ў вёсцы Свіслач Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці

| 01.02.2010

Тезисы к международной научно-практической конференции «Местное развитие на постсоветском пространстве: опыт исследований и проблемы управления»

Минск, 1-2 февраля 2009

Цэнтр экалагічнай эстэтыкі ў вёсцы Свіслач Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці – ўвасабленне ідэі пра дыялектычную сувязь чалавека з акаляючым асяроддзем

Сакава Н. Л.

Суіскальнік вучонай ступені кандыдата філалагічных навук,Беларусь

Час патрабуе ад кожнага чалавека адпаведных намаганняў, каб тэрыторыя, дзе пашчасціла жыць, вызначалася непаўторнасцю.

Адным з першых, падпісаных Прэзідэнтам дакументаў ў 1994 г., быўЗакон ”Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах”(ад 20.10.1994, №3335-Х11), на падставе якога была прынятаПастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь (ад 13.05.1995, №132) ”Аб сцвярджэнні Схемы рацыянальнага размяшчэння асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый Рэспублікі Беларусь”.

Пералічаныя дзяржаўныя акты скіроўвалі ўвагу грамадства на стварэнне Свіслацка-Бярэзінскага нацыянальнага парка да 2000 г. , які паслужыў бы захаванню натуральнага стану прыродных комплексаў і аб’ектаў, што маюць асаблівую экалагічную, гісторыка-культурную і эстэтычную каштоўнасць.

Свіслач месціцца ў незвычайна прыгожым маляўнічым кутку Магілёўшчыны, пры сутоку рэк Свіслачы і Бярэзіны, у цэнтры Беларусі. Па меркаванні некаторых даследчыкаў, тэрыторыя, абвешчаная для стварэння Нацыянальнага парка , з’яўляецца цэнтрам кантынентальнай Еўропы.

Свіслач — паселішча, карані якога вызначаюцца старазапаветным гарадзішчам культуры штрыхаванай керамікі VI-I стст. да н. э. (археалагічны аб`ект “Гарадзішча” – помнік гісторыі і культуры Рэспубліканскага значэння). Спіс папоўніў помнік архітэктуры “Дом Яцко” (27.09. 2005 года), у якім плануецца, акрамя іншага, і арганізацыя выставачнай залы. На чарзе — шэраг аб`ектаў для надання адпаведнага статуса. Свіслач спрадвеку мела таксама і статус цэнтра (княства, воласць, раён). На тэрыторыі вёскі – ваенны помнік як сведчанне выхаду з “Бабруйскага катла” у аперацыі “Баграціён” па вызваленні Беларусі ад фашысцкай навалы.

На пачатку XX ст. у мястэчку, на абмежаванай тэрыторыі ў выглядзе рэк і кіламетровай працягласцю, былі дзве праваслаўныя царквы, каталіцкі касцёл, сінагогі. (Сёння адроджаны прыход Свята-Мікольскай царквы).

Абвешчаны некалі Закон накіроўваў грамадскасць на тое, што асабліва ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі і аб’екты могуць быць выкарыстаны пры ўмове выканання патрабаванняў, прынятых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь: у прыродаахоўных мэтах; у навукова-даследчых мэтах; для маніторынга навакольнага асяроддзя; з мэтай аздараўлення і рэкрэацыйных мэтах; у навучальна-выхаваўчых мэтах.

Закон не быў праведзены да рэалізацыі. Плануецца, што да 2022 года агульная плошча асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый (ААПТ) Беларусі ўзрасце з 6,8% да 9,3% тэрыторыі краіны.

У бліжэйшыя гады плошча ААПТ павялічыцца нязначна: да 2015 года плануецца пашырэнне ААПТ прыкладна на 1,2%: да 8% тэрыторыі краіны.

Да 2015 года таксама плануецца стварыць цэлы шэраг ААПТ з высокім прыродным патэнцыялам для арганізацыі экалагічнагага турызму. У іх ліку ландшафтныя заказнікі«Суражскі», «Свіслацка-Бярэзінскі», «Каскад азёр», водна-балотныя заказнікі «Лебядзіны Мох», «Бярэзіна-Гайна», «Дражбітка-Свіна», «Хаваншчына» і інш. Прапанаваныя новыя тэрыторыі з’яўляюцца месцамі канцэнтраванага распаўсюджвання рэдкіх ахоўваемых відаў, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Грамадская ініцыятыва цікавая не толькі ўласна гісторыяй аднаго населенага пункта, але і перспектывай для развіцця экалагічнага турызму ў кантэксце агульнадзяржаўнай праграмы, што і пацвердзіць прызнанне адметнасці Беларусі ў супольнасці еўрапейскіх дзяржаў.

Іменна з Рагнедай і яе сынам Ізяславам звязана вяртанне да жыцця Полацкага княства. Сёння Полацк афіцыйна абвешчаны культурнай сталіцай краіны. Якраз для абароны межаў Полацкага княства і быў пабудаваны ў XI ст. замак у Свіслачы.

Зыходзячы з гэтага, мы скіроўваем увагу на правядзенне ў жыццё наступных прапаноў:

1. Экалагічны турыстычны маршрут ”Шляхам Рагнеды” (водны і пешаходны).

Водны і пешаходны турыстычны маршрут “Шляхам Рагнеды” (можа стацца міжнародным, ад Заслаўля да Кіева, таксама на Усход і на Захад). Згадка аб водным маршруце была на міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ”Архівы і краязнаўства: шляхі інтэграцыі” (Трускавец, 2003). Турыстычны маршрут будзе падрыхтаваны вучнямі. Яны складалі маніторынгі рэк Свіслачы, Бярэзіны і Дняпра. Пісалі навукова-даследчыя работы. Адметнасць створанага маршрута ў тым, што дзеці Беларусі прымуць непасрэдны ўдзел у яго распрацоўцы. Вяззе — вёска, якая размешчана на р.Свіслач, звязана з лёсам паэта Максіма Багдановіча. Паселішча – адзін са шматлікіх прыпынкаў экалагічнага турыстычнага маршрута з таямнічаю назваю ”Шляхам Рагнеды”. Непадалёку ад вёскі – вядомыя гарадзішчы Зборск і Жужлянка. Цікавымі ўяўляюцца прыпынкі ў вёсках Лапічы, Ліпень, у рабочым пасёлку Ялізава (шклозавод) і інш. Свіслач як цэнтр. (Гэта толькі ў Асіповіцкім р.).

2. Выставачная зала. Арганізацыя мастацкіх выстаў разнастайнай тэматыкі ў “Доме Яцко”. Народны мастак Беларусі Уладзімір Іванавіч Стэльмашонак (бацька Майстра — заслужаны хірург БССР І. М. Стэльмашонак вучыўся ў 20 гг. у Свіслачы) падараваў вёсцы 10 карцін, якія будуць выстаўлены ў зале і паслужаць фарміраванню эстэтычных густаў.

3. Знакавыя месцы Беларусі ў ”BELARUSLAND (міні-карта дзяржавы на мясцовасці з вядомымі замкамі, вежамі, крэпасцямі і г.д.). Каб прыцягнуць увагу турыстаў, неабходна стварыць гэткі ”BELARUSLAND”. Плануецца ўзвядзенне міні-замкаў, міні-крэпасцяў, міні-вежаў на міні-карце Беларусі, панарама якой будзе цудоўна абазравацца з месца, дзе мяркуецца ўзнаўленне замка, г.зн., на гарадзішчы — самым высокім месцы ў ваколіцы.

4Дзіцячы фестываль духоўнай і фальклорнай спадчыны”Перапёлачка” імя Ларысы Александроўскай. Жыццё народнай артысткі БССР і СССР Л. П. Александроўскай, сімвала беларускай нацыі XX ст., звязана таксама са Свіслаччу.

Сёння ў вёсцы размяшчаецца дзіцячы санаторый “Свіслач”. Каля трох тысяч дзяцей штогод прыязджаюць з усяе Беларусі, каб аздаравіцца і адпачыць. На жаль, адсутнічае магчымасць прапанаваць дзецям і іх бацькам наведаць выставу ці правесці прафесійную экскурсію, што садзейнічала б ацаленню душы.

Вусная народная творчасць — усвядомленае асэнсаванне жыцця чалавека праз традыцыйныя беларускія спевы, танцы, гульні і г.д. Народная творчасць і духатворчасць праводзяць усе аспекты жыцця чалавека, дапамагаюць станаўленню асобы.

Свіслач можа стацца цэнтрам для правядзення рэспубліканскага дзіцячага фестывалю духоўнай і фальклорнай спадчыны (не выключана, што яго статус стане міжнародным).

Для фестывалю неабходна стварэнне канцэртнай пляцоўкі. Пляцоўка размесціцца на гарадзішчы, дзе ў мінулыя часы знаходзіўся замак. (Макет аднаго з відаў замка ёсць ў краязнаўчым музеі Свіслацкай сярэдняй школы, яго імітацыя – цудоўная канцэртная пляцоўка). Навучальна-выхаваўчыя ўстановы, нядзельныя школы пры храмах зоймуцца адказнай справай па падрыхтоўцы да фестывалю.

Этапы: І чвэрць — школьныя конкурсы

ІІ чвэрць — раённыя конкурсы

ІV чвэрць — абласныя конкурсы

Улетку (ліпень) — Рэспубліканскі фестываль.

Размяшчэнне канкурсантаў плануецца на базе дзіцячага санаторыя “Свіслач”. Правядзенне фестывалю — 21 дзень (адзін заезд). Гэта будзе Свята Душы, праяўленай у паэзіі, спевах, жывапісе (іканапісе), дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і інш. Дзеці, знаходзячыся ў санаторыі, паправяць сваё здароўе, змогуць належным чынам падрыхтавацца да новых адкрыццяў. Праз пэўны час, калі ў Свіслачы створыцца рэкрэацыйная зона і будуць збудаваны кемпінгі і санаторыі для дарослых, узнікне магчымасць сямейнага адпачынку.

5. Дыярама “Вызваленне Свіслачы”(або “Выхад з «Бабруйскага катла) (Перадача падзей 28-30 чэрвеня 1944 г.; будзе размешчана ў адным з памяшканняў узноўленага замка).

6. Капліца Успення Божай Маці (макет замка ўтрымлівае царкву, капліца будзе мець імя той старадаўняй царквы. Успенскія цэрквы ўзводзіліся ў месцах асаблівага “печалования”. Гісторыя Свіслачы – яскравы прыклад.

Грамадская ініцыятыва “Цэнтр экалагічнай эстэтыкі” каля сямі гадоў на старонках перыядычных выданняў, а таксама праз удзел у рабоце навуковых і навукова-практычных канферэнцый праводзіць думку аб тым, што Цэнтр будзе спрыяць халістычнай адукацыі насельніцтва, каардынаваць многафункцыянальную дзейнасць, якая распачнецца, калі будзе звернута сапраўдная ўвага на названы вышэй Закон і распачата работа па стварэнні рэкрэацыйнай зоны ў цэнтры Беларусі і Еўропы.

Цэнтр экалагічнай эстэтыкі будзе садзейнічаць асвеце насельніцтва праз далучэнне да патэнцыяльнай інфармацыі: культурнай, экалагічнай і сацыяльнай. Прыярытэтная ўвага павінна быць скіравана да дзяцей.

Стварэнне Цэнтра экалагічнай эстэтыкі «РАГНЕДА» у в. Свіслач Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці – увасабленне ідэі пра дыялектычную сувязь чалавека з акаляючым асяроддзем. Чалавек у экалагічнай эстэтыцы – неад’емная частка біясферы і актыўная сіла, што гістарычна пераўтварае яе, а разам з ёю і самога сябе.

Сёння робяцца пэўныя крокі па правядзенні работы па ўстойліваму развіццю населенага пункта ў рамках праграмы ААН і Еўрапейскага Саюза. Асіповіцкі раён абраны ў якасці пілотнай тэрыторыі.

Рэалізацыя вышэй азначанага паспрыяе сцвярджэнню нацыянальнай ідэі, стварэнню дадатковых рабочых месцаў, стабільнасці ў рабоце рэгіёна прамысловай вытворчасці, індывідуальнага прадпрымальніцтва і іншых станоўчых жыццядзейсных і светланосных перспектыў.

Зразумела, што выкладзеныя прапановы прадугледжваюць дзяржаўную падтрымку, звязаную з фінансаваннем, стварэннем пэўных камісій па праектаванні архітэктурных аб`ектаў і распрацоўкай маршрута.